Івонка Сурвіла: Беларусь існуе і хоча быць незалежнай

25 сакавіка беларусы святкуюць Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Так званыя «афіцыйныя ўлады» гэтую дату не прызнаюць і звычайна «адзначаюць» яе арыштамі актывістаў. 

Беларусы святкуюць 105-ты Дзень Волі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларусы святкуюць 105-ты Дзень Волі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


БНР была абвешчаная 105 гадоў таму — у 1918 годзе — радай, абранай на Усебеларускім з'ездзе ў Мінску. Пазней раду перайменавалі ў Раду БНР. Як самастойная дзяржава БНР існавала да 1919 года, пасля чаго часовы парламент, якім стала Рада БНР, і сфармаваны ёю ўрад былі вымушаныя эміграваць і дагэтуль існуюць у выгнанні.

Сёння ў Раду БНР уваходзяць 80 прадстаўнікоў беларускай эміграцыі з 15 краін. Вось ужо чвэрць стагоддзя яе ўзначальвае Івонка Сурвіла з Канады. Напярэдадні Дня Волі яна расказала «Нямецкай хвалі», як цяпер працуе ўрад БНР, як яна ставіцца да Святланы Ціханоўскай і чаму беларусам варта павучыцца ў французаў.

— Чым цяпер займаецца Рада БНР?

— Мы інфармуем пра Беларусь, удзельнічаем у жыцці беларусаў свету. У нас ёсць кантакты з урадамі краін, у якіх мы жывем. Мы шмат працуем, каб пазнаёміць свет з Беларуссю, таму што вельмі доўга, фактычна да 2020 года, свет не мог зразумець, што ў Беларусі няма нічога агульнага з Расіяй.

Цяпер патрэбная будзе яшчэ вялікая праца — даказаць, што беларускі народ не ўдзельнічае і не хоча ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны.

Мы не ворагі Украіны. Над намі з'явіўся жудасны дыктатар, які ўцягнуў нас у гэтую вайну. Думаю, кожны беларус на яго за гэта вельмі злы.

Стаўленне да Святланы Ціханоўскай

— Як вы ставіцеся да новай беларускай апазіцыі, у прыватнасці, да Святланы Ціханоўскай?

— Святлана прыязджала ў Атаву чатыры месяцы таму, гэта была вельмі прыемная сустрэча, беларусы сустрэлі яе вельмі гасцінна, з вялікай радасцю і павагай. Яна робіць тую працу, якую трэба рабіць: інфармуе свет пра тое, што адбываецца ў Беларусі, і пра наша стаўленне да вайны з Украінай. Я ўдзячная ёй. У яе больш магчымасцей, чым у нас, таму што яна пабудавала сваю структуру на падмурку нашай рэвалюцыі 2020 года, калі свет убачыў, што Беларусь існуе і хоча быць незалежнай.


Мы працуем для дасягнення тых жа мэт. Ціханоўская — фактычна абраны прэзідэнт будучай беларускай дзяржавы без Лукашэнкі. Спадзяюся, яна дачакаецца гэтага часу. Мы ж — пераемнікі першага ўрада свабоднай Беларусі, які абвясціў яе незалежнасць у 1918 годзе.

З юрыдычнага пункту гледжання мы на дадзены момант больш легітымныя, таму што Святлана — прэзідэнт-элект: абраны, але не зацверджаны прэзідэнт. Мы ж працягваем працу зацверджанага ўрада БНР. У нас даўнія адносіны з рознымі краінамі, урадамі і беларусамі за мяжой. Кожны дзень з 25 гадоў, што я ўзначальваю Раду, я нешта рабіла для Беларусі.

— У беларускай апазіцыі часта ўзнікаюць канфлікты. Як беларусам прыйсці да паразумення?

Я цалкам згодная з Алесем Бяляцкім, які кажа пра публічны дыялог. Што нам трэба? Навучыцца размаўляць адно з адным. І навучыцца, калі ёсць нейкая праблема, калі ў Беларусі бяда, забываць пра рознагалоссі, працаваць разам, як гэта робяць многія свабодныя краіны Захаду. Я нядаўна ўспамінала выбары ў Францыі, калі Шырак змагаўся супраць Ле Пэна (прэзідэнцкія выбары ў Францыі 2002 года, у другі тур якіх выйшлі Жак Шырак і лідар Нацыянальнага фронту Жан-Мары Ле Пэн. — Заўв. рэд.). 80% французаў прагаласавалі за Шырака. Чаму? Таму што яны былі супраць шкоды, якую мог нанесці Ле Пэн. Тады за Шырака змагаліся ўсе партыі. У гэтым вялікі сэнс нацыянальнай годнасці, павагі і сілы.

Роля беларусаў у вайне з Украінай

— Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца, краіна фактычна стала саўдзельніцай вайны. У чым вы бачыце выхад з гэтай сітуацыі?

— Сітуацыя можа змяніцца хутка, а можа доўжыцца вельмі доўга, для гэтага трэба цярпенне, вера ў будучыню. На першае месца я б паставіла тое, каб беларусы ведалі і верылі, што гэта скончыцца, што гэта не будзе доўжыцца вечна. З нашага боку, тых, хто можа нешта зрабіць з іншымі краінамі, трэба запэўніць кожнага палітыка, што Беларуссю нельга гандляваць, што Беларусь патрэбная Захаду і свету гэтак жа, як і Украіна.


І ў выпадку неабходнасці, каб яны абаранялі нас, як абараняюць Украіну. Гэта вельмі важнае пытанне, я б хацела, каб кожны беларус памятаў пра гэта і выкарыстаў любую магчымасць, каб пра гэта гаварыць.

Тое, як мы зменім сітуацыю, безумоўна, будзе залежаць ад вайны ва Украіне, а таксама ад адносінаў беларускага народа з іншымі краінамі. Калі яны ўбачаць тое, што бачылі ў 2020 годзе — што незалежнасць і свабодная Беларусь стаяць на парадку дня беларусаў, — мяркую, яны нам дапамогуць.

— Якія прынцыпы заснавальнікаў БНР актуальныя і сёння?

— Заснавальнікі Беларускай Народнай Рэспублікі заявілі пра стварэнне незалежнай дзяржавы. У Другой Устаўной Грамаце сказана, які грамадскі лад мы хочам мець у Беларусі — гэта сучасная, дэмакратычная, незалежная дзяржава, у якую верылі яны тады і ў якую я цвёрда веру цяпер.


Будучыня залежыць ад нас

Таксама старшыня Рады БНР звярнулася да беларусаў з нагоды святкавання Дня Волі:

«Дарагія суродзічы, дзеля прысутнасці 105 гадоў таму пазней на нашай усходняй мяжы таго самага крывавага ворага, які дасюль не пазбыўся сваіх імперскіх намераў, мы сёння яшчэ раз абвяшчаем свету, што мэтай нашага народа дасюль ёсць змагацца ўсімі даступнымі нам сіламі, каб абараніць наш вольны і незалежны край ад цяперашняга самазванца і ад яго расійскіх патронаў, якія яшчэ ўсё пагражаюць зноў паняволіць наш народ.

Ад нас залежыць наша будучыня — ад кожнага і кожнай з нас!

Я хацела б, каб кожны з нас задумаўся, што асабіста ён ці яна можа зрабіць, каб прыцягнуць увагу вольнага свету да Беларусі. У цяперашні час гэта надзвычай важна — з улікам таго, якую ганьбу наклікаў на Беларусь дыктатар Лукашэнка сваім саўдзелам у расійскай агрэсіі супраць Украіны. Пакуль свет захапляецца адвагай украінцаў і абураецца злачынствамі Пуціна і расійскай арміі, беларусы павінны як наймацней словам і справай дэманстраваць свету, што яны на баку сіл дабра і што Лукашэнка не прадстаўляе наш народ. Не дай Бог, каб нехта прыдумаў аддаць Беларусь крываваму тырану ўзамен за мір ва Украіне!

Але разам мы не дамо ворагу разбіць нашую еднасць. Разам мы перанясём усе выпрабаванні і дасягнем нашай мэты: жыць на сваёй роднай зямлі, у сваёй і незалежнай дзяржаве, дзе мы самі будзем вырашаць аб будучых дзяржаўных сувязях Беларусі».