Калінінград: твітэравая анексія
Своеасаблівым адказам чэхаў на «далучэнне» Расіяй часткі ўкраінскай тэрыторыі стала жартаўлівая кампанія за далучэнне Калінінграда да Чэшскай Рэспублікі.
Спачатку было слова. І яно было ў Тwitter. Гутарка пра
наступны пост«Настаў час падзяліць Калінінград, каб нашы чэшскія браты
нарэшце атрымалі выхад да мора». Так было напісана ў арыгінальным пасце
ананімнага польскага карыстальніка. Тым тэкстам у сваім аккаунце падзяліўся
дэпутат Еўрапарламента Томаш Здзехоўскі, выклікаўшы ў чэшскім інтэрнэце кампанію ў падтрымку праекта выхаду
Чэхіі на бераг Балтыкі.
Ідэя прыяднання Калінінграда стала папулярнай, у тым ліку дзякуючы некаторым гістарычным акалічнасцям. Сённяшні Калінінград, Кралавец па-чэшску і Кёнігсберг па-нямецку, быў заснаваны ў XIII стагоддзі крыжакамі ў гонар чэшскага караля Пржэмысла Отакара II. Такім чынам, прэтэнзія Чэшскай Рэспублікі на рэгіён цалкам законная, сцвярджаюць прыхільнікі «анексіі». Прынамсі яна не саступае аргументам Крамля пра анексаваную частку Украіны.
Так ці інакш, услед за пастом еўрадэпутата рушыла лавіна жартаў і розыгрышаў з заклікам «отжать» Калінінград. У інтэрнэце нават прайшоў «рэферэндум» аб далучэнні Калінінграда да Чэхіі, у якім арганізатары заклікалі ўдзельнічаць жыхароў Калінінградскай вобласці.
Вынікі «ўсеагульнага апытання» калінінградцаў агучылі падчас акцыі каля расійскага пасольства ў Празе. «Паколькі Уладзімір Пуцін стварыў прэцэдэнт у міжнародным праве, загадзя абумовіўшы зыход рэферэндуму, мы таксама загадзя ведаем — якіх вынікаў чакаць ад нашага рэферэндуму. Мы чакаем як мінімум 90-працэнтную падтрымку», — сказаў Томаш Котруш, адзін з арганізатараў мерапрыемства.
І не памыліўся. Па выніках «падліку» галасоў аж 97,9% калінінградцаў прагаласавалі за далучэнне сваёй вобласці да Чэхіі. Таксама яны выказаліся за змену назвы горада «Калінінград» на «Кралавец».
Расійская дыпламатыя перформанс праігнаравала. Чаго не скажаш пра амерыканскую. Прадстаўніцтва ЗША ў Празе ў тым жа Тwitter у жарт прапанавала Чэхіі авіяносец для абароны марскіх тэрыторый, якія прылягаюць да Каралеўца.
У каментарах пад тым пастом чэхі віталі падарунак ад амерыканцаў. І тут жа, у асобным чаце, выбралі назву авіяносца і яго капітана. Гэтым капітанам, на думку ўдзельнікаў чата, павінна стаць вядомая мясцовая спявачка Хелена Вондрачкава. У конкурсе назваў карабля перамагла версія «Карэл Гот» (вядомы вакаліст).
Чэшскі міністр замежных спраў Ян Ліпоўскі таксама далучыўся да дыскусіі. Раніцай у Twitter ён апублікаваў наступны тэкст: «Партнёрства з нашымі балтыйскімі суседзямі ніколі не было такім моцным, як пасля анексіі Калінінграда». Дарэчы, у Twitter ужо ўзнік парадыйны акаўнт пасольства Расіі ў Кралаўцы, які паскардзіўся на тое, што расійскія мабільныя перадатчыкі былі адключаны ў Калінінградскай вобласці.
Зрэшты, ёсць чэхі, якія відавочна будуць супраць пашырэння тэррыторыі краіны за кошт анклава на Балтыцы. Пра гэта напісаў былы міністр фінансаў Міраслаў Калаўсек. Ён лічыць, што адзіны чэх, які можа быць сапраўды задаволены тым, што Чэхія не мае выхаду да мора, — гэта міністр абароны, паколькі «ваенна-марскі флот абыдзецца нам даражэй, чым авіяцыя».
Што тычыцца рэакцыі Расіі, то там жарты пра чэшскі Калінінград каментуюць дастаткова сур'ёзна, у ключы тэрытарыяльных прэтэнзій Захаду на адрас Расіі. Так, выданне «Взгляд» назвала прапанову «сумнеўнай правакацыяй». Аднак такі неадэкватны падыход да гумару хутчэй даў кампаніі наконт Калінінграда — Кралеўца дадатковы імпульс.
Свае пяць капеек па калінінградскай тэме, дарэчы, сказалі і польскія дзяржаўнікі. Яны не супраць таго, каб Калінінград перастаў падпарадкоўвацца Маскве. Аднак пры гэтым, як вядома, патрабуюць падзяліць калінінградскі край паміж Польшчай і Чэхіяй. Імі нават ужо намалявана карта раздзела вобласці на дзве паловы. Самі чэхі рэагавалі на гэтую ідэю іранічна.
Зрэшты, да маштабаў апетытаў чэшскіх дзяржаўнікаў польскім яшчэ далёка. У сувязі з жартамі аб далучэнні цяперашняга расійскага Калінінграда да Чэхіі часопіс Denik выявіў, што Прага можа прэтэндаваць і на іншую расійскую тэрыторыю. Прыблізна 150 год таму першаадкрывальнікі архіпелага Зямля Франца Ёзэфа, што знаходзіцца ў Арктыцы, былі таксама карэнныя жыхары чэшскага краю.
«Глабальнае пацяпленне прагрэсіруе. А дадатковых нязручнасцей дадае тая акалічнасць, што ў бліжэйшыя гады давядзецца адключыць кандыцыянер з-за завоблачных цэн на электраэнергію. Але выйсце ёсць — любы, каму стане горача ў нашых шыротах, можа перабрацца на тэрыторыю далёка за Палярным кругам, якая па праве належыць чэхам, мараўцам і сілезцам», — жартуе Denik.
Сапраўды смешна. Але ў кожным жарце, як вядома, ёсць сур'ёзны падтэкст. І тут ён відавочны. Анексуючы чужыя тэрыторыі на аснове сумнеўных рэферэндумаў, каманда Пуціна павінна быць гатовая да негатыўнай рэакцыі ў адказ. Палітыка Расіі можа справакаваць як мінімум іранічныя дыскусіі аб тым, ці павінен той жа Калінінград заставацца часткай яе тэрыторыі.