«Раскручванне спіралі абурэння не прывядзе ні да чаго добрага»
Як беларусы Літвы адрэагавалі на магчымыя візавыя абмежаванні.
Некалькі дзён таму стала вядома, што Літва плануе ўвесці шэраг абмежаванняў у дачыненні да беларусаў і расійцаў. Гэтыя абмежаванні тычацца ўезду і пражывання на тэрыторыі краіны. Партал «Delfi» сабраў рэакцыі беларусаў на гэтыя новаўвядзенні.
Візавыя абмежаванні, прадугледжаныя законапраектам, які прыняў у першым чытанні літоўскі Сейм, закранаюць значна больш беларусаў у Беларусі, чым тых, хто ўжо знаходзіцца ў Літве. Але і тут у супрацоўнікаў рэлакаваных кампаній і ўладальнікаў з нуля створаных беларусамі бізнесаў узнікаюць пытанні.
Пра якія абмежаванні вядзецца гаворка?
У ліку абмежаванняў, якія тычацца беларусаў, — прыпыненне прыёму заяў на:
- атрыманне шэнгенскіх і нацыянальных віз у візавых службах Літвы за мяжой, акрамя выпадкаў падачы дакументаў пры пасярэдніцтве МЗС і разгляду ўжо пададзеных заявак;
- выдачу літоўскага віду на жыхарства для тых, у каго няма дзеючай шэнгенскай або нацыянальнай візы або віду на жыхарства ў Літве ці іншай краіне ЕС, акрамя выпадкаў падачы дакументаў пры пасяэдніцтве МЗС;
- атрыманне электроннага статусу рэзідэнта;
- атрыманне грамадзянства Літвы і прыпыненне прыняцця рашэнняў па ўжо прынятых заяўках.
«За» законапраект у першым чытанні прагаласавалі 113 дэпутатаў, «супраць» не прагаласаваў ніхто, 9 устрымаліся — фракцыя «Партыі свабоды» (Laisvės partija) папраўкі не падтрымала. Праз дзень пасля галасавання ў Сейме прадстаўнікі «Партыі свабоды» прапанавалі выключыць з законапраекта пункт аб прыпыненні падачы заяў на атрыманне літоўскага грамадзянства для беларусаў. Закон уступіць у сілу ў выпадку яго адабрэння ў другім чытанні і будзе дзейнічаць год. Тэрмін прапанаваных абмежаванняў наўпрост звязаны з працягласцю ваеннай агрэсіі ў дачыненні да Украіны.
«Наблізіць Беларусь да Еўропы можна не закрыццём межаў, а праз еўрапейскі прыклад»
Каардынацыйная рада (КР) просіць перагледзець закон, які абмяжоўвае легалізацыю беларусаў у Літве:
«Атрыманне візы для тысяч беларусаў — пытанне жыцця, здароўя і свабоды». Калі закон будзе прыняты ў яго цяперашнім выглядзе, адзначаюць у КР, «беларусы фактычна акажуцца заціснутымі паміж рэжымам і візавымі абмежаваннямі, а патэнцыял барацьбы за дэмакратычныя перамены ў Беларусі будзе істотна абмежаваны».
«Мы верым, што Еўрасаюз спрабуе наблізіць Беларусь да Еўропы і еўрапейскіх каштоўнасцей... Гэта можна зрабіць не закрыццём межаў, а праз еўрапейскі прыклад — як дэмакратыя і правы чалавека працуюць у грамадстве, дзе выконваюцца правы любога, у тым ліку і народжанага ў Беларусі», — гаворыцца ў заяве КР. Акрамя таго, Каардынацыйная рада гатовая прапанаваць пастановы, «якія ўлічваюць меркаванні нацыянальнай бяспекі Літвы і інтарэсы беларускага грамадства ў садзейнічанні дэмакратычнаму транзіту».
Калі і караць візавымі санкцыямі, то тых, хто вінаваты. «Замест таго, каб выцягваць Беларусь і беларускае грамадства з "рускага" балота, нашы суседзі працягваюць інтэнсіўна яе тапіць», — так каментуе законапраект кіраўнік варшаўскага «Цэнтра палітычнага аналізу і прагнозу» Павел Усаў. На яго думку, калі Літва зацікаўленая ў дапамозе беларусам і добрых адносінах з нашай краінай, наадварот, павінна быць менш перашкод для выезду з краіны, больш падтрымкі, больш добразычлівасці да простых грамадзян. У той жа час, мяркуе Усаў, за шкодныя дзеянні беларускіх грамадзян у Літве ці ЕС неабходна павысіць адказнасць аж да пажыццёвай забароны на ўезд і для парушальніка, і для ўсёй яго сям'і. Такі ж падыход палітолаг прапануе выкарыстоўваць і ў дачыненні да ўсіх датычных да злачынстваў рэжыму. У адваротным выпадку «атрымліваецца, што лягчэй замураваць 9 мільёнаў беларусаў, чым пару тысяч чыноўнікаў разам з іх сем'ямі», — кажа Усаў.
«Прыраўноваць Беларусь да Расіі — няправільна»
«Падобна, што Літва разглядае Беларусь як частку нейкай вялікай Расіі», — адзначае, каментуючы законапраект палітычны аналітык з Лондана і супрацоўніца «Цэнтра аналізу еўрапейскай палітыкі» Кацярына Глод. Паводле яе слоў, агульны трэнд у краінах Балтыі, Польшчы і Чэхіі — лічыць, што да Беларусі павінны прымяняцца ўсе тыя ж санкцыі і павінна быць такое ж стаўленне, як да Расіі за ўдзел у агрэсіі супраць Украіны. Кацярына Глод упэўненая, што «так быць не павінна» і «трэба крытыкаваць літоўскі законапраект, падымаць гэтае пытанне ўсюды, дзе магчыма, трэба гаварыць пра гэта, таму што гэта абсалютна несправядлівае стаўленне да беларусаў, бо беларусы ставяцца зусім па-іншаму да вайны — у параўнанні са стаўленнем у Расіі. І прыраўноўваць Беларусь да Расіі — гэта няправільна».
Атрымаць візу ў Беларусі і цяпер вельмі складана, канстатуе Кацярына Глод, а зараз вельмі шмат хто ў Беларусі падпадуць пад прадугледжаныя законапраектам абмежаванні, і гэта вельмі моцна абмяжуе людзей унутры краіны. Палітолаг адзначае, што ўсё гэта добра разумеюць самі беларусы і тыя, хто ўважліва адсочвае сітуацыю ў Беларусі, але, гэта зусім невідавочна і незразумела ў вельмі многіх краінах, у тым ліку ў Еўрасаюзе і ЗША.
«Грамадзян краіны, якая знаходзіцца пад уладай дыктатуры, ставяць на адзін узровень з гэтай самай дыктатурай»
Гісторык і палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман назваў сам факт з'яўлення дакумента, які прадугледжвае абмежаванні для беларусаў у Літве, «не вельмі добрым сігналам — як гэта вяжацца з палітыкай Еўрасаюза ў дачыненні да беларускай грамадзянскай дэмакратычнай супольнасці?»
Аляксандру Фрыдману ўяўляецца, што ў краінах Балтыі наогул і ў Літве ў прыватнасці «ў прынцыпе не бачаць аніякай сур'ёзнай розніцы паміж Расіяй і Беларуссю і нават хутчэй успрымаюць Беларусь як тэрыторыю, якая ўжо знаходзіцца пад акупацыяй Расіі, успрымаюць Беларусь і Расію як пагрозу для сябе». Заканадаўчыя абмежаванні ў тым выглядзе, у якім яны прадстаўлены ў законапраекце, Аляксандр Фрыдман называе «дыскрымінацыйнай пазіцыяй», што, на яго погляд, «не тое, што на дадзены момант патрэбна» і «не адпавядае духу Еўрасаюза». Законапраект у яго цяперашнім выглядзе азначае, што «грамадзян краіны, якая знаходзіцца пад уладай дыктатуры, ставяць на адзін узровень з гэтай самай дыктатурай, і значыць, што яны гэтак жа падвяргаюцца дыскрымінацыі, як прадстаўнікі рэжыму», — кажа Аляксандр Фрыдман.
«Абмежаванні неабходна ўводзіць не па прыкмеце пашпарта, а па прыкмеце супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі»
Тлумачачы, што азначае для беларусаў прыняты законапраект, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр гаворыць пра прапанову распрацаваць механізмы верыфікацыі і аказаць іншую неабходную падтрымку, каб прадстаўнікі беларускай дыяспары не сутыкаліся з неапраўданымі абмежаваннямі, а таксама не адчувалі сябе ў сітуацыі нявызначанасці.
«Закон абараняе інтарэсы Літвы ў галіне нацыянальнай бяспекі, і мы разумеем непакой краіны. На наш погляд, закон павінен быць накіраваны на тых, хто, прыехаўшы ў Літву, працягвае супрацоўнічаць з рэжымам Лукашэнкі фінансава або шляхам перадачы інфармацыі сілавым структурам. І тут асцярогі літоўскага ўрада зразумелыя», — адзначае Крысціна Рыхтэр. Паводле яе слоў, «абмежаванні неабходна ўводзіць не па прыкмеце пашпарта, а па прыкмеце супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі».
«Раскручванне спіралі абурэння не прывядзе ні да чаго добрага»
Логіку аўтараў законапраекта тлумачыць палітолаг і кіраўнік літоўскага офіса «Freedom House» Віціс Юрконіс. Акрамя ўсяго іншага, ён падкрэслівае, што, калі спіраль абурэння і раздражнення будзе больш раскручвацца, гэта не прывядзе ні да чаго добрага — як для нашай краіны, так і для дэмакратычнай Беларусі. Акрамя таго, Віціс Юрконіс заклікае беларускія бізнесы, якія працуюць у Літве, «задацца пытаннем, ці не сядзяць у нас у кампаніях хлопцы ў пагонах або пенсіянеры з Мінабароны, МУС ці КДБ?»
«Літва не можа застацца апошняй лініяй абароны, — упэўнены Віціс Юрконіс. — Патрэбна нейкая дапамога з паляпшэннем "радараў" ад беларусаў».