Прэм'ерка Літвы лічыць, што варта наогул спыніць чыгуначны транзіт угнаенняў з Беларусі

Адмова ад перавозкі беларускіх угнаенняў была б самым простым рашэннем для «Літоўскай чыгункі», лічыць прэ'ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманітэ.

_czyhunka___pajazdy__ruh__fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__2___1__logo.jpg

Прэм'ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманітэ лічыць, што праблему магчымага парушэння міжнародных санкцый і кантрабанды ў Літву беларускіх карбамідных угнаенняў можа вырашыць адмова кампаніі «Літоўская чыгунка» ад перавозкі такіх тавараў, піша Delfi.lt.

Паводле яе слоў, хоць «ЛЧ» і кіраванае дзяржавай прадпрыемства, але ўсё ж камерцыйнае, таму гэта пытанне выбару, з якімі партнёрамі «Літоўскім чыгункам» мець справу, а з якімі не.

«Атрымліваеш заказ на перавозку ўгнаенняў. Хай самі ўгнаенні не пад санкцыямі, але яны перавозяцца адтуль, дзе ёсць падсанкцыйная кампанія-вытворца ўгнаенняў, як у гэтым выпадку з «Гродна Азотам»... Так, хай там ёсць намаляваная ў нейкай беларускай установе паперка, у якой сцвярджаецца, што гэта ўгнаенне было выраблена нейкім ЗАТ «Тры парасяты», але ёсць шмат вялікіх пытанняў, ці магло так быць. Адмова ад перавозкі такога грузу, на маю думку, — самае простае рашэнне», — сказала Шыманітэ 2 сакавіка.

Палітык патлумачыла, што спектр санкцый у Еўрасаюзе даволі складаны, але ёсць простыя спосабы знізіць нагрузку на ўстановы пры спробах імпарту беларускіх угнаенняў рознымі спосабамі.

«Што да «Беларуськалія» — і тавар, і кампанія, і ўладальнікі пад санкцыямі, «Гродна Азот» — кампанія і ўладальнікі, але не прадукт. Ёсць спробы падробкі паходжання, мы геаграфічна знаходзімся ў такім месцы, праз якое спрабуюць трапіць у ЕС. Натуральна, што ў нас вялікая нагрузка. Але мне здаецца, што ёсць адносна простыя рашэнні, якія могуць знізіць нагрузку на ўстановы, таму што заробак тут сапраўды вельмі нізкі і гнацца за гэтым, я думаю, не варта», — сказала кіраўніца ўрада Літвы.

Яна таксама адзначыла, што асобныя камерцыйныя ўгоды, асабліва з таварамі, якія знаходзяцца ў шэрай зоне, ствараюць рэпутацыйную рызыку для кіраваных дзяржавай «Літоўскіх чыгунак». Шыманітэ адзначыла, што становішча «ЛЧ» рэзка змянілася, і велізарны паток паслуг, які ішоў на ўсход, быў спынены, таму цяпер кампаніі трэба пераарыентаваць сваю дзейнасць на заходнія рынкі.