Беларуская кампанія дапамагала іранскай абыходзіць санкцыі: стваралі дроны

Украінскае прадпрыемства «Матор Січ» да вайны супрацоўнічала з некалькімі фірмамі з Ірана, якія зараз знаходзяцца пад украінскімі ж санкцыямі, а пасярэднікам служыла беларуская дзяржаўная кампанія «Белзнешпрамсэрвіс», якая дапамагала абыходзіць заходнія санкцыі. Паглядзіце на заблытаныя схемы.

Дроны Shahed-136, у распрацоўцы якіх удзельнічала падсанкцыйная іранская DAMA. Фота: gagadget.com

Дроны Shahed-136, у распрацоўцы якіх удзельнічала падсанкцыйная іранская DAMA. Фота: gagadget.com

У сакавіку прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зацвердзіў санкцыі РНБА супраць шэрагу іранскіх кампаній. Нагадаем, афіцыйны Кіеў лічыць Іран саўдзельнікам ваенных злачынстваў Расіі. 
У санкцыйным спісе РНБА "Схемы" выявілі некалькі фірмаў, з якімі супрацоўнічала стратэгічнае ўкраінскае прадпрыемства "Матор Січ" пад кіраўніцтвам Вячаслава Багуслаева, цяпер падазраванага ў дапамозе дзяржаве-агрэсару і калабарацыянізме. Пра гэта піша ўкраінскае выданне Схемы.
Па сцвярджэнні журналістаў, у іх распараджэнні ёсць дакументальныя доказы супрацоўніцтва "Матор Січ" з іранскімі кампаніямі, супраць якіх краіны Захаду да таго часу ўжо ўвялі санкцыі.
У прыватнасці, адна з іх — Design and Manufacturing of Aeroengines (DAMA) — датычная да распрацоўкі Дронаў Shahed-171 і Shahed-136,

якімі расійская армія масава атакуе ўкраінскія гарады.

Еўразвяз увёў санкцыі супраць DAMA яшчэ ў 2012 годзе, у 2022 годзе да іх далучыліся і ЗША.
Пры гэтым, як вынікае з расследавання, пасярэднікам-прадаўцом у пагадненні выступіла беларуская дзяржаўная кампанія "Белзнешпрамсэрвіс". Яна павінна была атрымаць авіярухавікі ад вытворцы — Матор Січ , а затым прадаць іх іранцам у абыход заходніх санкцый супраць Тэгерана.

Фота: Схемы

Фота: Схемы

У сваю чаргу "Белзнешпрамсэрвіс" сам знаходзіцца пад санкцыямі ЗША з-за гандлю з ваенна-прамысловым комплексам Сірыі і Ірана.
Паводле звестак журналістаў, кіраўнік іранскай DAMA Хусэйн Насір сустрэўся з гендырэктарам "Белзнешпрамсэрвісу" Аляксандрам Кучынскім і начальнікам дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці "Матор Січ" Алегам Дзюбай у чэрвені 2021 года ў Мінску. У той жа год у Беларусь неаднаразова прыязджаў і сам кіраўнік «Матор Січ» Вячаслаў Багуслаеў.
Таксама апублікаваны ліст Багуслаева на імя Хусэйна Насіра (з копіяй Аляксандру Кучынскаму), з якога можна зрабіць выснову, што супрацоўніцтва ажыццяўляецца з 2012 года. Акрамя таго, у лісце гаворыцца, што прамая здзелка з Іранам уяўляе пагрозу для ўкраінскай карпарацыі, таму мэтазгодна ўключыць у схему "Белзнешпрамсэрвіс" у якасці пасярэдніка.

dron4.jpg

Фота: Схемы
Нагадаем, 83-гадовага прэзідэнта «Матор Січ» Вячаслава Багуслаева затрымалі летась па падазрэнні ў калабарацыянізме (арт. 111-1 КК Украіны) і дапамозе дзяржаве-агрэсару (арт. 111-2 КК Украіны). Па аналагічных абвінавачаннях быў затрыманы і Алег Дзюба.
Журналісты праекта "Схемы" сцвярджаюць, што ў Вячаслава Багуслаева з 2000 года ёсць расійскае грамадзянства, а СБУ апублікавала запісы яго тэлефонных размоваў, якія, па дадзеных спецслужбы, пацвярджаюць яго супрацоўніцтва з Расіяй.
Па версіі следства, Багуслаеў мог быць датычны да незаконных паставак кампаніяй тавараў ваеннага прызначэння для расійскай штурмавой авіяцыі.
Матор Січ — украінскае прадпрыемства, якое займаецца распрацоўкай і вытворчасцю, рамонтам і абслугоўваннем авіяцыйных газатурбінных рухавікоў для самалётаў.
83-гадовы Багуслаеў быў яго кіраўніком з 1988 года. У 2013-м пакінуў пасаду, бо стаў дэпутатам парламента, і перайшоў на пасаду ганаровага прэзідэнта. Але ў рэальнасці працягваў кантраляваць прадпрыемства.
Бізнесмен - адзін з найбагацейшых людзей Украіны. Напрыклад, у 2018-м часопіс "Фокус" ставіў яго ў рэйтынгу на 21-е месца.