«Абмежаванні неабходна ўводзіць не па прыкмеце пашпарта, а па прыкмеце супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі»

Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр пракаментавала законапраект «Аб увядзенні абмежавальных мер у дачыненні да ваеннай агрэсіі супраць Украіны», які Сейм Літвы 21 сакавіка прыняў у першым слуханні.

Крысціна Рыхтэр. Фота ОСЦ

Крысціна Рыхтэр. Фота ОСЦ


Крысціна Рыхтэр падкрэсліла, што гэты закон не мяняе візавых абмежаванняў, якія ўжо існуюць для беларусаў. Гэтыя абмежаванні былі ўведзеныя ў сувязі з абвешчаным надзвычайным становішчам. Гуманітарныя візы выдаваліся з падтрымкай МЗС Літвы, і для людзей, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій рэжыму, працэс атрымання віз застанецца нязменным.

Грамадзяне Беларусі, якія ўжо маюць часовыя віды на жыхарства, або нацыянальныя літоўскія візы, або шэнгенскія візы, выдадзеныя Літвой, змогуць працягнуць падавацца на атрыманне часовага віду на жыхарства.

Законапраект таксама абмяжоўвае атрыманне электронных рэзідэнцтва і подпісу, і пакуль што не да канца зразумела, ці будзе магчымасць у тых, хто ўжо меў рэзідэнцтва абнавіць яго, калі скончыцца тэрмін дзеяння.

«Нельга казаць, што гэтыя абмежаваньні не адпавядаюць міжнародным стандартам правоў чалавека. Закон абараняе інтарэсы Літвы ў галіне нацыянальнай бяспекі, і мы разумеем непакой краіны», — дадае адмыслоўца.

«На наш погляд, закон павінен быць накіраваны на тых людзей, хто прыехаўшы ў Літву, працягвае супрацоўнічаць з рэжымам Лукашэнкі фінансава або шляхам перадачы інфармацыі сілавым структурам. І ў гэтай частцы асцярогі літоўскага ўрада зразумелыя. Беларускія дэмакратычныя сілы ў гэтай частцы толькі вітаюць намаганні Літвы, разумеючы небяспеку прысутнасці такіх людзей на яе тэрыторыі. Аднак у Літоўскай Рэспубліцы нямала людзей, якія вымушана пераехалі ў краіну з-за палітычна матываванага пераследу і працягваюць супраціў рэжыму, які ўсталяваўся ў Беларусі», — кажа яна.


Як адзначае дарадца Ціханоўскай, гэты закон таксама б'е па тых, хто пражыў у Літве больш за 10 гадоў, бо законам прыпыняецца разгляд заяў аб прыёме ў грамадзянства Літвы. Гэта палажэнне тычыцца тых, хто яшчэ да падзей 2020 года і нават да анэксіі Крыма аказаўся ў Літве, пабудаваў сваё жыццё тут — вывучыў мову, уладкаваўся на працу або адкрыў сваю справу і ўносіць істотны ўклад у эканоміку Літвы. Такія кампаніі, як FLO, Wargaming і EPAM ужо традыцыйна ўваходзяць у топ IT-бізнэсаў па выплачаных падатках, а большасць іх супрацоўнікаў — грамадзяне Беларусі. Больш за тое, пры прыёме ў грамадзянства Літоўскай Рэспублікі прэтэндэнты праходзяць строгі кантроль, у тым ліку з боку службаў бяспекі Літвы.

«Для таго, каб пазбегнуць непаразуменняў з літоўскім бокам, мы гатовыя актыўна працаваць з дзяржавай, каб абмежаванні не закраналі тых, хто выразна і адназначна выказаўся супраць расійскай агрэсіі ва Украіне і супрацьстаіць чалавеканенавісніцкай палітыцы рэжыму Лукашэнкі. Мы можам прапанаваць Літве распрацоўку механізмаў па верыфікацыі і іншай неабходнай падтрымцы, каб прадстаўнікі беларускай дыяспары не сутыкаліся з неапраўданымі абмежаваннямі ў свой адрас, а таксама не адчувалі сябе ў сітуацыі нявызначанасці. Законапраект у прапанаваным выглядзе стварае значныя складанасці для законапаслухмяных і лаяльных Літве грамадзян Беларусі, у тым ліку доўгі час пражываюць у Літоўскай Рэспубліцы. Мы адсочваем рэакцыю нашай дыяспары на гэты законапраект і ведаем пра ўсе тыя турботы, якія ўзнікаюць у чатах беларусаў у Літве», — зазначыла яна.

Офіс Святланы Ціханоўскай лічыць, што падобныя абмежаванні неабходна ўводзіць не па прыкмеце пашпарта, а па прыкмеце супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі, выключаючы з іх людзей, якія супраціўляюцца рэжыму і вайне ва Украіне, заявіла Крысціна Рыхтэр.