Збегчы з аўтазаку пад носам амапаўцаў

Чарговы Дзень Волі ў Мінску. 2000 год. Маладосць. Я працую ў найвыдатнейшай газеце «Беларуская маладзёжная». І разам з калегамі мы прыйшлі на плошчу Якуба Коласа — не толькі дзеля прафесійнага абавязку, а і дзеля свята.

Ілюстрацыйнае фота. Вайскоўцы на вуліцах Мінска на Дзень Волі. 25 сакавіка 2000

Ілюстрацыйнае фота. Вайскоўцы на вуліцах Мінска на Дзень Волі. 25 сакавіка 2000


Сонечна. Святочна і трывожна адначасова. Шмат людзей, якія віншуюць адно аднаго. Тады на плошчы сабралося каля 10 000 чалавек! Але і, як спяваў Deviation, «быдла з гумовымі дубінкамі насупраць» таксама нечакана многа. Апроч традыцыйных амапаўцаў з аўтазакамі ў той год цэнтр горада запоўнілі яшчэ і бэтээры, былі міліцыянты з сабакамі, вайскоўцы.
Карыстаючыся нагодай, ля прыступкаў філармоніі мы распаўсюджвалі нашу «БМ». Бралі ахвотна — сапраўды было добрае выданне, дзякавалі. Раз-пораз у натоўп уціскаўся АМАП, вычэпліваў людзей купкамі і цягнуў у аўтазакі. Зразумела, спрабавалі адбіваць, але дзе там. У той год на Дзень Волі хапун быў надзвычай актыўны, людзей хапалі яшчэ на падыходах да плошчы. Апроч удзельнікаў акцыі затрымалі і вельмі шмат журналістаў. Дакладней, журналістаў хапалі мэтанакіравана і вельмі агрэсіўна. Усіх адвозілі ў ангар на вуліцы Маякоўскага. Пасля стала вядома, што затрымалі каля пяці соцень чалавек, што для 2000 года было вельмі шмат. Падчас раздачы газеты схапілі і мяне разам з калегай і сяброўкай Алькай Навасёлкінай.
Насамрэч, да гэтага мяне затрымлівалі толькі аднойчы — яшчэ ў школе падчас пікетавання будынку Мінгарсавета супраць Камуністычнай партыі. Таму ўсё, што адбывалася, успрымалася з цікаўнасцю. Нас з Алькай кінулі ў аўтазак. Куды падзеліся газеты, што былі ў руках, ужо і не памятаю.


Акрамя нас у машыне нікога не было. Чамусьці аўтазак вырашыў пераехаць у крыху іншае месца, можа, каб зручней пакаваць было. Там дзверы адчыніліся, і стала зразумела, што зараз да нас некага дакінуць. І сапраўды, амапаўцы прыцягнулі двух польскіх журналістаў з відэакамерай. Але далей усё пайшло не па плане. Замест таго, каб спакойна зайсці ў аўтазак, калегі супраціўляліся і гучна абураліся, што ім пашкодзілі камеру. На нас з Алькай увагі ўжо ніхто не звяртаў, а дзверы заставаліся адчыненымі. І тады як быццам нешта шчоўкнула. Дзёрнула Альку за рукаў і сказала ціха: «Пайшлі». Асцярожна выйшлі з аўтазаку, потым спакойна рушылі ўбок, увесь час стрымліваючы сябе, каб не пабегчы і чакаючы крыкаў у спіну. Але ў нас атрымалася сысці незаўважанымі.
Гэтую гісторыю я пасля распавяла на старонках «Беларускай маладзёжнай», мы са смехам згадвалі яе неаднойчы. Але ёсць адзін успамін, які мне бы хацелася заблакаваць: на тую акцыю прыйшоў і мой тата. На яго вачах нас затрымлівалі, цягнулі ў аўтазак. І калі мы пераязджалі, ён бег следам, кульгаючы (у яго была хворая нага), і крычаў у адчаі: «Насця, Насця!». У той момант я дала сабе абяцанак ніколі больш не дапусціць такога, прынамсі, не хадзіць на несанкцыянаваныя мерапрыемствы разам з бацькам.