Хронікі рэпрэсій. Кашмараць кіраўнікоў «Слаўцэнтру», шматдзетнага бацьку адправілі ў калонію
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 13 красавіка.
![imgl7589_logo_1.jpg imgl7589_logo_1.jpg](/img/v1/images/imgl7589_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У Мінску затрыманы псіхолаг і былы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Сяргей Іванцоў. Яго затрымалі за тое, што ён нібыта пісаў каментары ў чат-бот канала «Б*ларусь галаўнога мозга». Паведамляецца, што ён у СІЗА і супраць яго заведзена крымінальная справа па двух артыкулах (якіх — не ўдакладняецца).
Дырэктарку «Слаўцэнтру» Ірыну Зімневу аштрафавалі на 20
базавых велічыняў (740 рублёў), але не адпусцілі. Яе судзілі ў судзе Маскоўскага
раёна Мінска, суддзя Таццяна Мотыль прызначыла Ірыне штраф паводле арт. 19.1 КаАП («Хуліганства»).
Пасяджэнне праходзіла анлайн, Ірыне ставілі ў віну тое, што нібыта яна «лаялася на міліцыянтаў». Справу разглядалі два дні: пасля таго, як Мотыль заслухала Ірыну і яе абаронцу, суддзя абвесціла перапынак да наступнай раніцы 13 красавіка.
З раніцы ж адбыліся вобшукі ва ўсіх офісах «Слаўцэнтру», была вынутая тэхніка. Затрымалі таксама мужа Ірыны Аляксея. Саму Зімневу пасля штрафу таксама не адпусцілі, дакладна невядома, дзе яна цяпер знаходзіцца. Таксама невядома, ці гэта затрыманне паводле новай справы, ці іншая працэдура.
Нагадаем, дома ў сямейнай пары застаюцца дзве непаўнагадовыя дачкі.
![Статкевіч, Знак, Лосік куды зніклі? «Іх пазбаўляюць сувязі са знешнім светам». Куды «зніклі» палітвязні Статкевіч, Знак і Лосік?](/img/v1/images/_neba___drot___svaboda___plot__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Затрыманы мінчук Андрэй Варонін, які перайшоў па фэйкавай спасылцы нібыта ад плана «П*рамога». Сцвярджаецца, што яго віна ў тым, што ён павёўся на фэйкавую рассылку «Б*йпола» (яна заваблівала абяцаннем, што там нібыта можна было праверыць, ці ёсць ты ў базе сілавікоў). Ці заведзеная супраць Андрэя адміністрацыйная ці крымінальная справа і што менавіта яму закідаюць — не паведамляецца.
Суд Іванаўскага раёна 10 красавіка вынес прысуд 36-гадоваму
мантажніку Дзмітрыю Жыдко, якога абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 339 КК у
хуліганстве. Справу разглядаў суддзя — Мікалай Стасевіч, дзяржабвінаваўца — памочніца пракурора Карына Шымко.
Згодна з матэрыяламі справы, 27 лютага 2022 года Жыдко напісаў на бюлетэні для галасавання непрыстойны надпіс на адрас Лукашэнкі. Затым, не апусціўшы бюлетэнь у скрыню для галасавання, абвінавачаны прад'явіў яго ў разгорнутым выглядзе членам камісіі, чым нібыта парушыў працу выбарчага ўчастка. На бюлетэні быў выяўлены надпіс «Лукашэнка і Пуцін, .... жахлівым чынам».
Пасля гэтага суддзя Іванаўскага раённага суда Генадзь Кудласевіч пакараў Дзмітрыя Жыдко двума гадамі калоніі, але з улікам амністыі тэрмін скарацілі на аднаго года. Раней па гэтым эпізодзе мужчыну ўжо каралі адміністрацыйным арыштам тэрмінам на 15 сутак па артыкуле 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»). Аднак затым была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 339 («Хуліганства»).
![Валянцін Стэфановіч: "Настройваю сябе на доўгае расстанне з вольным светам" Валянцін Стэфановіч: «За кратамі вельмі шмат добрых людзей»](/img/v1/images/stef_2020_cgy34.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
12 красавіка шматдзетнаму бацьку з Баранавічаў Антону Кавалёву, асуджанаму за каментар, замянілі «хатнюю хімію» на тэрмін у калоніі. Рашэнне прыняла суддзя Іна Паўлоўская, якая ў 2021 годзе прызначыла Антону два гады «хатняй хіміі». Вядома, што Кавалёву заставалася адбыць каля 8 месяцаў «хатняй хіміі». Аднак нібыта з-за парушэнняў умоў адбывання пакарання яму ўзмацнілі пакаранне і прызначылі 4 месяцы калоніі. Мужчына быў узяты пад варту пасля суда.
![Польшча: Наша мэта — дэмакратычная, свабодная і незалежная Беларусь Польшча прасіла Беларусь спыніць рэпрэсіі — і прапаноўвала за гэта прастору для манеўру](/img/v1/images/marsz_adzinstva_6__14__logo_3.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
За ўдзел у акцыях пратэсту ў Мінску асудзілі архітэктарку Валерыю Сокал. Яе абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак паводле, альбо ўдзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК). Справа разглядалася ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска 24 лютага. Суддзя — Юльяна Шчэрба.
Па матэрыялах абвінавачання, Валерыя 16 жніўня 2020 года прыняла ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў цэнтры Мінска. На праспекце Незалежнасці выходзіла разам з іншымі на праезную частку, блакавала рух транспартным сродкам, не рэагавала на заклікі супрацоўнікаў міліцыі аб спыненні супрацьпраўных дзеянняў.
Суд прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе 2,5 года «хатняй хіміі».
![Пераслед украінцаў у Беларусі: на сённяшні дзень КДБ затрымаў каля 7 чалавек Ад СІЗА да смяротнага пакарання: як у Беларусі пераследуюць украінцаў](/img/v1/images/prison.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Старэйшыну баптысцкай царквы «Новая Зямля» Андрэя Мамойку і яго жонку Веру пачнуць судзіць праз тыдзень, 20 красавіка. Сужэнцаў затрымалі 1 лютага ў Мінску. Супраць іх распачалі крымінальную справу паводле «народнага» артыкула 342 КК — папярэдне, за фотаздымак на дарозе падчас пратэстаў 2020 года.
Андрэй і Вера з’яўляюцца вядомымі музыкамі, якія прынялі ўдзел у запісе некалькіх альбомаў хрысціянскай музыкі. Апошнім часам Андрэй Мамойка працаваў распрацоўшчыкам у адной з ІТ-кампаній у Беларусі.
Іх справу будуць разглядаць у судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Працэс будзе весці суддзя Дзмітрый Карсюк.
Раману Пратасевічу на судзе прад'явілі больш цяжкае абвінавачанне. Паведамляецца, што дадаткова ён абвінавачаны ў кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем, здзейсненым паўторна — таму, што ён быў адміністратарам тэлеграм-канала «Б*ларусь галаўнога мозгу» (а не толькі N*XTA). Як растлумачыў бок дзяржабвінавачання, падчас судовага слухання ўзнікла неабходнасць прад'явіць Пратасевічу больш цяжкае абвінавачанне ў параўнанні з раней прад'яўленым.
У судовым паседжанні абвешчаны перапынак да 19 красавіка, каб Пратасевіч мог азнаёміцца з прад'яўленым у чацвер абвінавачаннем перад новым допытам.
![Ціхан Клюкач выказаўся ў абарону Чудзянцова «Бачыў ад яго падтрымку і давер». Былы палітвязень Ціхан Клюкач выказаўся ў абарону Чудзянцова](/img/v1/images/277765012_116294271017948_794592254842683171_n_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
У Брэсце затрымалі арганізатараў вулічнай аўтагонкі, якую разагналі сілавікі. Паведамляецца, што трое затрыманых атрымалі пратаколы за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, 8 машын і 1 матацыкл былі змешчаныя на штрафстаянку, а 11 чалавек атрымалі адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне ПДР.
КДБ абнавіў спіс «асоб, якія маюць
дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явілася прозвішча Алега Зубовіча.
Паведамляецца, што 27-гадовы мужчына быў асуджаны паводле арт. 130 КК («Распальванне
варожасці»). Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1039 чалавек, з іх 291 —
беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1046 пазіцый, аднак 7 чалавек з яго былі
выдаленыя раней).