«Каб зняць наратывы Лукашэнкі». Зяленскі прапанаваў размясціць на мяжы з Беларуссю міжнародную місію

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім выступленні на тэрміновай сустрэчы G7 прапанаваў размясціць міжнародную маніторынгавую місію на мяжы паміж Украінай і Беларуссю, каб зменшыць рызыку правакацый і прамога ўступлення Беларусі ў вайну на баку РФ. Пра гэта паведамляе «Еўрапейская праўда».

400_0_1662320691_4509.webp

«Расія спрабуе проста ўцягнуць Беларусь у гэтую вайну, разыгрываючы правакацыю адносна таго, што мы нібыта рыхтуем удар па гэтай краіне. Украіна не планавала і не плануе ваенных мерапрыемстваў супраць Беларусі. Нас цікавіць толькі аднаўленне нашай тэрытарыяльнай цэласнасці. Але каб цалкам зняць гэтую правакацыю, каб зняць гэтыя наратывы, якія гучаць ад Лукашэнкі, каб зняць нават здагадку аб якой-небудзь пагрозе нібыта ад нас, мы прапануем сваё рашэнне.

На мяжы Украіны і Беларусі можа быць размешчана місія міжнародных назіральнікаў для маніторынгу сітуацыі з бяспекай. Фармат можа быць прапрацаваны нашымі дыпламатамі. І я прашу вас на ўзроўні «Групы сямі» падтрымаць гэтую нашу ініцыятыву», — заявіў Зяленскі.

Як паведамлялася, Уладзімір Зяленскі ў сваёй прамове прапанаваў шэраг мер пад умоўнай назвай «Формула міру», каб хутчэй спыніць Пуціна, і заклікаў не паддавацца на шантаж Крамля, паколькі вайна ўступае ў вырашальны этап.

Нагадаем, 10 кастрычніка Лукашэнка сабраў тэрміновую нараду сілавікоў, на якой абвясціў аб задзейнічанні саюзнай арміі і паабяцаў Украіне «Крымскі мост-2», а таксама анансаваў вяртанне ў Беларусь расійскіх вайскоўцаў.