«Беларускія спартсмены не павінны быць бенефіцыярамі разбурэння Украіны»
У той час як у фехтаванні і боксе прадстаўнікі дзяржаў-агрэсараў будуць выступаць разам з іншымі спартсменамі, міжнародныя федэрацыі хакея і лёгкай атлетыкі працягнулі забарону на ўдзел Расіі і Беларусі ў сваіх турнірах. Беларускія чыноўнікі пачалі абурацца!
![Беларускія хакеісты адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў. Ілюстрацыйнае фота: hockey.by Беларускія хакеісты адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў. Ілюстрацыйнае фота: hockey.by](/img/v1/images/vcs8pswnmg0.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Беларускія хакеісты адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў. Ілюстрацыйнае фота: hockey.by
На фоне размоў пра тое, што МАК можа дапусціць да кваліфікацыі Алімпіяды-2024 беларускіх і расійскіх спартсменаў пад нейтральным сцягам (да прыкладу, кіраўнік Фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін лічыць, што гэта сапраўды адбудзецца), адразу дзве міжнародныя федэрацыі працягнулі адхіленне атлетаў з краін-агрэсараў. Хакеісты ад міжнародных стартаў адхіленыя да канца сезона-2023/2024, а лёгкаатлеты не выступяць на спаборніцтвах пад эгідай Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (World Athletics) у «найбліжэйшай будучыні» — менавіта пра такія тэрміны заявіў прэзідэнт арганізацыі Себасцьян Коў. Еўрапейская лёгкаатлетычная асацыяцыя ж на пазачарговым пасяджэнні двухтыднёвай даўнасці паставіла куды больш канкрэтныя часавыя рамкі: беларусы і расіяне не выступяць на стартах пад іх эгідай да заканчэння вайны ва Украіне.
Рашэнне працягнуць бан Коў патлумачыў разбурэннямі і смерцямі (у тым ліку ўкраінскіх спартсменаў), што адбыліся за папярэдні год па віне рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, піша «Тр*буна».
— Сумленнасць нашых буйных міжнародных спаборніцтваў ужо значна падарваная дзеяннямі ўрадаў Расіі і Беларусі, пазбаўленнямі ўкраінскіх спартсменаў і разбурэннем спартыўных сістэм ва Украіне. Расійскія і беларускія спартсмены, многія з якіх маюць вайсковую прыналежнасць, не павінны быць бенефіцыярамі гэтых дзеянняў, — сказаў Коў.
Але, што парадаксальна, функцыянер паралельна разглядае магчымасць вяртання атлетаў дзвюх забаненых краін. Ён заявіў, што цягам некалькіх тыдняў World Athletics сфармулюе ўмовы, пры якіх адхіленне Расіі і Беларусі можа быць скасаванае. Для гэтага нават будзе створана рабочая група — мабыць, «бліжэйшая будучыня» ў разуменні Коў можа наступіць зусім ужо хутка.
![Знакаміты чэшскі хакеіст заклікае адхіліць расіян ад спаборніцтваў Чэшскі хакеіст — кіраўніцтву НХЛ, WTA: «Вы несяце поўную адказнасць за страчаныя ў вайне жыцці](/img/v1/images/dominik_hasek.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Больш за тое, World Athletics аднавіла сяброўства Расійскай Федэрацыі ў арганізацыі: яго Усерасійская федэрацыя лёгкай атлетыкі была пазбаўленая яшчэ ў лістападзе 2015 года на фоне шматлікіх допінгавых парушэнняў.
З хакеем пытанне закрылі да наступнага года: у сезоне-2023/24 зборныя і клубы з Беларусі і Расіі не выступяць на міжнародных стартах. Такім чынам, нацыянальныя каманды прапусцяць і ЧС-2023 у Фінляндыі-Латвіі, і ЧС-2024 у Чэхіі. Кіраўнік ІІХФ Люк Тардзіф адзначыў, што ціск на арганізацыю быў з абодвух бакоў, але гэта ніяк не паўплывала на выніковае рашэнне аб працягу бана. Галоўнай прычынай функцыянер назваў немагчымасць гарантавання бяспекі.
Аператыўна з гэтай нагоды з заявай выступіла Федэрацыя хакея Швецыі, якая падтрымала працяг санкцый.
— Гэта добрае і важнае рашэнне, што Расія і Беларусь не будуць дапушчаныя да ўдзелу ў міжнародных чэмпіянатах у наступным сезоне. Гэта рашэнне, якое мы ў шведскім хакеі падтрымліваем і лічым цалкам неабходным у бягучай сітуацыі, — гаворыцца ў заяве.
Намеснік камісара НХЛ Біл Дэйлі адзначыў, што рашэнне ІІХФ можа паўплываць на правядзенне Кубка свету ў 2025-м, куды ліга магла адпусціць у свае зборныя ўсіх наймацнейшых хакеістаў планеты.
Спартыўныя чыноўнікі ў Расіі і Беларусі ўбачылі ў пералічаных дзеяннях палітызаванае рашэнне «калектыўнага Захаду», які ўплывае на рашэнні арганізацыі, а галоўны трэнер ніжагародскага «Тарпеда» Ігар Ларыёнаў нават выступіў з прапановай ФХР выйсці са складу ІІХФ.
Былы кіраўнік беларускай Федэрацыі хакея Дзмітрый Баскаў, забанены ІІХФ на пяць гадоў, заявіў, што арганізацыя не выканала свае ж дамоўленасці аб тым, што лёс дыскваліфікаваных краін вырашыцца шляхам галасавання ўсіх федэрацый у траўні гэтага года — там, на думку лукашэнкаўскага сенатара, многія падтрымлівалі ідэю вяртання каманд. Не абышлося і без звыклай для яго згадкі маладых хакеістаў, якім разбураюць лёсы.
![Алег Гаруновіч: Хакей для Беларусі – нежыццяздольнае вычварэнне Алег Гаруновіч: Хакей для Беларусі — нежыццяздольнае вычварэнне](/img/v1/images/scale_1200__2__7.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
— Пасля заявы чыноўнікаў ІІХФ пра тое, што рашэнне аб вяртанні нашых каманд будзе прымацца агульным галасаваннем усіх федэрацый у траўні, ім жа тэрмінова спатрэбілася ўжо цяпер, напляваўшы на меркаванне федэрацый, прыняць спешнае рашэнне аб працягненні нашага адхілення яшчэ на адзін сезон. Вельмі дрэнна, калі лёсам спартсменаў (а пад адхіленне трапляе і наша юніёрская зборная — гэта 16-17-гадовыя хлопцы) кіруе купка баязлівых чыноўнікаў, якія пабаяліся даць магчымасць усім федэрацыям выказацца і зрабіць свой выбар, — сказаў Баскаў.
Меркавання пра тое, што большасць федэрацый падтрымала б вяртанне Беларусі і Расіі, прытрымліваецца і генеральны сакратар ФХБ Андрэй Башко.
— Такое рашэнне прыняў Савет [ІІХФ]. Савет — гэта крыху больш за дзесяць чалавек, і пераважна ён складаецца з прадстаўнікоў Балканаў і Скандынавіі (у Савеце ІІХФ няма прадстаўнікоў балканскіх краін. — Заўв. рэд.). Гэтае рашэнне павінен быў прымаць Кангрэс — гэта больш за 80 краін, якія павінны былі галасаваць. Я ўпэўнены, што калі б галасаваў Кангрэс, то рашэнне было б зусім процілеглым, — сказаў Башко.
А былы дырэктар аршанскага «Лакаматыва і падпісант ліста за сумленныя выбары Яўген Мазура лічыць, што гэтым працягненнем бана новае кіраўніцтва ІІХФ не хоча псаваць сабе рэпутацыю і дапускаць краін-агрэсараў да міжнародных спаборніцтваў, дадаючы легітымнасці іх дзеянням. У той час, як у іншых відах спорту, дзе спартсмены з Беларусі і Расіі ўжо дапушчаныя да стартаў (фехтаванне і бокс), існуе моцнае лобі расійцаў.
![Самыя гучныя карупцыйныя скандалы ў спорце з удзелам Расіі Хабар, бізнес, узнагароды. Як пуцінская Расія залагоджвае сусветны спорт](/img/v1/images/sport_corruption.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Варта адзначыць, што пасля заявы аб працягу адхілення Люк Тардзіф адзначыў, што вясной наступнага года Каардынацыйны камітэт ІІХФ вернецца да пытання вяртання каманд не толькі да чэмпіянату свету, але і да кваліфікацыйнага турніру Алімпіяды, які пачнецца летам наступнага года.