Колькі каштуе паёк арыштанта?
Чым кормяць зняволеных і колькі каштуе іх харчаванне? І на колькі плануецца павялічыць колькасць арыштантаў сёлета? Цікавыя лічбы, якія вынікаюць з інфармацыі, размешчанай на сайце дзяржзакупак.
На харчаванне арыштантаў у ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна ў Мінску сёлета выдаткуюць 800 тысяч рублёў. З інфармацыі пра дзяржзакупкі вынікае, што сёлета запоўненасць установы арыштантамі можа павялічыцца амаль на 19%.
«Люстэрка» вывучыла, колькі каштуе харчаванне змешчаных на Акрэсціна, а таксама якія сумы выдаткоўваюць на прадукты калоніі і следчыя ізалятары. Нярэдка іх закупляюць па вышэйшых цэнах, чым тыя, якія мы бачым у крамах у розніцы. Пры гэтым зняволеныя часцяком скардзяцца на якасць харчавання.
На Акрэсціна ў 2023 годзе чакаюць вялікага перанасялення
ГУУС Мінгарвыканкама закупіла паслугу па забяспечанні харчавання змешчаных у ІЧУ і ЦІП на Акрэсціна. У заяўцы пазначана, што сярэдні кошт харчавання аднаго арыштанта можа каштаваць не больш за 5,57 рубля плюс гандлёвая нацэнка — не вышэй за 40%. Пастаўляць паслугу будзе завод электронікі і бытавой тэхнікі «Гарызонт», дакладней — сталовая гэтага прадпрыемства. Гэты ж завод забяспечваў харчаванне на Акрэсціна і раней.
Канчатковы кошт сутачнай нормы аднаго арыштанта паводле дамовы склаў 7,67 рубля (гэта ўжо з улікам гандлёвай нацэнкі і дастаўкі прадуктаў на Акрэсціна), вынікае са звестак Беларускай універсальнай таварнай біржы. Пастаўляць гэтую паслугу завод будзе да канца гэтага года, а дзейнічаць дамова пачала з 1 сакавіка, то-бок дамова на 305 дзён. Усяго закупяць 104,3 тысячы сутачных порцый. Агульны кошт — 800 тысяч рублёў.
Атрымліваецца, што сілавыя структуры разлічваюць, што ў сярэднім на Акрэсціна цягам сутак будзе знаходзіцца 342 чалавекі. Пры гэтым у 2020 годзе начальнік ЦІП Яўген Шапецька расказваў, што прыняць установа можа 110 чалавек (але з яго заявы было незразумела, ці ўваходзіць сюды ЦІП). Гэта значыць, у сярэднім за суткі на Акрэсціна ў 2023 годзе можа знаходзіцца, імаверна, у тры разы больш людзей, чым належыць па нормах.
Для параўнання, летась на харчаванне ў ІЧУ і ЦІП на Акрэсціна выдаткавалі 550 тысяч, а выдаткі на ежу для аднаго арыштанта за суткі складалі 6,24 рубля. Тэрміны пастаўкі былі такімі ж, з 1 сакавіка да канца 2022 года, то-бок тыя ж 305 дзён. Атрымліваецца, што ўсяго для Акрэсціна летась закупілі крыху больш за 88 тысяч сутачных порцый харчавання. Падзяліўшы іх на колькасць дзён, атрымліваем сярэднюю колькасць арыштантаў — 288 чалавек за суткі. Гэта значыць, у 2023-м плануецца, што цягам сутак на Акрэсціна будзе знаходзіцца амаль на 19% больш чалавек, чым год таму. Гэта першая непрыемная выснова, да якой мы прыйшлі зыходзячы з ускосных прыкметаў.
Такія ж разлікі за 2020 год паказваюць, што ў сярэднім за суткі планавалася карміць 182 арыштанты. Закупка праводзілася ў лютым 2020 года — задоўга да пачатку рэпрэсій. У 2021 годзе тыя ж разлікі сведчаць пра неабходнасць забяспечваць харчаваннем у сярэднім 176 арыштантаў за суткі.
Варта адзначыць, што колькасць арыштантаў магла мяняцца цягам года. Мы вылічылі сярэдні паказчык, у розныя перыяды ён можа быць вышэйшы або ніжэйшы. Аднак атрыманыя звесткі дэманструюць, наколькі вырасла запоўненасць ізалятара на Акрэсціна ў перыяд рэпрэсій. Усё гэта таксама можа ўскосна сведчыць пра іх узмацненне.
Выдаткі на ежу для аднаго арыштанта на суткі за апошні год павялічыліся амаль на 23%. У суму 5,57 рубля (то-бок без нацэнкі і дастаўкі) уваходзіць трохразовае харчаванне: сняданак, абед і вячэра.
Колькі трацяць на харчаванне ў калоніях і СІЗА (прадукты часам закупляюць даражэй, чым у розніцы)
У 2021 годзе ўлады змянілі патрабаванні да якасці прадуктаў харчавання асуджаных, тых, хто знаходзіцца пад арыштам у СІЗА, і тых, хто адбывае пакаранне за правапарушэнне ў спецыяльных установах. Істотных зменаў не адбылося. «Звяртае на сябе ўвагу рэзкае зніжэнне колькасці рыбы — з 90−100 грамаў да 55−60 грамаў. І ў норме ўжо — рыба з галавой, у той час як раней — без. Але ўзамен з’явіліся мікраскапічныя 25 грамаў курыцы і 15−20 грамаў каўбасы. Трохі знізілася норма хлеба», — расказваў юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка.
Асуджаныя і тыя, хто адбывае суткі, нярэдка адзначаюць дрэнную якасць ежы ў месцах, дзе яны ўтрымліваліся. «Яна была вельмі кепскай: каша, макароны, рыс — усё нейкае пераваранае, таму я 12 дзён выліваў усё ва ўнітаз, трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць прававога самавольства», — расказваў гомельскі валанцёр Ілля Міронаў выданню «Штодзень» пасля выхаду з чарговых сутак у сакавіку гэтага года.
Пры гэтым цэны прадуктаў, якія закупляюць у калоніях і СІЗА, часам параўнальны з цэнамі прадуктаў у рознічных крамах.
Традыцыйна ў канцы зімы — пачатку вясны ўстановы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС масава закупляюць паслугі па пастаўцы прадуктаў харчавання да канца года. Адным з запатрабаваных пастаўшчыкоў можна назваць гаспадарку «Хутар-Агра», якая падпарадкоўваецца самому ДВП. Гэта дазваляе вывучыць актуальныя цэны такіх закупак.
У лютым жаночая калонія Гомеля падпісала з гэтай гаспадаркай дамову пра буйныя пастаўкі мясной прадукцыі цягам года. Сярод іх — 6,5 тоны замарожанай свініны другой катэгорыі па 9,8 рубля за кілаграм, 3,5 тоны ялавічыны па 12 рублёў за кіло. Тут жа калонія закупіла 1,25 тоны фаршу «Сялянскі» па 7,8 рубля за кілаграм. Яго цана выйшла блізкай да цаны ў розніцы.
На гэтым сельгаспрадпрыемстве працуюць людзі, якія ўтрымліваюцца ў ЛПП № 1 (лекава-працоўная прафілактычная ўстанова) Светлагорска. Імаверна, вырабляць мясную прадукцыю для ПК-4 будуць менавіта яны.
У лютым СІЗА № 1 закупіў у «Мінскага малочнага завода № 1» 2 тоны тварагу за 14,4 тысячы рублёў. Гэта 7,15 рубля за кілаграм. Пастаўляць яго будуць да канца года. Амаль за такую ж суму тварог (але абястлушчаны) можна купіць у краме, дзе звычайна цана вышэйшая, чым у выпадку аптовай пакупкі. Ізалятар таксама закупіў 3,64 тоны смятаны за 21,8 тысячы рублёў, або 6 рублёў за кілаграм.
Сёлета «Мёрскі мясакамбінат» будзе пастаўляць у СІЗА № 1 ялавічыну першага гатунку. Усяго закуплена 6 тон за 64,7 тысячы рублёў. У гэтым выпадку цана атрымліваецца ніжэйшай, чым устаноўленая ў прайс-лісце прадпрыемства для аптовых продажаў.
Гэты ж следчы ізалятар у 2023 годзе будзе закупляць пельмені ў ЛПП-1 Светлагорска. 16,5 тоны прадукту абыдуцца ў 90 тысяч рублёў. Гэта 5,5 рубля за кілаграм — даражэй, чым некаторыя варыянты пельменяў у рознічным гандлі. Пельмені ізалятар закупляў і раней. Другая нашая непрыемная выснова — прадукты для зняволеных часам закупляюць даражэй, чым яны каштуюць у розніцы.
Пры гэтым, як кажуць былыя палітвязні, іх на Валадарцы не кармілі пельменямі. Але на тэрыторыі СІЗА ёсць бальніца. Магчыма, гэты прадукт прызначаны для яе пацыентаў.
ПК № 9 у Горках закупіла 72 тысячы кілаграмаў шэрага хлеба за 68 тысяч рублёў, або 0,94 рубля за кілаграм. За 57 тысяч кілаграмаў белага хлеба калонія заплаціць менш — 57,7 тысячы рублёў. Пастаўшчыком хлеба будзе вытворчае прадпрыемства, створанае на базе гэтай жа калоніі.
ПК № 20 у Мазыры ў красавіку гэтага года выдаткавала 43,6 тысячы рублёў на куплю трох тон сметанковага масла. Гэта 14,5 рубля за кілаграм. Пастаўляць яго пачалі з 10 красавіка і працягнуць да канца года.
Папраўчая калонія № 5 закупіла ў «Івацэвіцкага раённага спажывецкага таварыства» 7500 кілаграм фаршу за 47,9 тысячы рублёў. За кілаграм выходзіць 6,4 рубля.