Топ-10 анімацыйных фільмаў на Новы год

Мультфільмы — гэта для дзяцей? Насамрэч нават самы дарослы і сур’ёзны чалавек мае шанец атрымаць бясконцае задавальненьне ад прагляду намаляваных ад рукі ці кампутары фільмаў. Безумоўна прыемна прачнуцца 1 студзеня, і яшчэ ў ложку ўключыць нешта з прапанаваных намі мультыплікацый. Мы склалі для вас адмысловы спіс лепшых стужак.

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі

Нумар 10. Душа (Soul). 2020

soul.jpg

Сучасны мульт пра спрадвечнае. Любы маленькі чалавек, не кажучы ўжо пра вялікіх — пачынае задумвацца: хто я і навошта я на зямлі? Досыць арыгінальную канцэпцыю прапанавалі стваральнікі «Душы». Чалавек, які выпадкова памірае ў Нью-Ёрку, мусіць адправіцца ў мейсца, дзе знаходзяцца душы пасьля сьмерці, але дзівосным чынам трапляе наадварот — туды, дзе душы толькі нараджаюцца, дзе яны атрымліваюць свае асаблівасьці і здабываюць адну самую галоўную адметнасьць. Без такой рэчы немагчыма трапіць у нованароджанага чалавека.

Прыгоды старога блюзмэна ў якасьці маленькай душы пачынаюцца. Дарэчы, у арыгінале назва перагукаецца і з тым, чым займаецца галоўны герой — музыкай соул. 

Нумар 9. Русалачка (The Little Mermaid). 1989

the_little_mermaid.jpg

Яшчэ з часоў Старажытнай Грэцыі існавалі розныя легенды пра тых, хто жыў пад вадою, у марскім каралеўстве. Акрамя розных багоў на чале з Пасейдонам, існавалі і іншыя гісторыі — пра русалак, якія былі і свавольнымі, і добразычлівымі. Галоўная гераіня тут — русалка вельмі маладая і добрая. Хто не ведае імя Арыэль?

Калісьці яна напаткала сваю мару — але вось праблема — ён не плавае пад вадою, а ходзіць па зямлі. Дзеля сапраўднага пачуцьця ім прыйдзецца прайсьці праз перашкоды і тады, магчыма, яны застануцца адным цэлым.

На што здольныя пайсьці закаханыя, калі ім спрабуюць ставіць палкі ў колы?

Арыэль — адна з улюбёных гераіняў для касплэю ў наш час. 

Нумар 8. Лэдзі і валацуга (Lady and the Tramp). 1955

lady_and_the_tramp.jpg

Часам добра зірнуць на чалавечыя гісторыі іншымі вачыма. У гэтым выпадку сапраўдныя жарсьці адбываюцца ў сьвеце сабакаў. Вы не паверыце, там амаль так як і ў нас: тыя ж простыя сабакі, якія спрабуюць знайсьці костку на абед, а разам зь імі і шляхетныя прадстаўнікі — кокер-спаніэлі, у якіх маецца выбар з дзясяткаў улюбёных страваў на кожны прыём ежы.

Нават там бываюць зусім ужо фантастычныя сітуацыя, калі дзьве гэтыя групы сабакаў сутыкаюцца і атрымліваецца рамантычная хімія. Шляхетная пані спаніэль вымушаная вырвацца з дому сваіх людзей-гаспадароў і шукаць паратунку на цёмных, невядомых і страшэнных вуліцах. Апроч небясьпекі яна сустракае і Валацугу.

Як выжыць разам сярод дзікіх гарадзкіх джунгляў? 

Нумар 7. Труп нявесты (Corpse Bride). 2005

corpse_bride.jpg

Цім Бёртан стварыў чарговы элемент свайго гатычнага кінасусьвету, гэтым разам у мультыплікацыі. Нягледзячы на малюнкі, адразу становяцца пазнавальнымі ўлюбёныя акторы рэжысэра, якія агучвалі і пазычылі свой вобраз галоўным героям — Джоні Дэп і Хелена Бонэм-Картэр.

Казка пра каханьне. У адной ангельскай вёсцы ў ХІХ ст. жыў Віктар, у якога была нявеста Вікторыя. Аднак цёмныя-прыцёмныя сілы зацягваюць хлопца ў іншы сьвет і прымушаюць ажаніцца зь іншай. Яна апынаецца, як зразумела з назвы — нежывой. Хаця акрамя гэтага нязначнага кампанэнту ўсё астатняе падаецца яму напачатку досыць цікавым у новым і незвычайным месцы.

Недзе там яго чакае Вікторыя, але як вырвацца з зачаравальнага месца назад? Цёмныя сілы на тое і цёмныя, што пакінуць іх зьяўляецца амаль немагчымым. 

Нумар 6. Ледавіковы перыяд (Ice Age). 2002

ice_age.webp

Зімовая-марозная анімацыя пераносіць наз у часы, калі халодна было заўжды. У Беларусі сустракаюцца валуны, занесеныя да нас у тыя часу з самой Скандынавіі. Быць можа акурат там і разгортваліся падзеі гэтага мульта?

Каб пазьбегнуць моцнага абмаражэньня, велічныя істоты плянэты, а таксама некалькі маленькіх, у якіх ляноты было больш чым уласнага цела — пачынаюць міграваць на поўдзень. Гісторыя разгортваецца вакол маманта, тыгра і дагістарычнай камбінацыі вавёркі і пацука. Ну і вядома аднаго зусім маленькага чалавека, якога сябры-жывёлы вырашаюць вярнуць людзям, якія таксама пачалі ўласны шлях у лепшае месца.

Шмат хто ў дзяцінстве перажываў падчас прагляду гэтай стужкі не толькі за галоўных герояў, але і за жолуд, які спрабавала выцягнуць гэтая вавёрка з розных заільдзянелых месцаў. Выйшла некалькі сіквэлаў — але адказ так і не быў дадзены. Толькі праз 20 гадоў, сёлета, стваральнікі выпусьцілі некалькі дадатковых хвілінаў, прысьвечаных гэтаму эпізоду.

Вавёрка атрымала свой жолуд! 

Нумар 5. Халоднае сэрца (Frozen). 2013

frozen.jpg

Калі марозіцца — тады па поўнай. Страшэнны заклён стварыў з багатай і радаснай краіны спрэс ільдзяное каралеўства. Прынцэса Ганна можа выратаваць радзіму, калі адшукае сваю сястру Эльзу. Прыгатуйцеся паўдзельнічаць у дзівосных сьнежных прыгодах.

Між іншым сьнег выглядае на экране зусім рэалістычна – стваральнікі прыдумалі адмысловае праграмнае забесьпячэньне, якое дазволіла рабіць падобны эфект.

Вось бы так і ў жыцьці — каб выратаваць радзіму, неабходна растапіць адно замерзлае сэрца.

Героі мультыплікацыі сустрэнуцца з філязофскім пытаньнем — калі пачне ўрэшце цяплець і жыцьцё прыходзіць у норму — аднаму зь іх — сьнегавіку Олафу прыйдзецца зьнікнуць пад сонцам? 

Нумар 4. Како (Coco). 2017

coco.jpg

У гэтым мульце тэмпература каардынальна адрозьніваецца ад мінулага — мы трапляем у Мэксіку. Прыгожы фільм пра сям’ю. У кожнай ёсьць гісторыі, якія лепш не выносіць на шырокі прагляд, але некаторыя зь іх кідаюць свой адбітак на некалькі пакаленьняў. І ў наш час бываюць выпадкі, калі бацькі кажуць дзіцяці: вырасьцеш, будзеш кім пажадаеш, толькі ня гэтым.

Акурат такі выпадак разглядаецца ў сям’і Како. Нікому зь іх нельга быць музыкам, бо шмат пакаленьняў таму іх продак узяў у рукі гітару і кінуў сваю сям’ю. Каб такое не паўтарылася, пакаленьне за пакаленьнем дзяцей трымалі далей ад музыкі.

Але хлопчык Мігель не здолеў супрацівіцца пакліканьню. У Мэксіцы на Дзень мёртвых можна сустрэцца з душамі тых, хто ўжо скончыў сваё зямное падарожжа, і хлопчык апынаецца ў краіне мёртвых. Там яго чакаюць дзівосныя адкрыцьці і ўрэшце ён даведаецца страшэнную таямніцу — таямніцу яго прапрабабулі Како. 

Нумар 3. Шрэк (Shrek). 2001

shrek.jpg

Па-габрэйску шрэк — гэта монстр. Зялёная істота Шрэк ім і зьяўляецца — паглядзіце на яго! Сапраўдны людажэр. Яго можна баяцца, абыходзіць і не мець зносінаў. Нешта іншае — ужо дзіўна.

Аднойчы яго разважлівае самотнае жыцьцё зьмяняецца. Злы лорд выганяе надакучлівых казачных істотаў, і яны апынаюцца перад домам Шрэка. Абставіны складваюцца так, што людажэр вымушаны пайсьці на выкананьне волі лорда: неабходна выратаваць прынцэсу Фіёну з высокай вежы ў далёкім замку, каб тая выйшла замуж за лорда. Шрэк выбіраецца ў дарогу.

Гэтая казка прагледжаная не адным пакаленьнем дзяцей і дарослых. Знайдзіце паўтары гадзіны і вы. 

Нумар 2. Гісторыя цацак (Toy Story). 1995

toy_story.jpg

Калі людзі засынаюць ці выходзяць з пакою — прачынаюцца цацкі. Ці вы не ведалі? Менавіта таму іх можна знайсьці на раніцу ў самых незвычайных месцах. Але часам некаторыя зь іх знаходзяцца пашкоджанымі. Справа ў тым, што сярод цацак таксама бываюць канфлікты, і некаторыя зь іх могуць сапсаваць іншых.

Што рабіць, калі ўлюбёная цацка перастае ёю быць? Новы фаварыт больш сучасны, больш сьвежы, а яшчэ і астранаўт. У той час як стары герой — звычайны каўбой Вудзі. Пачынаецца змаганьне за ўвагу гаспадара — маленькага хлопчыка. 

Нумар 1. Кароль Леў (The Lion King). 1994

the_lion_king.jpg

Акуна матата. Вы яшчэ ня ведаеце жыцьцё, калі значэньне гэтага выразу вам не знаёмае. Афрыка, у караля жывёлаў льва Муфасы нараджаецца спадкаемца — Сімба. Ва ўсе часы такія падзеі выводзяць на злую сьцяжыну зайздросьнікаў і папросту злачынцаў. Дзядзя караля, хітры, але пабіты жыцьцём Шархан вырашае адпомсьціць усім і захапіць каралеўства жывёлаў. А дзеля гэтага неабходна разабрацца з каралём і прынцам.

Вельмі цікавым падаецца тое, што імя Муфаса меў апошні кароль народа, які жыў на тэрыторыі Кеніі, да яе калянізацыі брытанцамі. Гісторыя пра караля льва насычаецца новымі сэнсамі.

Гісторыя вучыць нас, што нават у сітуацыі з часовым захопам улады, калі кіраваць пачынае ўзурпатар, знойдзецца той, хто кіне яму выклік. І ў выніку безумоўна пераможа.