Самба на барабанах, Спеўны сход і сабакі. Дзень Волі адзначылі ў Батумі (фота, відэа)

Дзень Волі адзначылі і ў грузінскім Батумі, дзе месціцца даволі вялікая і дружная беларуская дыяспара. Праз геаграфічнае знаходжанне 25 сакавіка ў Грузіі пачалося раней за іншыя краіны, у якіх гэтае свята сёння адзначаюць беларусы. Што адбілася і на праграме мерапрыемстваў.

dzen_voli_batumi_25.03.2313_logo.jpg

Трэба адзначыць, што святочная праграма атрымалася даволі насычанай. З самога ранку адбыўся забег беларусаў са сцягамі па прыморскім бульвары.

Потым усе ахвотныя змаглі далучыцца да батумскіх удзельнікаў Спеўнага сходу. Урачыстая імпрэза прайшла ў Медыя Хабе, які нядаўна адкрылі беларускія журналісты.


Потым святкаванне зноў выйшла на вуліцы. Удзельнікі акцыі пад гукі бразільскай самбы на барабанах прайшлі маршам ад сонечнага гадзінніка да плошчы Еўропы, дзе адбыўся мітынг. Цікавы момант: як стала вядома «НЧ», сярод барабаншчыкаў, што суправаджалі марш, былі не толькі беларусы, але і расіяне. Бо, як сказаў адзін з удзельнікаў, музыка — адзіная для ўсіх, і мусіць несці пазітыў. Ён таксама дадаў, што сёння атрымалася сапраўднае беларускае свята. І падзякаваў гарадскім уладам за тое, што дапамаглі правесці яго, забяспечылі суправаджэнне.


Бразільская самба — важны элемент карнавалу, які ўжо шмат гадоў і беларусамі адаптаваны да вулічных акцый.


Мітынг распачаўся «Ваяцкім маршам» («Мы выйдзем шчыльнымі радамі…») у выкананні Спеўнага Сходу. Напачатку мітынгу вядоўца распавёў пра гісторыю свята, прычым, усе прамовы перакладаліся на грузінскую мову. Варта дадаць, што мерапрыемства было зарганізавана пры падтрымцы грузінскіх актывістаў.
Падчас мітынгу гучалі відэазвароты старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, Зянона Пазьняка, ваяроў палка Каліноўскага і Святланы Ціханоўскай.

dzen_voli_batumi_25.03.236_logo.jpg


Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых змагароў за незалежнасць нашай краіны.
На мітынгу згадалі таксама і пра палітычных вязняў. Быў абвешчаны збор рэчаў і ахвяраванняў у дапамогу рэпрэсаваным і тым, хто збег ад рэпрэсій і мае патрэбу ў дапамозе. Сабраныя грошы будуць накіраваныя сем’ям зняволеных і беларускім ваярам, якія зараз змагаюцца за свабоду Украіны.

dzen_voli_batumi_25.03.2321_logo.jpg


Кіраўнік беларускай дыяспары ў Аджарыі Аляксей Балашоў адзначыў у сваёй прамове, што «наша задача — падтрымліваць сваіх землякоў што з’ехалі ў нядолі, з адным заплечнікам. Ваяроў што бароняць Украіну і беларускі гонар. Мы павінны падтрымліваць нашу нацыянальную тоеснасць, каб дзеці ў замежжы раслі беларусамі».

aljaksej_balaszou_novy_czas_logo.jpg


Пад паланез «Развітанне з Радзімай» паказалі відэаролік — партрэты загінулых ваяроў.
На мітынгу выступіў і Аляксей Севярыненка, які прадстаўляе ўкраінскую грамаду ў Батумі.
«Мы, украінцы, ставімся да беларусаў як да братоў, як да сапраўды брацкага народа, — сказаў ён. — Справа, зразумела, не ў тым, што нашы краіны мяжуюць, і не ў тым, што нашы мовы блізкія — кожны з нас размаўляе сваёй моваю, і мы цудоўна адно аднаго разумеем. Справа ў тым, што ў нас у сярэдзіне, у сэрцы. Гэта пачуццё волі, свабоды. Гэта тое, што дае сілы дыхаць. З чым мы засынаем і ранкам прачынаемся. Тое, што мы перададзім нашым дзецям. Гэта тое, за што зараз б'юцца беларусы ў шэрагах палку Каліноўскага.
Сцяпан Бандэра казаў, што народ, які паміж хлебам ды воляю абярэ хлеб, згубіць усё, акрамя хлеба. А народ, што абярэ волю — абярэ сапраўдны хлеб. І ніхто яго не адбярэ. Мы вельмі добра ведаем, што вы адчуваеце наш боль, мы таксама адчуваем ваш боль як уласны. Нашы народы павязаныя агульным лёсам. Наша перамога ў барацьбе, якая трывае ўжо шмат стагоддзяў, можа быць толькі агульнай. Я лічу, што перамога Украіны над краінаю-агрэсарам, у якую мы ўсе шчыра верым, не будзе канчатковай да поўнага вызвалення Беларусі. Я веру, што неўзабаве мы будзем святкаваць агульную перамогу ў вольным Мінску. Жыве Беларусь! Слава Украіне!».

Аляксей Севярыненка

Аляксей Севярыненка

Прадстаўнік дыяспары Аджарыі ў Каардынацыйнай Радзе Раман Кісляк адзначыў, што «барацьба супраць тыраніі працягваецца. Я ўпэўнены, што мы вернемся ў Беларусь і будзем святкаваць там. Хай гэта будзе і не хутка».


Выступілі і музыканты, грамадскія актывісты.
Пасля мітынгу беларуская грамада Батумі збярэцца на «дваровую вечарыну» ў папулярным культурным цэнтры грамадскага жыцця «Аксяродак».