Вайна павінна скончыцца вызваленнем Украіны і Беларусі — заява Рады БНР
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Івонкай Сурвілай выпусціла адмысловую адозву. У ёй яны заклікаюць усімі магчымымі спосабамі дапамагаць Украіне ў змаганні з агульным ворагам.
Год таму Расея пачала поўнамаштабовую вайсковую агрэсію супраць Украіны, што сталася найбольш крывавым збройным канфліктам у Эўропе з часоў Другой Сусьветнай вайны і ўжо прывяла да сьмерці соцень тысячаў чалавек, — гаворыцца ў заяве.
Рэжым узурпатара А. Лукашэнкі ў Беларусі зьяўляецца саўдзельнікам расейскае вайсковае агрэсіі.
Рада БНР канстатуе, што ў выніку злачыннай змовы А. Лукашэнкі з У. Пуціным фактычна адбылася вайсковая акупацыя Беларусі з боку Расеі. Войскі РФ актыўна выкарыстоўваюць беларускую тэрыторыю, паветраную прастору, транспартную, мэдычную і іншую інфраструктуру для мэтаў агрэсіі супраць Украіны.
Сярод іншага, рэжым Лукашэнкі зрабіў магчымым расейскую атаку на Кіеў на раньнім этапе цяперашняе вайны. Гэты наступ суправаджаўся ваеннымі злачынствамі, якія расейцы зьдзяйсьнялі ў мястэчках Буча, Ірпінь і іншых, і якія шакавалі ўвесь сьвет. А. Лукашэнка і ягоныя набліжаныя нясуць пэрсанальную адказнасьць за гэта і за тое, што Беларусь знаходзіцца ў кроку ад поўнасаштабовага ўвязваньня ў вайну, што азначала б гібель беларусаў дзеля інтарэсаў шавіністычнага рэжыму ў Расеі.
Рада БНР надалей заклікае ўсіх беларусаў любымі магчымымі спосабамі дапамагаць барацьбе Ўкраіны супраць расейскае агрэсіі. Такая дапамога была і ёсьць у інтарэсах Беларусі і беларускага народу.
Рада БНР выказвае сваю глыбокую пашану ўсім беларусам, якія на покліч свайго сумленьня, ідэалаў справядлівасьці, і дзеля беларускіх нацыянальных інтарэсаў пайшлі збройна абараняць Украіну; хто выказваў салідарнасьць з Украінай і чыніў практычны супраціў расейскай агрэсіі ў самой Беларусі ў акалічнасьцях надзвычайнае асабістае небясьпекі.
Рада БНР таксама выказвае шчырую падзяку сотням тысячаў беларусаў у замежжы, якія падтрымліваюць Украіну і беларускіх дабраахвотнікаў, што ваююць на яе боку, выразамі салідарнасьці і матэрыяльнымі ахвяраваньнямі.
Рада БНР заяўляе, што вайна павінна скончыцца ня толькі вызваленьнем усёй міжнародна прызнанай тэрыторыі Ўкраіны, але і поўным сыходам войск РФ зь Беларусі і забаронай іх вяртаньня зь якой-колечы прычыны. Аляксандар Лукашэнка і вайскова-палітычная вярхушка ягонага нелегітымнага рэжыму павінны быць у поўнай меры прыцягнутыя да юрыдычнае адказнасьці за саўдзел у злачыннай вайне пуцінскай Расеі супраць Украіны.
Свабодная Беларусь была і заўсёды будзе хаўруснікам Украіны ў барацьбе супраць нашага агульнага ворага. Гэтая барацьба ёсьць таксама барацьбой за вызваленьне беларускага народу ад марыянэткавай прорасейскай дыктатуры, якая пры наўпроставай падтрымцы Масквы пануе ў Беларусі з 1995 году.