Ваенны эксперт: Пуцін будзе рабіць усё, каб прымусіць Лукашэнку рэальна ступіць у вайну
Нельга не заўважаць падрыхтоўку на мяжы беларускіх войскаў да баявога прымянення. З іншага боку, дзеянні Лукашэнкі, напрыклад, перадача боепрыпасаў, не з'яўляюцца лагічнымі для пачатку ўварвання, адзначыў эксперт.
Вельмі верагодна,
што на сённяшні дзень Беларусь рыхтуецца да таго, каб уступіць у вайну. Пра
гэта заявіў ваенны эксперт Алег Жданаў падчас інфармацыйнага тэлемарафона,
паведамляе УНІАН.
"Скажу так: вельмі верагодна, што Беларусь на сённяшні дзень рыхтуецца для таго, каб уступіць у гэтую вайну. У Пуціна сапраўды вельмі шмат рычагоў для таго, каб ціснуць на Лукашэнку. Я думаю, што ён будзе максімальна старацца пазбегнуць гэтага кроку, і прынамсі да першага ліпеня, калі прызначаны саміт АДКБ, магчыма, гэты загад аддадзены не будзе", — распавёў эксперт, і дадаў, што не надаваць увагу падрыхтоўцы на мяжы беларускіх войскаў да баявога прымянення немагчыма.
"З другога боку ён (Лукашэнка) аддае боепрыпасы, і ёсць размовы аб тэхніцы расійскай арміі. Гэта паказвае на адваротнае — бо аддаваць боепрыпасы напярэдадні пачатку ўварвання не зусім лагічна", — адзначыў вайсковы экспэрт.
Жданаў падкрэсліў, што ён пакуль пакідае верагоднасць умяшання 50 на 50, але дадаў, што разумее, што Пуцін будзе рабіць усё, каб прымусіць Лукашэнку рэальна ступіць у гэтую вайну.
Акрамя гэтага ён адзначыў, што Беларусь ужо з'яўляецца удзельнікам гэтай вайны, але адзінае, у чым ўпіраецца Лукашэнка, — гэта задзейнічанне Узброеных сіл Беларусі.
"Краіна сапраўды дала ўсю ваенную інфраструктуру для нападу іншай дзяржавы на Украіну. Адзінае, у чым ўпіраецца Лукашэнка, — гэта апошні крок: адзіны інстытут, які не задзейнічаны ў гэтай вайне, — гэта Узброеныя Сілы Беларусі. Гаворка ідзе аб тым, каб беларускія Узброеныя сілы ўмяшаліся ў гэтую вайну, напаўшы на Украіну", — распавёў эксперт.
Для Пуціна гэта вельмі важны крок, таму што ён дазволіць Расійскай Федэрацыі адкрыць другі фронт, і Украіна будзе вымушаная адцягнуць частку сваіх сіл з усходняга кірунку, падкрэсліў Жданаў.
"Гэта па-першае. І па-другое — іншай задачай Узброеных Сіл Беларусі можа быць спроба прасоўвацца ўздоўж заходняй мяжы Украіны і Польшчы з мэтай пераразання шляхоў забеспячэння нам заходняй вайсковай дапамогі. Вось дзве задачы, на мой погляд, на якіх настойвае Пуцін і прымушае Лукашэнку аддаць загад", — дадаў эксперт.
Галоўная задача Пуціна, адзначыў Жданаў, — гэта каб армія Беларусі сваёй крывёю скавала і адцягнула частку сіл украінскай арміі з іншых напрамкаў, дзе Расія да гэтага часу не можа дасягнуць значных поспехаў.