Будзьма моцнымі і шчаслівымі!

Здавалася, гэтаму году не будзе канца. Столькі ўсяго адбылося — для Беларусі, для Украіны, для свету. І, напэўна, як ніколі ў апошнія гадзіны 2022 года хочацца верыць у цуд, спадзявацца на лепшае ды дзякаваць за тое, што вытрымалі і застаёмся разам.

z_novym_hodam__logo.jpg

Хочацца верыць, што нарэшце нянавісць не будзе раз’ядаць сэрцы, а яе месца зоймуць дабро і спагада. Што мы навучымся пражываць кожную хвіліну нашага бясцэннага жыцця, напаўняючы яго любоўю і сэнсам. Што будзем дбаць пра тых, хто побач, і думаць пра тых, хто сёння не з намі. Што ніколі не забудзем тых, хто не дажыў…

Хочацца спадзявацца, што кожны наш крок, нягледзячы на памылкі і роспач, набліжае нас да нашай агульнай мары — нашай вольнай дэмакратычнай Беларусі. Краіны, дзе будзе лёгка дыхаць, дзе кожны чалавек будзе каштоўны, а кожны ўчынак — важны. Дзе закон, мараль і правы чалавека будуць падмуркам для нашай паўсядзённасці. Дзе будуць смяяцца дзеці і спакойна ўсміхацца старыя.

Кажуць, што часам людзі ўсміхаюцца не таму што шчаслівыя, а таму што моцныя. Дык будзьма моцнымі, каб быць шчаслівымі! Здароўя нам усім, каб дачакацца моманту, калі нарэшце адкаркуем тую запаветную бутэльку шампанскага і ўздымем келіх за свабодную Беларусь!