«Бачыў ад яго падтрымку і давер». Былы палітвязень Ціхан Клюкач выказаўся ў абарону Чудзянцова
11 красавіка «НЧ» апублікаваў аповед былога палітвязня Віктара Акцістава, у якім хлопец распавёў пра правілы выжывання ў зняволенні, норавы ў калоніі і «стукацтва» некаторых асуджаных. У прыватнасці, Віктар расказаў пра журналіста Уладзіміра Чудзянцова. 13 красавіка з рэдакцыяй звязаўся іншы экс-палітвязень, Ціхан Клюкач, і выказаўся ў абарону Чудзянцова.
Нагадаем, што казаў пра Уладзіміра Чудзянцова былы палітычны зняволены Віктар Акцістаў.
— Мне б хацелася расказаць пра аднаго з іх. Чалавек, пра якога я кажу, — Чудзянцоў, — адзначыў Акцістаў. — Ён рэгулярна дзеля задавальнення, без асаблівага ціску з боку адміністрацыі, супрацоўнічае з ёй. Ён даносіць, у тым ліку на «палітычных». Гэта яго намаганнямі апошнія некалькі дзён, якія я павінен быў правесці ў атрадзе і адсвяткаваць з таварышамі сваё вызваленне, я правёў у бальніцы. Са мной было ўсё ў парадку, проста «з аператыўных меркаванняў». Іншым пашчасціла менш: яны праз яго сядзелі ў ШІЗА, іх пераводзілі ў іншыя атрады. Але ён такім чынам вырашае свае праблемы і «стучыць» на ўсіх, хто яму не падабаецца. Праз гэта адбываюцца пастаянныя вобшукі і пошукі парушэнняў у зняволеных. Я абяцаў людзям, што раскажу пра тое, што ён робіць.
У публікацыі «НЧ» было падкрэслена: «Рэдакцыя не мае іншых доказаў паводзін Уладзіміра Чудзянцова ў калоніі, апроч слоў Віктара Акцістава».
Ціхан Клюкач даслаў у «НЧ» допіс, у якім выступіў у абарону Чудзянцова.
— Вось так заходзіш у вольную хвілінку пагартаць стужку навін у фэйсбуку і бачыш інтэрв'ю старога знаёмага па магілёўскай зоне (маецца на ўвазе Віктар Акцістаў. — «НЧ»), чытаеш і не верыш, і перачытваеш яшчэ раз, — напісаў Клюкач. — Тут мой асабісты дзякуй рэдакцыі «Новага Часу» за заўвагу, што яна не мае іншых доказаў паводзін Уладзіміра Чудзянцова ў калоніі, апроч слоў Віктара Акцістава. Але я не магу маўчаць.
Паводле слоў Ціхана Клюкача, ён знаходзіўся ў адным (16-м) атрадзе з Чудзянцовым, яны разам «хадзілі на прамзону».
— Я бачыў ад яго тое ж, што і ад большасці іншых палітвязняў — спачуванне, падтрымку, давер, — адзначыў Ціхан Клюкач. — А перанесці яму давялося больш, чым большасці іншых «нашых», ведаю гэта з яго слоў, ведаю гэта, бо бачыў стаўленне да яго супрацоўнікаў адміністрацыі, якія не прыхоўвалі сваёй нянавісці. Ведаю, што Чудзянцова прымусілі зняцца ў прапагандысцкім фільме лукашыстаў. Ведаю, што згода была выбіта з яго гэбістамі і каштавала яму большай часткі зубоў. Мяркую, пасля свайго вызвалення Чудзянцоў сам адкажа на пытанні, што з'яўляюцца ў грамадства.
Нагадаем, журналіст Уладзімір Чудзянцоў быў затрыманы ў лістападзе 2019 года ў цягніку падчас паездкі ў Польшчу. Паведамлялася, што ў яго знайшлі наркотыкі. Пазней Следчы камітэт паведаміў пра пачатую крымінальную справу па ч.2 арт. 167 Крымінальнага кодэкса («Гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару ў адносінах да непаўналетняга»). Канчатковае абвінавачанне было прад’яўлена па ч.2 арт. 343 («Распаўсюджванне парнаграфіі»). Журналіста прыгаварылі да 6,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу. Тэрмін быў скарочаны на адзін год па амністыі.