Расія, нягледзячы на абяцанне Трампу, не вытрымала рэжым перамір’я

Нягледзячы на згоду з ініцыятывай Дональда Трампа, Расія не вытрымала рэжым перамір’я 9 траўня і зрывае абмен палоннымі. У той жа час Пуцін ужо кажа, што вайна ва Украіне «ідзе да завяршэння», але не сказаў, з якім фіналам. Наўрад ці гэты фінал будзе на карысць РФ, хоць там, вядома, зробяць бачнасць перамогі. Ідуць 1537-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота GettyImages

Фота GettyImages

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 147 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 10 траўня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 28 штурмаў расіян ў бок Біліцкага, Ніканораўкі, Дарожнага, Радзінскага, Васільеўкі, Удачнага, Маладзецкага, Новамікалаеўкі, Котліна, Грышына, Сяргееўкі і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку расіяне здзейснілі 27 атак у раёнах Новага Запарожжа, Рыбнага, Цвятковага, Залізнічнага, Святапятроўкі, Чарыўнага, Злагоды, Аленаканстанцінаўкі і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 11 атак у раёнах Іллінаўкі, Плешчыеўкі, Русінага Яру і ў бок Канстанцінаўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы дзевяць разоў атакаваў пазіцыі УСУ ў раёнах Прыліпак, Ізбіцкага, Старыцы, Пятро-Іванаўкі, Сінельнікава і Новавасільеўкі.

* * *

Расійская армія спрабуе браць паўзу ў баях на час «перамір’я», але выкарыстоўвае яго для ўзмацнення сваіх наступальных магчымасцяў, заявіў спікер Групоўкі аб’яднаных сіл УСУ Віктар Трэгубаў у эфіры тэлемарафону.

«Яны сапраўды спрабуюць браць паўзу і выкарыстоўваць гэту паўзу... для ратацыі, для падвозу сіл і ўвогуле для аднаўлення сваіх наступальных магчымасцяў», — сказаў Трэгубаў.

Украінская армія таксама выкарыстоўвае гэты час для наладжвання лагістыкі і ў тым ліку ратацый. «Выглядае так, што менавіта на сёння расіяне не хацелі магчымых эксцэсаў з парадам», — рэзюмаваў спікер Групоўкі аб’яднаных сіл.

* * *

Увечары 9 траўня, падчас дзеяння так званага «перамір'я», расійскія войскі нанеслі ўдар БПЛА па індустрыяльным раёне Харкава, зафіксавана трапленне ў дзевяціпавярховы дом, пацярпелі 5 чалавек, з іх два 8-гадовыя дзіцяці.

У Херсоне і вобласці двое параненых у выніку расійскай атакі беспілотнікамі.

У выніку расійскіх удараў у Днепрапятроўскай вобласці параненая 3-гадовая дзяўчынка.

* * * 

695230092_1329338806045861_3868513478905722850_n.jpg

* * *

Расія спрабуе ўскладніць працэс абмену палонных, які павінен адбыцца ў межах трохдзённага перамір’я з Украінай. Аднак гэта будзе зрывам дамоўленасцяў са ЗША, паведамляе РБК-Украіна.

Уладзімір Пуцін 9 траўня паведаміў, што Украіна нібыта «не гатовая» да абмену палоннымі. Паводле сцвярджэння Пуціна, абмен палоннымі прапанавала нібыта Расія і яшчэ 5-га траўня. Ён кажа, што Украіна нібыта сказала, што падумае аб абмене, але потым у выніку адмовілася.

«Яны разумеюць, якое значэнне абмены маюць для ўкраінцаў, таму заўсёды спрабуюць усё ўскладніць. Але ў гэтым выпадку была размова пры пасярэдніцтве ЗША», — падкрэсліла крыніца РБК-Украіна.

Таму, паводле слоў суразмоўцы, цяпер справа таксама за ЗША: ці здольныя яны гарантаваць тое, пра што гаварылася.

«Па абмене відавочна яшчэ будуць актыўныя перамовы. І зрываюць яны абяцанне не столькі нам, колькі Злучаным Штатам», — рэзюмавала крыніца.

* * *

Уладзімір Пуцін заявіў аб гатоўнасці правесці сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім не толькі ў Маскве, але і на тэрыторыі трэцяй дзяржавы. Галоўнай умовай ён назваў падпісанне фінальнай дамовы.

Паводле слоў расійскага дыктатара, сустрэча на нейтральнай тэрыторыі магчымая толькі пры ўмове дасягнення канкрэтных дамоўленасцяў. «Можна сустрэцца і ў трэцяй краіне, але толькі ў тым выпадку, калі будуць дасягнуты канчатковыя дамоўленасці на доўгую гістарычную перспектыву», — заявіў Пуцін журналістам.

Пуцін адзначыў, што ведае аб гатоўнасці Зяленскага да перамоў, але заклікаў яго прыехаць у сталіцу РФ: «Той, хто хоча сустрэцца — няхай і прыязджае ў Маскву». Акрамя гэтага ён дадаў, што, на яго думку, «справа ва ўкраінскім канфлікце ідзе да завяршэння». Да якога завяршэння, ён не ўдакладніў.

* * *

Расійскія войскі не змаглі дасягнуць ніводнага значнага аператыўнага прарыву на фронце на працягу апошняга года, тады як Сілы абароны Украіны нарасцілі поспехі зімой і вясной 2026 года, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі адзначаюць, што нават падчас абвешчанага Расіяй «перамір’я» з 9 па 11 траўня баявыя дзеянні на асобных участках фронту працягваліся. Гэта адбылося таму, што рэжым спынення агню фактычна не меў выразна прапісаных механізмаў кантролю і выканання. Адзінай публічна агучанай умовай, паводле даных аналітыкаў, была адмова Украіны ад удараў па Маскве падчас параду 9 траўня, якой Кіеў прытрымліваўся.

«Пашыранасць узаемных абвінавачванняў і працяг лакалізаванай актыўнасці з першых гадзін пасля абвяшчэння спынення агню падкрэслівае тое, што спыненне агню без выразных механізмаў забеспячэння выканання наўрад ці будзе выканана», — гаворыцца ў справаздачы Інстытута.

Паводле ацэнкі ISW, расійскія войскі маглі выкарыстоўваць паўзу для ратацый, перакідкі рэзерваў і лагістыкі з мэтай падрыхтоўкі да далейшых наступальных дзеянняў. А ўкраінская абарона працягвае стрымліваць расійскае наступленне і не дазваляе Крамлю дасягнуць вынікаў, якія Масква магла бы падаць як перамогі да 9 траўня.

У справаздачы адзначаецца, што расійскія войскі з кастрычніка 2025 года не змаглі дасягнуць значнага прасоўвання ў раёне Канстанцінаўкі — аднаго з ключавых кірункаў фартыфікацыйнага пояса Украіны. А ўкраінскія сілы, паводле даных ISW, дасягнулі найбольшых поспехаў на полі бою з часу аперацыі ў Курскай вобласці РФ у жніўні 2024 года.

Аналітыкі нагадваюць, што УСУ вызвалілі значную частку Купянска восенню 2025 года, а таксама вярнулі больш за 400 квадратных кіламетраў тэрыторыі на поўдні Украіны ў выніку контратак зімой і вясной 2026 года. У канцы красавіка ўкраінскія вайскоўцы вызвалілі некалькі населеных пунктаў у заходняй частцы Запарожскай вобласці.

 * * *

РФ выдаткавала на цяперашні ваенны парад у Маскве значныя грошы, аднак самі ветэраны, якіх засталося зусім няшмат, атрымалі толькі выплаты па 10 тысяч рублёў кожнаму, паведамляе ўкраінская Служба знешняй выведкі.

«Улічваючы, што ў жывых на ўсю Расію засталося каля 7 тысяч ветэранаў, "дзяржаўная павага" абыйдзецца расійскаму бюджэту ў сціплыя 70 млн рублёў. Для параўнання: гэтай сумы ледзь хопіць на адну кватэру прэміум-сегмента ў Маскве», — гаворыцца ў паведамленні.

Або, адзначае СВРУ, дапамога ветэранам прыраўнаваная да кошту адной крылатай ракеты Х-22 або «Іскандэр», якімі РФ ці не штодня атакуе Украіну.

Паведамляецца, што магчымыя дадатковыя выплаты Крэмль традыцыйна дэлегаваў рэгіёнам, якія павінны нешта даплаціць, але «пры наяўнасці сродкаў».

А вось парад на Краснай плошчы абыходзіцца расийцам ад 400-600 млн рублёў у звычайны год, і да 1,5 млрд — у юбілейны.

«Дадайце да гэтага дзясяткі мільёнаў на рэгіянальныя ўрачыстасці — і стане відавочна: піяр на перамозе для Масквы ў дзясяткі разоў даражэй долі саміх пераможцаў», — падсумавалі ў СВР.

Для параўнання, у Казахстане ветэранам да гадавіны Перамогі, выплацяць суму, эквівалентную 1 млн расійскіх рублёў, ва Узбекістане – 800-900 тысяч рублёў РФ, Кыргызстане – больш за 200 тысяч, у Беларусі – прыкладна 136 тысяч, Таджыкістане – прыкладна 60 тысяч, Азербайджане – 21 тысячу расійскіх рублёў адпаведна.