Кёнігсберг. Калінінград. Каралявец. Дзівосная гісторыя месца, якое прыцягвае пільны геапалітычны позірк
Як правільна называць горад, створаны ў выніку злучэньня трох гарадоў? Ці мела Беларусь шанцы атрымаць свае землі на Балтыцы? Давайце ўважліва разгледзім гэтыя пытаньні.
Задоўга да заснаваньня Кёнігсберга на гэтай зямлі прусаў, што зьяўляліся
балтыйскімі плямёнамі, існавалі шматлікія замкі, кожны зь якіх падпарадкоўваўся Кінігу. Адзін
з замкаў меў назву Тувангстэ, што з прускай мовы можна перакласьці як «сажалка з
дамбай». Да VIII стагодзьдзя Тувангстэ быў нязначнай вёскай, паколькі
міжнародныя гандлёвыя шляхі праходзілі здалёк. Пазьней горад пачаў разьвівацца,
уключаў у сябе паселішча і порт, куды наведваліся вікінгі і купцы з Любека,
якія заснавалі ля замкавых валоў купецкае пасяленьне.
У 1230 г. Тэўтонскі Ордэн заваёўвае Прусію, і ўжо ў 1256 г. на месцы былых замкавых валоў Тувангстэ тэўтонцы ўзьвялі ордэнскі замак пад назвай Стары Горад (Альтштадт). Прусы ўзьнялі паўстаньне праз некалькі гадоў, падчас якога замак быў зруйнаваны. Паўстанцы былі пераможаныя, а новая ўлада Тэўтонскага Ордэна ў 1283 г. аднавіла замак ў даліне пад Шлосбергам. Горад быў названы ў гонар багемскага караля (кёніга) Отакара ІІ Пржэмысла. Кёніг двойчы прымаў удзел у прускіх паходах у складзе Тэўтонскага Ордэна на Балтыйскім моры. Гэта тыя самыя паходы, добра знаёмыя нашым продкам у Вялікім Княстве, калі два ордэны імкнуліся распаўсюдзіць свой уплыў у тым ліку на Панямоньні.
У непасрэднай блізкасьці ад Старога Горада былі заснаваныя Лёбініхт (Ліпнік) у 1300 г. і Кнайпхоф (Кніпава) у 1327 г. Афіцыйна гэтыя тры паселішчы былі злучаныя ў адно толькі ў 1724 г., але пра гэта пазьней. Кожнае месца першапачаткова мела сваю адміністрацыю, умацаваньні, кірмаш і касьцёл. Жыхарамі пераважна былі ўжо немцы, а не балты-прусы. Лёбініхт быў створаны як «Новы Горад» на месцы іншага прускага паселішча. Новы Горад быў найменш магутным з трох гарадоў Кёнігсберга.
Адзін з найбольш уплывовых людзей у дзяржаве Тэўтонскага Ордэна — маршал Ордэна — жыў у Кёнігсбергу з 1330 г. Маршал адказваў за вайну. Нагляд за замкамі, ваенным абсталяваньнем, вытворчасьць зброі, кіраваньне войскам падчас вайны — усё гэта ўваходзіла ў абавязкі маршала.
У 1340 г. горад увайшоў у Ганзейскі зьвяз (гандлёвы зьвяз паўночных нямецкіх гарадоў у ХІІІ-XVI ст. на чале з Любекам).
Напрацягу XIV ст. адбываліся пастаянныя войны між Вялікім Княствам Літоўскім і Тэўтонскім Ордэнам, а таксама Польскім каралеўствам і Ордэнам. Напрыклад, у 1328 г. адбыліся тры паходы тэўтонцаў на ВКЛ. Два зь іх — на Гародню, у 1329 г. была захопленая амаль уся Жамойць. У 1362 г. быў заваяваны Коўна, у 1366 г. адбыўся напад на Полацк. У 1370 г., пры спробе паходу на Кёнігсберг, які ў нас называлі Каралявец (ці ў Польшчы — Крулявец — замак караля), войска Вялікага Княства атрымала вялікую паразу пры Рудаве. У наступнае дзесяцігодзьдзе Ордэн нападаў на Вільню, Беліцу, Берасьце, Полацк, Друю.
Новая вайна распачалася ў 1409 г. пасьля паўстаньня, якое адбылося ў Жамойці. Вялікі князь Вітаўт падтрымаў яго, і ў адказ на гэта Тэўтонскі Ордэн зьдзейсьніў напад. Пасьля вялізнай паразы пад Грунвальдам у 1410 г., паводле пагадненьня Першага Торуньскага міру ў 1411 г., Тэўтонскі Ордэн быў вымушаны плаціць кантрыбуцыі Польскаму каралеўству, што прывяло тэўтонцаў да мяжы фінансавага краху. Таму Ордэн, як сувэрэн, спаганяў дадатковыя падаткі з прускіх і ганзейскіх гарадоў. Прускія гарады паўсталі супраць улады Ордэна і заснавалі ў 1440 г. Прускую канфедэрацыю (якая афіцыйна мела назву «Ліга супраць гвалту і несправядлівасьці»).
Выбухнула і сялянскае паўстаньне ў 1441 г. Пасьля гэтага Пруская канфедэрацыя адмовілася ад паслухмянасьці Вялікаму Магістру як патрону, і разам са сваім лідэрам Гансам фон Байзэнам падпарадкавалася каралю Польшчы і вялікаму князю ВКЛ Казіміру Ягелончыку ў 1454 г. Пачалася вайна.
Пасьля Трынаццацігадовай вайны (1454 – 1466) Прусія была падзеленая ў 1466 паводле Другога Торуньскага міру. Кёнігсберг застаўся ў частцы Прусіі, якая знаходзілася пад кіраваньнем Тэўтонскага Ордэна. А другая частка Прусіі — Заходняя — называлася Каралеўская Прусія і ўключала ў сябе тэрыторыі гістарычнай Памераніі. Добраахвотна падпарадкавалася польскаму каралю. Назва «Каралеўская» адрозьнівала яе ад астатняй ордэнскай дзяржавы, якая стала Герцагствам Прусія. Пасьля страты Марыенбурга (Мальбарка) у 1457 г. замак Кёнігсберг стаў рэзідэнцыяй Вялікага магістра Тэўтонскага Ордэна. Калі Вялікі магістар Людвіг фон Эрліхсгаўзэн прыехаў у горад, усё паселішча стала цэнтрам ордэнскай дзяржавы.
У 1511 г. вялікім магістрам Тэўтонскага Ордэна быў абраны Альбрэхт І Брандэнбург з дому Гогенцолерн, пляменьнік вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога. Каб мець магчымасьць адмовіцца ад прысягі на вернасьць польскаму каралю і вялікаму князю літоўскаму, як і папярэднія вялікія магістры, Альбрэхт шукаў падтрымкі ў імператара Сьвятой Рымскай імперыі Максыміліяна І. Аднак той у 1515 г. прыняў рашэньне аб абарончым і шлюбным зьвязе з Ягелонамі і заявіў, што больш не будзе падтрымліваць Тэўтонскі Ордэн у Прусіі. Пачалася вайна Ордэна з Польшчай. Праз чатыры гады пасьля беспасьпяховае вайны, у 1525 г., вялікі магістар Альбрэхт з дому Гогенцолерн увёў Рэфармацыю ў ордэнскую каталіцкую дзяржаву і скончыў Кавалерыйскую вайну з Польшчай па Кракаўскай дамове. Ордэнская дзяржава пераўтваралася ў сьвецкае герцагства, якое Альбрэхт прыняў у валоданьне ад польскага караля. Герцагства (альбо княства) Прусія існавала з 1525 па 1701. Кёнігсберг быў сталіцай.
Альбрэхт пагадзіўся на феадальны суверэнітэт Польшчы. У 1525 г. у Кракаве была праведзеная цырымонія амажу герцага Альбрэхта каралю Жыгімонту Старому. Тэўтонскі Ордэн, які выбраў новага магістра, працягнуў сваё існаваньне, аднак істотнай ролі ўжо не меў. Прусія была першым княствам у Эўропе, якое перайшло ў пратэстантызм (лютэранства). Ідэю такога пераўтварэньня ў асабістай размове Альбрэхту даў Марцін Лютэр. Гэта прывяло да адкрытага адрыву герцагства ад каталіцкага касьцёла і Ордэна.
Пры Альбрэхце, які кіраваў больш за 40 гадоў, быў перыяд культурнага росквіту дзяржавы. Гэтаму безумоўна спрыяў прыём уцекачоў-пратэстантаў з ВКЛ. У 1544 г. герцаг Альбрэхт заснаваў універсітэт у Кёнігсбергу. За час яго кіраваньня была праведзеная грашовая рэформа пад кіраўніцтвам Мікалая Каперніка, што стварыла адзіную валютную зону ў ВКЛ, Прусіі і Польшчы. У сувязі з тым, што герцагства распаўсюджвалася толькі на ўсходнюю частку Прусіі, Альбрэхт і яго пераемнікі мелі тытул «герцаг у Прусіі», а не «Герцаг Прусіі».
Нашчадак Альбрэхта — Альбрэхт Фрыдрых памёр у 1618 г., не пакінуўшы сыноў. Новым герцагам стаў Ёган Сігізмунд Брандэнбургскі, муж яго дачкі. Гэты герцаг да сваёй сьмерці у 1619 г. пасьпеў стварыць новую дзяржаву — Брандэнбург-Прусія са сталіцай у Бэрліне са згоды караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы. Такім чынам, Брандэнбург і Прусія былі зьвязаныя асабістай вуніяй з 1618 г., у выніку якой брандэнбургскі курфюрст у якасьці прускага герцага першапачатвова заставаўся верным каралю Рэчы Паспалітай у якасьці васала. Праз некаторы час, у 1657 г., на падставе Велаўска-Быдгашскай дамовы былі разарваныя ленныя адносіны між Рэччу Паспалітай і герцагствам Прусія, якое атрымлівала свой суверэнітэт на гэтай тэрыторыі. Фрыдрых Вільгельм, які падпісваў гэтую дамову ў якасьці герцага, і яго нашчадкі па лініі Гогенцолернаў атрымлівалі ўладу (што цікава, у дамове было прапісана, што ў выпадку, калі Гогенцолерны вымруць, герцагства павінна было вярнуцца да Рэчы Паспалітай).
У 1685 г. у Кёнігсбергу знайшлі прытулак французскія пратэстанты-гугеноты. Перасялілася каля 350 французаў, у горадзе раён іх пасяленьня хутка стаў называцца Французская Штрасэ.
У 1701 г. адбылася каранацыя герцага прускага Фрыдрыха ІІІ у Кёнігсбергу. Герцагства Брандэнбург-Прусія стала называцца Каралеўствам Прусія. А Фрыдрых ІІІ атрымаў павышэньне тытула з «герцаг у Прусіі» на «кароль у Прусіі», зноў жа не кароль Прусіі, бо заходняя частка Прусіі па-ранейшаму з 1466 г. была ў складзе Польшчы. Адпаведна нумар ІІІ у першага караля зьмяніўся на І. Цырымонія каранацыі адбылася 18 студзеня 1701 г. у замку Кёнігсберг. Фрыдрых дабраўся да ўрачыстай залі, атрымаў карону і каранаваў сябе ўласнай рукой. Пасьля гэтага прысутныя перайшлі да пакояў каралевы, дзе Фрыдрых асабіста каранаваў і яе. Цырымонія каранацыі суправаджалася шыкоўнымі ўрачыстасьцямі: на палацавай плошчы простым людзям раздавалі манэты коштам 6000 талераў, смажаных валоў і 4000 літраў пеністага віна з двух фантанаў. Завяршыў дзень цудоўны фэерверк. Далейшыя сьвяткаваньні зацягнуліся на вясну. Пазьней агульны кошт каранацыі быў ацэнены ў шэсьць мільёнаў (гадавы дзяржаўны бюджэт складаў чатыры мільёны талераў). Афіцыйнае прызнаньне кароны было зроблена, паводле дамоўленасьці, спачатку Аўгустам II, толькі ў якасьці караля Польшчы (а не Вялікага князя літоўскага, бо ВКЛ адмовілася ад прызнаньня). Пасьля гэтага караля Прусіі прызналі імператар Сьвятой Рымскай імперыі, кіраўнікі Даніі, Англіі, Масковіі, Нідэрляндаў. У сваю чаргу Папа Рымскі і французскі кароль Людовік XIV адмовіліся гэта рабіць, як і каралі Гішпаніі і Швэцыі.
13 чэрвеня 1724 года тры гарады — Стары Горад, Кнайпхоф і Лёбеніхт — былі аб'яднаныя ў горад Кёнігсберг. У тым жа годзе ў Кёнігсбергу нарадзіўся, напэўна, самы вядомы гараджанін — філёзаф Імануіл Кант, які ніколі ў жыцьці не пакідаў яго.
Каралеўства Прусія разам з Кёнігсбергам было акупаванае расейскімі войскамі напрацягу вялікай еўрапейскай вайны 1758-1763 гг. Толькі ў 1764 г., калі Расея ўжо была саюзнікам Прусіі, Рэч Паспалітая пад націскам прызнала Прускае каралеўства. Пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай 1772 Заходняя Прусія была адарваная ад нашае дзяржавы і перайшла да Каралеўства Прусія. Толькі з гэтага моманту каралеўства фактычна ахапіла ўсю Прусію. Фрыдрых ІІ змог называць сябе «каралём Прусіі».
Каля 1800 Кёнігсберг быў адным з найбуйнейшых нямецкіх гарадоў з насельніцтвам 60 тысячаў. У Бэрліне для прыкладу жылі 170 тысячаў чалавек, у Мюнхене — 30, у Франкфурце-на-Майне — 50.
У чэрвені 1807 г. французскія войскі Напалеона разрабавалі Кёнігсберг пасьля паразы прускага войска. А грамадзяне павінны былі назьбіраць вялізную кантрыбуцыю. У ліпені таго ж года ў замку спыніўся Напалеон. Пасьля сыходу французаў у Кёнігсбергу пачалася рэарганізацыя і перабудова Прусіі. У тым жа годзе дзьве правінцыі — Усходняя і Заходняя Прусія — былі аб'яднаныя ў правінцыю Прусія са сталіцай у Кёнігсбергу.
На працягу ХІХ ст. адбывалася стварэньне аб’яднанай Нямецкай дзяржавы. У 1834 г. быў заснаваны Нямецкі мытны зьвяз, у 1867 г. — Паўночнанямецкая канфедэрацыя, якая была створаная як ваенны зьвяз. У 1871 г., пасьля таго, як паўднёвыя нямецкія землі на чале з Баварыяй прынялі рашэньне далучыцца да Паўночнанямецкай канфедэрацыі на чале з Прусіяй, была створаная Нямецкая Імперыя (Нямецкі Рэйх). Імператарскі тытул для караля Прусіі быў нададзены ў Вэрсалі, каля Парыжа, 18 студзеня 1871 г. Выбар месца быў відавочна вельмі прадуманым. Пасьля паразы Францыі ў вайне з Прусіяй 1870-1871 гг. прускае кіраўніцтва абрала Люстраную галерэю Вэрсальскага палацу, таму што роспісы яе столі ўслаўлялі ў тым ліку і заваёвы нямецкіх земляў Францыяй. Французскі народ успрыняў гэтую цырымонію як прыніжэньне. Гэта прывяло да варожасьці паміж народамі на дзесяцігодзьдзі. (Як вядома, французы адпомсьцілі немцам — у 1919 г. там жа была падпісаная Вэрсальская мірная дамова пасьля Першай сусьветнай вайны). Першым імператарам (кайзерам) стаў кароль Прусіі пад імём Вільгельм І.
Вэрсальская мірная дамова аддзяліла Ўсходнюю Прусію ад асноўнай часткі Нямецкай імперыі праз польскі калідор, што прывяло да абвастрэньня эканамічных праблемаў рэгіёна пасьля Першай сусьветнай вайны. Гэтая паласа зямлі была ў складзе Польшчы да пачатку Другой сусьветнай вайны. У Вэрсальскай дамове было ўзгоднена, што Польшча павінна забясьпечыць бесперашкодны чыгуначны, карабельны, паштовы, тэлефонны і тэлеграфны рух праз калідор.
Пасьля нападу Нямеччыны на краіну Саветаў, ужо 23 чэрвеня 1941 г. савецкія самалёты зрабілі некалькі бамбардзіровак Кёнігсберга. Са стратай аэрадромаў і праз хуткае прасоўваньне вэрмахта бамбардзіроўкі неўзабаве спыніліся. Да жніўня 1944 г. сталіца Ўсходняй Прусіі была пазбаўленая ад паветранай вайны, дзякуючы свайму перыферыйнаму месцазнаходжаньню. 1 жніўня брытанскія ВПС пачалі налёты на Кёнігсберг. Вялікая частка горада гарэла некалькі дзён. Цэнтр — Стары Горад, Лёбеніхт і Кнайпхоф — быў амаль цалкам зьнішчаны. Каля 200 тысячаў жыхароў Кёнігсберга сталі бяздомнымі і каля 5 тысячаў страцілі жыцьцё. Са 100 тысячаў жыхароў, якія засталіся ў горадзе пасьля заваёвы яго Саветамі ў красавіку 1945 г., каля трох чвэрцяў памерлі да вясны 1947 г., у асноўным ад голаду, хваробаў і зьнясіленьня. Кёнігсберг за сваю гісторыю быў заваяваны толькі двойчы: падчас Сямігадовай (1756-1763) і Другой сусьветнай вайны.
На 1 верасьня 1945 г. у горадзе яшчэ жыло каля 68 тысячаў немцаў, у сярэдзіне лістапада 1946 г. іх было 39 тысячаў. У кастрычніку 1947 Сталін аддаў загад аб дэпартацыі ў савецкую зону акупацыі (пазьней Нямецкая Дэмакратычная Рэспубліка), якая адбылася ў 1948 г. Да 1951 г. немцы былі амаль цалкам выгнаныя з Кёнігсберга.
Пасьля пацьверджаньня сваіх прэтэнзіяў падчас Патсдамскай канферэнцыі ў 1945, СССР 17 кастрычніка 1945 г. афіцыйна далучыў Паўночную і Ўсходнюю Прусію да сваёй тэрыторыі. А 7 красавіка 1946 г. далучыў яе да РСФСР.
У 1946 Кёнігсберг быў перайменаваны ў Калінінград. Гэта адбылося праз месяц пасьля сьмерці Міхаіла Калініна, аднаго з заснавальнікаў чырвонага тэрору. Усе астатнія гарады і вёскі Ўсходняй Прусіі таксама былі перайменаваны на камуністычны капыл. Адразу пасьля вайны чырвонае кіраўніцтва ўзялося за перазасяленьне гэтага рэгіёну, і беларусы былі ў ліку самых першых і масавых перасяленцаў. У 1946 г. выехала каля 2500 сем’яў калгасьнікаў. Разам з гэтым галоўны беларускі камуніст Панцеляймон Панамарэнка пачаў укладваць у вушы Сталіну ідэю аб перадачы навастворанай Калінінградзкай вобласьці Беларусі. Ён аргументаваў гэта тым, што пасьля вайны эканоміка Беларусі зьнішчаная ўшчэнт, і Беларусі патрэбнае выйсьце да мора, каб палепшыць становішча. Таксама быў ужыты аргумент аб прыглядзе беларусаў за літоўцамі і латышамі, у выпадку іх верагоднай нелаяльнасьці новым чырвоным гаспадарам. Сталіну нібыта нават спадабалася такая ідэя, але пытаньне вырашылі крыху адкласьці. Аднак у 1948 г. Панамарэнка трапіў на пасаду ў Маскву, і больш гэтыя пытаньні не былі ўзьнятыя. Каралявец-Кёнігсберг-Калінінград застаўся да гэтага часу ў складзе Расеі.
Захаваны аўтарскі правапіс