Івонка Сурвіла: Разваліцца гэта імперыя зла, і мы будзем зноў «людзьмі звацца»

Старшыня Рады БНФ Івонка Сурвіла звярнулася да беларусаў з навагоднім зваротам.

survila_3.jpg

Дарагія мае суродзічы-беларусы,

Чым цяжэйшае нашае жыццё, тым лягчэй пераадольваюць бяду тыя з нас, хто верыць у будучыню.

Шмат дзесяцігоддзяў беларусы, раскіданыя пасля Другой сусветнай вайны па свеце, верылі, што дачакаюцца таго дня, калі вернуцца ў свой родны край. На кожным святкаванні Дня Волі ці Дня Герояў прыпаміналі, што не было тае імперыі, якая з часам не развалілася. Разваліцца і гэтая, і тады адродзіцца наш вольны незалежны край.

І яны дачакаліся. Хаця воля нашая доўга не пратрывала, усё ж мы памятаем той слаўны дзень 25 жніўня 1991 году, калі наш край зноў абвясціў сябе вольнай і незалежнай дзяржавай.

На жаль, мы не былі яшчэ гатовыя, каб абараніць гэтую волю і незалежнасць. Вораг зноў адабраў іх у нас.

Але мы дасюль верым, што і цяперашняя няволя не будзе вечнай. Як кажа наш нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, “я веру, бо ведаю, што пасля зімы прыйдзе вясна”.

Мае дарагія суродзічы, разваліцца й гэтая імперыя зла, і мы будзем зноў “людзьмі звацца”. Я моцна веру ў гэта, бо я дакладна гэта ведаю.

І гэтым разам мы будзем гатовыя бараніць сваю дзяржаву. Гора нас навучыла цаніць вялікую каштоўнасць, якой ёсць воля.

Дык з глыбіні сэрца жадаю ўсім вам: не губляйце веры! Бо на нашым баку Божая воля і наша бясконцая любоў да свайго краю.

З Новым годам, мае дарагія суродзічы!

Жыве Беларусь, і будзе жыць!