«Іх пазбаўляюць сувязі са знешнім светам». Куды «зніклі» палітвязні Статкевіч, Знак і Лосік?
62 дні няма вестак ад Міколы Статкевіча. Апошні ліст Максіма Знака родным датаваны 9 лютага, Ігара Лосіка — 20 лютага. На запыты сваякоў, ці знаходзяцца яны ў ШІЗА, у адміністрацыях калоній не адказваюць. Куды «зніклі» вядомыя палітвязні, «Св*бода» спытала ў юрыста праваабарончага цэнтра «В*сна» Паўла Сапелкі.
Права асуджанага на юрыдычную дапамогу адваката без абмежаваньняў і ў любы час
прадугледжана артыкулам 10 Крымінальна-выканаўчага кодэксу (КВК) і артыкулам 62
Канстытуцыі Беларусі.
Аднак
адміністрацыя калёній часта спасылаецца на частку 6 артыкула 83 КВК, паводле
якой спатканьне з адвакатам даецца «па заяве» асуджанага. Пры гэтым адвакаты
скардзяцца, што адміністрацыя адвольна трактуе паняцьце «заява» — выключна як
пісьмовы зварот асуджанага. А таксама спасылаецца на пункт 183 «Правілаў
унутранага распарадку папраўчых устаноў» (зацьверджаных МУС): спатканьне з
адвакатам можа адбыцца толькі ў непрацоўны час. А працуюць зьняволеныя
часьцяком дапазна ці па зьменах.
«Асуджанага
хочуць трымаць у рэжыме «інкамунікада»
На думку былога адваката, юрыста праваабарончага цэнтру «В*сна» Паўла Сапелкі, на практыцы пытаньне — дапусьціць ці не дапусьціць адваката да зьняволенага — вырашае адміністрацыя калёніі.
«Заканадаўства, якое тычыцца допуску адвакатаў у месцы адбываньня пакараньня, сфармуляванае такім чынам, каб паставіць непераадольны бар’ер паміж адвакатам і яго падабаронным. Асуджанага хочуць трымаць у рэжыме «інкамунікада» — то бок ізаляцыі, спыненьня ўсіх сувязяў са зьнешнім сьветам. Нейкага лягічнага тлумачэньня гэтаму няма, гэта проста такая адвольная норма.
І фармальныя патрабаваньні, якія ўтрымліваюцца ў нарматыўных актах, наўпрост парушаюць правы адвакатаў і правы асуджаных. То-бок пытаньне допуску адваката на тэрыторыю папраўчай установы цалкам аддаецца на водкуп адміністрацыі калёніі», — кажа юрыст Павал Сапелка.
З адсутнасьці
лістоў і нядопуску адваката сваякі робяць выснову, што вязень трапіў у штрафны
ізалятар
Апошні ліст ад Ігара Лосіка бацькі атрымалі 20 лютага. Праз тры тыдні яны папрасілі адваката Арцёма Сям’янава паехаць у калёнію. 10 сакавіка адваката да Лосіка не пусьцілі — маўляў, «няма заявы асуджанага». У той жа дзень іншаму адвакату дазволілі спатканьне зь ягоным падабаронным, хоць заявы ад таго таксама не было.
3 красавіка новая
адвакатка палітвязьня езьдзіла ў наваполацкую калёнію, аднак яе таксама не
пусьцілі да падабароннага. Прычыну назвалі тую ж самую: Ігар не напісаў заяву
на сустрэчу з адвакатам. Абаронца 5 красавіка напісала пісьмовы запыт на
спатканьне безь ягонай заявы, аднак адказу з калёніі дагэтуль няма. У той жа
дзень стала вядома, што Лосіка другі раз запар зьмясьцілі ў штрафны
ізалятар. На які тэрмін і зь якой прычыны, пакуль невядома. А адтуль нельга
лісты пісаць, адваката ў ШІЗА не дапускаюць.
Жонка палітвязьня
Міколы Статкевіча Марына Адамовіч нядаўна ў фэйсбуку паведамляла, што ўжо два
месяцы няма ніякіх навінаў пра мужа. І што адказаў на яе афіцыйныя звароты ў
калёнію таксама няма. Яна мяркуе, што Мікола Статкевіч працяглы час таксама
знаходзіцца ў ШІЗА.
Надзеі Знак,
жонцы і адвакату палітвязьня Максіма Знака, паведамілі ў калёніі № 3 «Віцьба»,
што ейны муж і падабаронны ў ШІЗА.
Апошні ліст, які блізкія атрымалі ад Максіма Знака, датаваны 9 лютага. Адвакат ня бачыў Максіма
больш за два месяцы. Вядома, што Максім Знак шмат часу праводзіць у ШІЗА.
Ці абавязаная
адміністрацыя калёніі паведамляць сваякам, што асуджаны зьмешчаны ў ШІЗА, і ці
ёсьць абмежаваньні па тэрмінах знаходжаньня там, запыталіся ў Паўла
Сапелкі.
«У законах ёсьць «закрыты пералік» таго, што паведамляюць блізкім сваякам. Гэта пераводы з адной установы ў іншую, цяжкая хвароба. Што да зьмяшчэньня ў штрафны ізалятар, яны не абавязаныя паведамляць такую інфармацыю. Па ўтрыманьні ў ШІЗА няма абмежаваньняў. Даюць 10 дзён, выпускаюць, а літаральна на наступны дзень зноў зьмяшчаюць. Быў такі палітзьняволены Міхаіл Жамчужны, ён амаль увесь свой тэрмін правёў у ізалятарах», — тлумачыць Сапелка.
«Адвакатам
пагражаюць крымінальнымі справамі»
З прычыны масавых рэпрэсіяў, пазбаўленьня адвакатаў ліцэнзіяў многія палітзьняволеныя засталіся без абаронцаў. І знайсьці новага адваката вельмі цяжка — ніхто не пагаджаецца, на ўмовах ананімнасьці прызнаецца блізкі сваяк аднаго з «палітычных».
«Адвакатам, якія
бароняць знакавых, вядомых асобаў, пагражаюць забаронай на выезд за мяжу,
крымінальнымі справамі, іх запалохваюць. А пасьля шалёных тэрмінаў былым
адвакатам Брагінцу і Данілевічу (8 і 10 гадоў калёніі) нават тыя, хто даўно
абараняе сваіх кліентаў, хочуць «саскочыць». Таму знайсьці цяпер адваката
палітвязьням амаль нерэальна», — кажа суразмоўца.
Што рабіць, калі зьняволены застаўся без адваката? Ці могуць яму прызначыць так званага дзяржаўнага абаронцу? Павал Сапелка тлумачыць, што ў выпадку з тымі, хто адбывае пакараньне, тут ужо іншая гісторыя.
«Гаворка ідзе не пра абаронцу, бо вядзеньне па крымінальнай справе завершана, ужо ідзе працэс адбыцьця пакараньня. Тэарэтычна асуджаны мае права карыстацца паслугамі адваката. І тэарэтычна яму юрыдычную дапамогу павінны забясьпечыць. Але тут узьнікае тая ж праблема.
Калі патрэбная
дапамога ў напісаньні скаргі ці атрыманьні кансультацыі, зьняволены павінен
шукаць магчымасьці заключыць адпаведную дамову. У такой сытуацыі ён можа
прасіць сваякоў ці сам пісаць у тэрытарыяльную калегію, кансультацыю, якая
знаходзіцца паблізу, у населеным пункце. Зноў жа, мы разумеем, што гэтыя заявы
могуць і не пакінуць калёніі», — кажа юрыст Павал Сапелка.
У выніку
тэарэтычна зьняволены мае права на юрыдычную дапамогу без абмежаваньняў, а на
практыцы ўсё вырашае адміністрацыя калёніі. Часта не на карысьць таго, каму
патрэбная дапамога.