«Лукашэнка не зможа дамовіцца з Прыгожыным і Кадыравым»

Украінскі ваенны эксперт Міхаіл Самусь у інтэрв'ю «ТСН» ацаніў рызыкі нападу на Украіну з боку Беларусі. На яго думку, цяпер яны ёсць і пастаянна павялічваюцца. І вялікае пытанне ў тым, хто будзе кіраваць «рэгіянальнай групоўкай Саюзнай дзяржавы», аб разгортванні якой паведаміў Лукашэнка.

scale_1200__2__11.webp


— Рызыка паўторнага наступлення праз беларуска-ўкраінскую мяжу ёсць — і яна пастаянна павялічваецца. І калі група Прыгожына, Кадырава і Суравікіна атрымае карт-бланш на правядзенне ўсёй «аперацыі», яны не будуць гандлявацца з Лукашэнкам. Лукашэнка ўмее гаварыць з Пуціным, але я ўпэўнены, ён не зможа дамовіцца з Прыгожыным або Кадыравым.

Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні рэгіянальнай групы войскаў Саюзнай дзяржавы, адпаведна, паводле нарматыўна-прававых дакументаў з гэтага моманту ваенныя сілы Беларусі пераходзяць пад камандаванне рэгіянальнай групы. Я думаю, што гэта камандаванне ажыццяўляе Суравікін, таму што ў яго ў распараджэнні ўсе рэсурсы, якія толькі могуць быць ва ўзброеных сілах.

Таму сёння фармальна УС РБ падпарадкоўваюцца яму. На шчасце, рэгулярнае войска Расіі разбіта, яны цяпер спрабуюць мабілізаванымі закрыць дзіркі, і таму цяпер у іх няма магчымасці хутка сфарміраваць кантынгент на беларускім кірунку. Яны імкнуцца яго сфарміраваць, але пакуль што не выходзіць.

Цяпер у Расіі другая хваля мабілізацыі, потым будзе трэцяя, будуць старацца набраць каля мільёна людзей, але ўсё роўна гэта ўжо будзе мяса. Гэта будзе ўжо не тая армія, якую можна запускаць выконваць нейкія заданні, але імі будуць спрабаваць пераламаць сітуацыю на фронце, у тым ліку і за кошт адкрыцця паўночнага фронту, гэта значыць уцягвання УСУ ў баявыя дзеянні на беларускім напрамку.

На думку Самуся, галоўнай задачай на беларускім напрамку можа быць адцягванне ўкраінскіх сіл ад усходу і поўдня, каб спыніць наступ у гэтых небяспечных для Расіі кірунках.

— Яны гэта разумеюць, таму Беларусь для іх зараз вельмі актуальная. Менавіта таму прапанова Зяленскага аб размяшчэнні маніторынгавай місіі на ўкраінска-беларускай мяжы мае сэнс.

Аднак стаіць пытанне, чыю місію размясціць? Калі ААН — неабходна рашэнне Рады бяспекі ААН, АБСЕ — Расія зноў «заблакіруе», ЕС — магчыма, таму што Украіна мае права размяшчаць на сваёй тэрыторыі нейкія місіі, НАТА — таксама магчыма, але ці пагодзіцца, да таго ж гэта можа справакаваць Пуціна, таму мы не падтрымліваем. У цэлым размяшчэнне місіі — ідэя добрая, але не факт, што хтосьці пагодзіцца, таму што гэта небяспечна.

Тут ваенны эксперт выказвае сваю прапанову на гэты конт.

— Трэба пачаць працу з Пераходным кабінетам Ціханоўскай. Паспрабаваць пераканаць Ціханоўскую і яе паплечнікаў у тым, што іх роля — простых назіральнікаў, а іх місія — рыхтаваць Беларусь да новых выбараў…

Выбараў ужо не будзе. Калі прыйдуць такія, як Прыгожын, Кадыраў і Дугін да ўлады, ніякіх выбараў у Беларусі ўжо не будзе ніколі. Гэта ўжо цяпер акупаваная тэрыторыя. А калі яны будуць рыхтаваць ваенную аперацыю, гэта значыць, туды зойдзе 50 тысяч мабілізаваных, Беларусь будзе акупаваная яшчэ і фактычна.

Гэта будзе [як] Херсонская вобласць. Калі Лукашэнка не будзе з чымсьці згаджацца, яго ліквідуюць і паставяць іншага.

* * *

Нагадаем, што ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі прапанаваў размясціць місію міжнародных назіральнікаў для маніторынгу сітуацыі па бяспецы на мяжы Украіны і Беларусі, каб абвергнуць паведамленні аб тым, што Украіна нібыта рыхтуе ўдар па нашай краіне. На думку экс-дыпламата Паўла Мацукевіча, такая ініцыятыва дала б шанец «вывесці Беларусь з вайны», аднак практычна пэўна яна будзе тарпедаваная Расіяй.

У адказ міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей заявіў, што накіраванне прадстаўнікоў заходніх краін на мяжу Беларусі і Украіны будзе ўспрынята як фактычнае ўцягванне гэтых трэціх краін ва ўкраінскі канфлікт.

Раней дзяржсакратар Савета Бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч назваў «абсалютна непрымальным» варыянт, калі назіральнікамі будуць замежныя вайскоўцы.