«Беларускі КДБ пачаў чыстку ў сілавых структурах на прадмет лаяльнасці да Расіі»

Ці сапраўды Еўропа стаіць на парозе новай эскалацыі з боку Расіі? Наколькі рэальна ўступленне ў вайну беларускай арміі? І ці ёсць шанцы ў расійскіх войскаў супраць NATO? На гэтыя пытанні ў эфіры youtube-канала «Фейгін LIVE» адказаў украінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў.

Вайна ва Украіне працягваецца ўжо больш чатырох месяцаў, і пытанне ўдзелу ў ёй беларускай арміі па-ранейшаму стаіць рубам.

На мінулым тыдні сітуацыя напалілася. Аляксандр Лукашэнка чарговы раз адправіўся ў госці да Уладзіміра Пуціна, дзе перагаворшчыкі зрабілі шэраг ваяўнічых заяў. Перакрыццё Літвой у рамках санкцый ЕС часткі чыгуначнага транзіту ў Калінінград было названа абвяшчэннем вайны. Беларусі былі абяцаны «Іскандэры-М» з ядзернымі боегалоўкамі. У дадатак пайшлі чуткі аб тым, што расійская армія можа атакаваць Сувалкскі калідор — сухапутны ўчастак паміж Калінінградскай вобласцю і Беларуссю, які злучае Літву і Польшчу.

Ці сапраўды Еўропа стаіць на парозе новай эскалацыі з боку Расіі? Наколькі рэальна ўступленне ў вайну беларускай арміі? І ці ёсць шанцы ў расійскіх войскаў супраць NATO? На гэтыя пытанні ў эфіры youtube-канала «Фейгін LIVE» адказаў украінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў.



— Падчас сустрэчы з Пуціным Лукашэнка зноў адзначыўся агрэсіўнай рыторыкай. Гэтым разам — у асноўным у бок Літвы. У бліжэйшыя некалькі месяцаў Беларусь атрымае «Іскандэры-М» з ядзернымі боегалоўкамі. Як гэта ўсё разумець?

— Я так разумею, што Лукашэнка выйграў у Пуціна і гэты раўнд. Раней было агучана, што Беларусь перадасць Расіі боепрыпасы і ўзбраенне, якія яны здымаюць з доўгага захоўвання. І калі Лукашэнка гэта аддае, значыць, ён не плануе ваяваць. Але ўсё роўна верагоднасць уступлення беларускай арміі ў вайну захоўваецца. Па маіх ацэнках, сёння яна 50 на 50.

Трэба разумець яшчэ сёе-тое. Калі Лукашэнка аддае загад на ўварванне свайго войска ва Украіну, то ён адразу становіцца перашкодай Пуціну. Ён будзе яму перашкаджаць…

— Растлумачце.

— Растлумачу. Калі ён аддае загад аб уступленні ў вайну, то далей уступае ў сілу адзіная сістэма забеспячэння бяспекі Саюзнай дзяржавы. І армія пераходзіць пад кантроль генштаба ВС Расіі. Гэтая мадэль была адпрацавана на вучэннях «Саюзная рашучасць» у студзені.

Усё, пасля гэтага Лукашэнка ўжо не патрэбны, ён — перашкода, яго можна спакойна прыбіраць. Армія ваюе пад кіраўніцтвам расійскага Генштаба, Лукашэнка адхіляецца ад улады — любым спосабам аж да... Як нехта сказаў, у Пуціна ў сейфе стаіць трохлітровы слоік «Новичка», ён любога можа пачаставаць.

Часова выконваючым абавязкі дзейнага, хоць і самаабвешчанага прэзідэнта становіцца ўрад ці прэм'ер-міністр. Гэты чалавек садзіцца і хутка падпісвае [астатнія] дакументы аб уступленні ў Саюзную дзяржаву. І сілавая структура пераходзіць пад кантроль Расіі.

— Схема цікавая.

— Яна магчымая толькі ў выпадку, калі Лукашэнка аддасць загад. Пакуль загаду няма, і частка сілавых структур застаецца пад яго кантролем. Дарэчы, нядаўна беларускі КДБ пачаў чыстку шэрагаў сілавых структур на прадмет лаяльнасці да Расіі.

— Не першы раз ужо.

— Так, ён зноў пачаў паляванне на ведзьмаў. Ён пастаянна свае тылы чысціць. І баіцца.

Што тычыцца ядзернай зброі ў Беларусі, то нагадаю: нядаўна там уступілі ў сілу змены ў Канстытуцыю. Яны як раз прадугледжваюць адмову краіны ад бяз'ядзернага статусу.

Але Пуцін таксама недурны чалавек. Навошта яму ўзмацняць Лукашэнку? Перадача «Іскандэраў» з ядзернымі боегалоўкамі калі і адбудзецца, то будзе намінальнай. Расійцы перададуць іх самі сабе. Для NATO гэта не мае ніякага значэння, таму што расійскія «Іскандэры» ў гэтым рэгіёне ўжо ёсць. Год таму іх завезлі ў Калінінградскую вобласць.


— Лукашэнку нявыгадна ўступаць у вайну яшчэ і таму, што яго сілавікі наўрад ці ўзрадуюцца перспектыве сустрэчы з УСУ. Гэта не бяззбройных беларусаў збіваць, тут можна загінуць. А які дурань хоча паміраць? І дзеля чаго?

— Лукашэнка вядзе падвойную гульню, ён ужо дваццаць гадоў водзіць за нос Пуціна. Ён хітрэйшы за яго.
Успомніце, як ён казаў аб неабходнасці ваяваць за Заходнюю Украіну. Сказаў, а потым на сустрэчы з калгасніцамі заявіў, што УСУ галаву адарвуць любому. Любому, хто сунецца ў Украіну. А калі гэта яшчэ будуць і «нацыкі», то наогул страх і жах.

Сярод сваіх ён падагравае антываенныя настроі. Мне здаецца, тут ён выкарыстоўвае сацыялогію, згодна з якой пераважная большасць беларусаў не хоча ўдзелу свайго войска ў вайне. Ён паказвае гэтыя лічбы Пуціну: Глядзіце, калі я зараз дам загад наступаць, у краіне адбудзецца сацыяльны выбух. А армія ў большай ступені ў мяне прызыўная, не факт, што яна не пяройдзе на бок народа. І што вы хочаце? Каб сюды прыбег Захад з грашыма, прывёз Ціханоўскую, і ў нас тут грамадзянская вайна пачалася?

Думаю, гэтым ён Пуціна і палохае. І замест удзелу ў вайне гатовы перадаць расійцам свае ўзбраенні. Я дам зброю, я дам боепрыпасы, усё што ёсць — бярыце. Усе прывязём, усім забяспечым. Базы, аэрадромы, калі ласка, выкарыстоўвайце. Але ўступіць у гэтую вайну... Ну, не магу я.

— Хіба Пуцін не разумее, што яго разводзяць?

— Лукашэнка здолеў стварыць сітуацыю, калі ён ключавая фігура ў краіне. І пакуль ён не аддаў загад, яго нельга прыбіраць. Можна страціць усю Беларусь. Ніхто ў Расіі яшчэ не прыдумаў схему, пры якой Лукашэнку адхіляюць, беларускае войска ўступае ў вайну і падпісваюцца дакументы аб канчатковым стварэнні Саюзнай дзяржавы.

— Цяпер Масква адкрыта пагражае Літве, якая перакрыла частку чыгуначнага транзіту ў Калінінград. Нефармальна абмяркоўваецца магчымасць блакавання марскога порта ў Клайпедзе. Фактычна гэта будзе азначаць вайну.

— Па-першае, расійцы ўжо спазніліся. Там ужо палякі пабудавалі канал у абыход тэрытарыяльных вод РФ. Караблі па гэтаму каналу пачалі хадзіць на мінулым тыдні. Так што Польшчу блакаваць ужо дакладна не атрымаецца.

Што тычыцца Клайпеды, то там размешчана вельмі магутная ваенная групоўка NATO. У Балтыйскім і Паўночным морах. Яны тыдзень таму скончылі вучэнні. У Расіі супраць такой сілы шанцаў няма.
Глядзіце, у Латвіі дзяжурыць ударнае авіяцыйнае крыло, у Літве — танкавы батальён бундэсвера, у Эстоніі — амерыканскі пяхотны полк. Калі трэба будзе там праводзіць таварныя канвоі, NATO іх арганізуе без праблем.
NATO наогул можа стаць папярок Балтыкі, і тады будзе заблакаваны порт Санкт-Пецярбурга. Для Расіі гэта жыццёва важна, таму што з закрыццём транзіту праз Літву адзіная артэрыя забеспячэння Калінінграда — мора.

— Яшчэ абмяркоўваецца захоп расійскімі войскамі Сувалкскага калідора. Магчымая такая сухапутная аперацыя?

— Тэарэтычна можна паспрабаваць. Толькі нечакана гэта зрабіць нельга, выведка загадзя ўбачыць сцягванне войскаў.

Тут справа ў тым, што Расія не можа выставіць сябе ў ролі агрэсара. Пуціну падабаецца вобраз міратворца. Што ён такі белы, пухнаты, што ён за мір, за раззбраенне.

Яму вельмі важна не стрэліць першым у бок NATO. Інакш ён будзе агрэсараў яшчэ і тут, а гэта ўжо зусім іншыя санкцыі. Яго задача — правакаваць, каб першы стрэл зрабіў праціўнік. І тады можа спрацаваць схема, на якую Пуцін спадзяецца. NATO страляе, Расія тут жа аб'яўляе Альянс агрэсіўным блокам, на нас напалі, але Крэмль адразу ж пазначае гатоўнасць да перамоваў.

А ўзровень перамоваў ужо самы высокі. Сусветная вайна, за сталом будуць сядзець сусветныя лідары — Байдэн, Макрон, Шольц. І ніхто ўжо не ўзгадае пра Украіну.

Але NATO сёння дыстанцуецца ад усяго гэтага. Блок заняў такую пазіцыю. Хочаце напасці? Нападайце, зрабіце першы стрэл. І мы вас парвём.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: