Літва забароніць расійцам і беларусам купляць нерухомасць і падавацца на грамадзянства?
Сейм Літвы ў першым чытанні ўхваліў законапраект, які забараняе грамадзянам Расіі і Беларусі падаваць заявы на грамадзянства, а таксама купляць нерухомасць. Але ёсць і выключэнні.

Фота: прэс-служба Сейма Літвы
Закон аб міжнародных санкцыях плануецца дапоўніць новым раздзелам, які будзе рэгуляваць усталяванне абмежавальных мер законамі Літвы, калі гэта не супярэчыць міжнародным абавязацельствам і праву ЕС, піша «Еўрапейская праўда».
«Пераважная большасць грамадзян Расіі падтрымліваюць захопніцкія ваенныя дзеянні сваёй краіны, яны не прымаюць мер для спынення агрэсіі рэжыму сваёй краіны, таму адказнасць кладзецца і на іх. Для таго, каб змяніць паводзіны, мэтазгодна ўсталяваць абмежавальныя меры, звязаныя з магчымасцю грамадзян Расіі і Беларусі наведваць Літву і ўязджаць на тэрыторыю Еўрапейскага Саюза», — заявіла намесніца міністра замежных спраў Літвы Ёвіта Нелюпшэне, прадстаўляючы праект на пасяджэнні Сейма.
Законапраект прапануе прыпыніць прыём візавых хадайніцтваў ад грамадзян Расіі і Беларусі ў візавых установах Літвы за мяжой, за выключэннем выпадкаў, калі МЗС Літвы выступае пасрэднікам у падачы візавага хадайніцтва.
Акрамя таго, у выпадку прыняцця закона будзе прыпынены прыём заяў грамадзян Расіі і Беларусі аб атрыманні грамадзянства Літвы.
Як і раней, атрымаць ВНЖ або нацыянальную візу Літвы грамадзянам Беларусі і Расіі можна будзе толькі пры пасрэдніцтве МЗС Рэспублікі (гэта значыць, па прычыне пераследу). Пры падачы анкеты на візу або ВНЖ расійцы і беларусы павінны адказаць на пытанні аб прыналежнасці Крыма і пра тое, ці падтрымліваюць яны вайну ва Украіне. Таксама ў дачыненні да грамадзян Беларусі і Расійскай Федэрацыі, якія перасякаюць мяжу, будуць праводзіцца дадатковыя праверкі, гаворыцца ў прэс-рэлізе Сейма.
Нагадаем, што цяпер у Літве пражывае 48 804 грамадзян РБ, такім чынам беларусы сталі другой па колькасці групай сярод замежнікаў у гэтай краіне, саступаючы толькі ўкраінцам.
