379-мы дзень вайны. Расія выпусціла па Украіне 81 ракету і 8 дронаў — амаль палову збілі

Расія падчас сённяшняй атакі выпусціла па Украіне 81 ракету і 8 дронаў-камікадзэ. Амаль палову з іх збілі ўкраінскія сілы СПА. Пра гэта паведаміў галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Украіны Валерый Залужны.

Прэс-служба прэзідэнта Украіны

Прэс-служба прэзідэнта Украіны

Супрацьпаветраная абарона Украіны збіла 34 з 48 крылатых ракет, а таксама 4 беспілотнікі.

«У выніку арганізаванага процідзеяння 8 кіраваных авіяцыйных ракет Х-31П і Х-59 не дасягнулі сваіх мэт», — дадаў Залужны.

Рускія сёння ажыццявілі па Украіне запуск 81 ракеты рознага базіравання:

  • 28 крылатых ракет паветранага базіравання Х-101 / Х-555;
  • 20 крылатых ракет марскога базіравання «Калібр»;
  • 6 крылатых ракет паветранага базіравання X-22;
  • 6 крылатых ракет паветранага базіравання Х-47 «Кінжал»;
  • 8 кіраваных авіяцыйных ракет: 2 ракеты — 31П; 6 — X-59;
  • 13 зенітных кіраваных ракет С-300.
  • таксама расіяне выпусцілі па Украіне 8 дронаў-камікадзэ «Shahed-136/131».

Спікер паветраных сіл Юрый Ігнат заявіў, што расіяне ўпершыню абстралялі Украіну такой колькасцю розных тыпаў ракет. У прыватнасці, ён адзначыў вялікую колькасць выпушчаных «Кінжалаў» — шэсць штук. «Выкарыстоўваліся, у тым ліку, самалёты МіГ-31к. Не памятаю, каб такое было раней», — сказаў Ігнат.


Уладзімір Зяленскі адгукнуўся на сённяшні ракетны абстрэл у Telegram: «Цяжкая ноч. Масіраваная ракетная атака па ўсёй краіне. Кіеў, Кіраваградчына, Днепрапятроўшчына, Адэшчына, Харкаўшчына, Запарожжа, Львоўшчына, Івана-Франкоўская, Жытомірская, Вінніцкая вобласць. Атакі на аб'екты крытычнай інфраструктуры, жылыя дамы. На жаль, ёсць пацярпелыя і загінулыя. Мае спачуванні родным».

Паводле яго слоў, на месцах прылётаў працуюць усе службы, працягваецца аднаўленне працы энергасістэмы, ужываліся абмежаванні ў падачы энергіі па ўсіх рэгіёнах.

«Вораг выпусціў 81 ракету, спрабуючы зноў запалохаць украінцаў, вяртаючыся да сваёй жалю вартай тактыкі. Акупанты могуць толькі тэрарызаваць мірных людзей. Гэта ўсё, на што яны здольныя. Але гэта ім не дапаможа. Адказнасць за ўсё зробленае не абміне», — запэўніў Зяленскі. Ён падзякаваў вайскоўцам за службу і ўсім тым, хто дапамагае пераадольваць наступствы нападаў расійскіх агрэсараў.


Увесь Харкаў і частка вобласці цяпер без святла

Колькасць загінулых у выніку падзення ракеты ў Залачоўскім раёне Львоўскай вобласці ўзрасла да пяці — пад заваламі знайшлі цела яшчэ аднаго чалавека, паведаміў кіраўнік АВА Максім Козіцкі.

У Запарожскай вобласці пяць расійскіх ракет (папярэдне С-300) ударылі па аб'екце крытычнай інфраструктуры.



У Харкаве і Харкаўскай вобласці зафіксавана па меншай меры 15 удараў ракет С-300, пацярпелі аб'екты крытычнай інфраструктуры, а ў абласным цэнтры пашкоджаны аб'ект грамадзянскай інфраструктуры, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў.

У пасёлку Пясочын Харкаўскага раёна расійская ракета трапіла ў двор прыватнага дома, пашкоджана некалькі жылых дамоў. Два чалавекі атрымалі раненні. Яшчэ адна ракета ў Пясочыне трапіла ў балота. У пасёлку Слабажанскае Чугуеўскага раёна ракета пашкодзіла цяпліцы фабрыкі агародніны.


На працягу сутак расійская армія таксама абстрэльвала прыгранічныя населеныя пункты Харкаўскага, Купянскага і Чугуеўскага раёнаў вобласці. Пашкоджаны дамы і гаспадарчыя пабудовы, узніклі пажары.

Малюнак Генштаба УСУ

Малюнак Генштаба УСУ

Войска РФ асноўныя намаганні прадаўжае засяроджваць на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім кірунках. За мінулыя суткі ўкраінскія сілы абароны адбілі на гэтых кірунках больш за 110 нападаў, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы. У прыватнасці, на Бахмуцкім напрамку ўкраінскія абаронцы адбілі атакі ў раёнах населеных пунктаў Арэхава-Васілеўка, Дубава-Васілеўка, Бахмут, Іванаўскае і Аляксандра-Шульціна.

Залужны і Ярмак правялі тэлефонную размову з дарадцам прэзідэнта ЗША ў пытаннях нацбяспекі Джэйкам Саліванам і кіраўніком Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў Маркам Мілі. Распавялі аб аператыўнай сітуацыі на фронце і магчымых дзеяннях РФ, асобна спыніліся на сітуацыі ў Бахмуце. Украінскі бок падкрэсліў важнасць своечасовага прадастаўлення Украіне неабходнай ваеннай і фінансавай падтрымкі.

Пентагон блакіруе перадачу Міжнароднаму крымінальнаму суду доказаў ваенных злачынстваў Расіі ва Украіне, што былі сабраны спецслужбамі ЗША, паколькі асцерагаецца стварэння прэцэдэнту для прыцягнення да адказнасці ў будучыні амерыканцаў, піша «The New York Times». Гаворка ідзе, сярод іншага, аб матэрыялах адносна рашэння расійскіх чыноўнікаў наўмысна наносіць удары па цывільнай інфраструктуры і выкрадаць тысячы ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Супраць прадастаўлення доказаў выступае міністр абароны Лойд Осцін, за перадачу выступаюць службы выведкі, Дзярждэп і Мінюст. Байдэн яшчэ не прыняў рашэння, дадаюць крыніцы выдання.