10 вершаў пра Беларусь

Калі ўзгадаць, каму і пра каго нашы паэты найбольш пісалі свае вершы, то адказ будзе адназначным: Беларусі і беларусам. Паспаборнічаць з імі могуць толькі шматлікія музы-каханкі і... Кастусь Каліноўскі. Адмыслова да Дня Волі мы сабралі падборку самых вядомых вершаў пра Беларусь.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Максім Багдановіч. Санет


Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі,

Над хвалямі сінеючаго Ніла,

Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла:

Ў гаршчку насеньня жменю там знайшлі.


Хоць зернейкі засохшымі былі,

Усё ж такі жыцьцёвая іх сіла

Збудзілася і буйна ўскаласіла

Парой вясеньняй збожжа на ральлі.


Вось сымбаль твой, забыты краю родны!

Зварушаны нарэшце дух народны,

Я верую, бясплодна не засьне,


А ўперад рынецца, маўляў крыніца,

Каторая магутна, гучна мкне,

Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.


1911


Уладзімір Дубоўка. О Беларусь, мая шыпшына


О Беларусь, мая шыпшына,

зялёны ліст, чырвоны цвет!

У ветры дзікім не загінеш,

чарнобылем не зарасцеш.


Пялёсткамі тваімі стану,

на дзіды сэрца накалю.

Тваіх вачэй — пад колер сталі —

праменне яснае люблю.


Ніколі пройме з дзікім ветрам

не развіваць дзявочых кос.

Імкнешся да Камуны Свету,

каб радасць красавала скрозь.


Варожасць шляху не зачыніць:

у перашкодах дух расце.

О Беларусь, мая шыпшына,

зялёны ліст, чырвоны цвет!


1925


Уладзімір Жылка. Беларусь


Беларусь, Беларусь — гэты зык

Паліць душу маю, як агнём.

Я не ведаю, чым ён вялік,

Але думак не змог я аб ём.

Як пачую яго, задрыжыць

Маё сэрца, заные ў грудзях,

І балюча так робіцца жыць,

І шукаеш чагосьці ў людзях.

Беларусь, Беларусь... гэтых слоў

Пойме музыку, хто ўсёй душой

І магутны, тужлівы іх зоў

Зловіць думкай сваёю жывой,—

Затрапеча, бы ранены, ён,

Задрыжыць пад навалаю дум:

Гэткі страшна-пакутны іх стогн

І аб волі бязмерны іх сум.

Беларусь, Беларусь — гэта дзей

І разумных, і слаўных прыклад;

Край вялікіх і дум, і людзей,

І бяздольна схіліўшыхся хат,

Дзе нядоля і гора спрадвек

І бяднота сярмяжных жывуць,

Крыўда дзе, паняверка і здзек

Краскай макавай ярка цвітуць.

Беларусь, Беларусь —

Край замчышч, курганоў,

Дзе таяцца страхоцці і звод,

Дзе русалкі выходзяць з віроў,

І начніцы вядуць карагод,

Дзе пад шум каласоў ведзьмары

На палетках заломы кладуць

І ў Купальскую ноч у бары

Забабоны ў пацёмках снуюць.

1920


Валерый Маракоў. Чуеш, Беларусь?


Былi iмкненнi,

Мары,

Барацьба,

Былi пажары бацькаўскiх палеткаў.

Ўзнiмала сцяг свой

Галыцьба —

Iх пачуццёў i радасцi iх

Сведку.


Кляпалi косы,

Плавiлi сякеры,

На панскi чэрап плавiлася сталь.

Ў разгары iх

Вялiкай веры

Ён на чале, павадыром iх

Стаў.


Любоў i вера…

Мары й маладосць…

Хто iх стрымае прагнаю рукой,

Дзе здзек,

Дзе катаванне ёсць —

Не можа быць там цiша

I спакой.


Кiпела сэрца над нядоляй краю,

Ўздыхаў наш край

Балотнымi грудзьмi.

Тут пад пятой

Расiйскiх генералаў

Душыўся ён крывёю

I слязьмi.


Iшла стыхiя…

Воля…

I адплата…

Палаў касцёр ў расхрыстаных грудзёх.

З любоўю сына,

Друга,

Брата

Ён аддаваў юнацкае жыццё…


О, Беларусь!

Цi чуеш ты,

Цi чуеш?..

Твой лепшы сын распяты за цябе.

Няўжо ў грудзёх тваiх

Начуе

Яго вялiкiх дум разбег?


О, мабыць не.

Я чую твае словы…

Я чую твой палаючы уздым —

Яны, як радасць песнi

Новай,

Даюць натхненне й веру

Маладым.


1928


Наталля Арсеннева. У гушчарах


У гушчарах, затканых імглою,

шэрым змрокам, на золку, ў зару

ахвяруем Табе мы сабою

кожны дзень, кожны час, Беларусь.


I няма ў сэрцах жаху, ні жалю,

мы адвагай змагарнай гарым:

не чужыя жануць нас удалеч,

але Ты нас вядзеш да зары.


I мы верым, яна разгарыцца,

ўстане зноў над краінаю дзень,

бо ня стане змагар, не скарыцца

прад нягодай ніколі, нідзе.


Хмараў дым над галовамі тае,

вецер дыхае мятай, быльлём.

Беларусь, Беларусь залатая,

за Цябе, за Цябе мы ідзём!


1940


Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня


Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,

Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,

Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы

І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.


Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,

Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель…

Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат, заб’ецца,

Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.


Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,

Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,

Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,

І бары-акіяны, і неба — разлівы ільноў.


Дзе мой край?

Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,

Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,

Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,

А мужчыны, як скалы, — ударыш, і зломіцца меч.


Дзе мой край?

Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,

Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,

А дзяўчаты — як дождж залаты. А сівыя матулі —

Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.


Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,

Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.

Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,

Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.


Ты — наш край.

Ты — чырвоная груша над дзедаўскім домам,

Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць,

Ты — наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому

Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.


Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі

І апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе.

Мы клянёмся табе, што ніколі,

Ніколі,

Ніколі,

Так,

Ніколі не кінем,

Не кінем,

Не кінем цябе.


1968


Анатоль Сыс. Пан Лес


Лес — гэта храм.

У ім акрыяе Хам.

Лес — гэта святарнае мейсца,

для душаў аблудных меса.


Меў золата, срэбра Крэз,

але калі б ён убачыў

хоць раз

            наш

                    бурштынавы Лес


вышэй ад варагавых мачтаў, —

паблякнула б срэбра яго

і золата б паржавела,

пад ногі б каменнем лягло

і сэнсу б суздром не мела,


бо Лес — гэта больш чым лес.

Вам ранілі гострым сэрца,

крывавіць, баліць парэз,

і хочацца толькі смерці,


стрывайце, знайдзіце моц

дайсці, дапаўзці да Лесу,

ён з боскай крыві прарос

пакутнікам правіць месу,


ён спыніць жывіцай кроў —

такога не змогуць людзі,

і, быццам прадвесні гром,

у Вас н е м а ў л я прабудзіць.


Жыццё і тым болей смерць

загубяць свой сэнс цялесны —

Пан Лес не дазволіць мець

пачуццяў, што шкодзяць Лесу,


бо нельга паганіць храм,

бо нельга святое нішчыць,

куды ж тагды прыйдзе Хам

ад хамства душу ачысціць?


Таццяна Зіненка. Беларусы


На даляглядзе ўсiх вякоў

Мы выжывалi без прымусу.

Няма на свеце ланцугоў

На мову i на беларусаў.


Нам час надарыўся такi:

Мы не разлучымся з сяўнёю.

Iдзём i помнiм: «Дзецюкi!

Дык сейце ж поўнаю рукою!»


I сеяць нам да той пары,

Пакуль за нашаю спiною

Нашчадкi нашы — Думары

Не ўзыдуць моцнаю сцяною.


I праплыве наш родны сцяг

Над Беларушчынай зялёнай.

I мова выб’ецца на шлях.

Яна ўцячэ iзноў з палону.


Даволi кпiнаў i маны!

Замiтусяцца бюракраты,

Бо мову нашую яны

Гвалтоўна кiнулi за краты.


А час такi, што без прыўкрас.

I нашай памяцi не студзiць.

I нараджаецца ад нас

Народ, якi ўжо заўтра — будзе!


Таццяна Сапач. Дзеці чорнага горада


Мы — дзеці чорнага горада,

мы выйшлі з ягонага чэрава,

мы сталі ягоным голасам,

а голас не мае ценю.

Мы — дзеці бацькоў памерлых,

мы носім чорныя строі,

і нашыя грубыя рукі

павек не адмыць ад работы.

Мы — дзеці шалёнага места,

мы жыць выходзім апоўначы,

і ты, выпадковы вандроўнік,

як трасцы, баішся нас.

Мы — дзеці мінулага часу,

мы носім пад чорнай вопраткай —

пад робамі і бразготкамі,

пад сэрцамі з дроту і кратаў,

на белых, бы акрушы, душах

чырвонай крывёй краслёнае —

ад нас адмыслова хаванае —

вашай радзімы імя.


Сяржук Сокалаў-Воюш. Беларусь мая


Аксамітны летні вечар ахінуў зямлю,

Я вазёрную сінечу вуснамі лаўлю.

Моўчкі слухаю ў росах песьню салаўя.

Над маім лунае лёсам Беларусь мая.


А над лесам, над сусьветам выпрастаў крыло

Залацісты човен ветах, зорнае вясло.

Стан дзявочы Белай вежы, подых ручая,

Я адной табе належу, Беларусь мая!


Там, дзе гойдае вятрыска залаты мурог,

Паўставалі камяніскі ля тваіх дарог.

Чырванее раньні золак, рэха ў гаях,

А ў грудзях тваіх асколак, Беларусь мая.


Мне краёў чужых ня трэба, як не варажы,

Не хачу чужога хлеба, радасьцяў чужых,

Бо чужына сэрца джаліць, цісьне, як зьмяя,

Бо гукае з дальніх даляў Беларусь мая.