Любы беларус — гэта патэнцыйная пагроза для Літвы?
Беларуская экспертная супольнасць пачала разважаць пра новы літоўскі закон. І думкі, традыцыйна, палярныя: ад ацэнкі закона як «самага непрадуманага і шкоднага рашэння» да «пакуль няма чаго хвалявацца».
Сейм Літвы ў першым чытанні прыняў законапраект, які забараняе беларусам і расіянам падаваць заявы на грамадзянства.
На думку аўтараў паправак, «абмежавальная мера не скасуе магчымасць атрымання грамадзянства Літоўскай Рэспублікі, а толькі часова прыпыніць прыём заяў і прыняцце рашэнняў аб прыёме ў грамадзянства».
Беларуская супольнасць пачала каментаваць законапраект, прыняты Сеймам Літвы ў першым чытанні.
Палітолаг Павел Усаў у сваім тэлеграм-канале адзначыў:
— Ну што тут скажаш, проста «геніяльна». Самае непрадуманае і шкоднае рашэнне ў дачыненні да беларусаў. Дыскрымінацыя па ўсіх напрамках працягваецца.
Замест таго, каб выцягваць Беларусь і беларускае грамадства з «рускага» балота, нашы суседзі працягваюць інтэнсіўна яе тапіць. І гэта абмяжоўваюць дзеянні ў дачыненні да тых, хто даўно пражывае на тэрыторыі Літвы.
Гэта значыць, любы беларус — гэта патэнцыйная пагроза нацыянальным інтарэсам Літвы?!
Андрэй Стрыжак не такі катэгарычны і прапануе пакуль не хвалявацца, там што «Літва — не Беларусь».
— Паводле новага Літоўскага закону, які сур'ёзна абмяжоўвае правы беларусаў:
- гэта першае чытанне, канчатковы тэкст з'явіцца толькі пасля другога чытання;
- юрысты старанна чытаюць тэкст, чакайце іх каментаў;
- асноўная частка абмежаванняў ужо і так дзейнічаюць у рамках «надзвычайнага становішча», уведзенага ў сувязі з гібрыднай міграцыйнай атакай;
- Літва — не Беларусь. Тут ёсць інструменты адвакацыі нашых інтарэсаў, і яны працуюць прама зараз;
- кіпішаваць зарана. Сачыце за мной. Калі я пачну кіпішаваць — будзе самы час.
Палітык і журналіст Сяргей Навумчык у сваім тэлеграм-канале робіць гістарычны экскурс у мінулае і прыгадвае лайнер «Сент-Луіс»:
— Вырашаць, ці могуць грамадзяне Беларусі ўехаць на тэрыторыю Літвы ці Чэхіі – выключнае права саміх Літвы ці Чэхіі. Як і забарона ўрадам Балгарыі паштовых адпраўленняў у Беларусь — суверэннае права ўраду Балгарыі (мне, праўда, няясна, што такое, пагражаючае нацыянальным інтарэсам Балгарыі ці інтарэсам бяспекі ўсяго ЕС, можна пераслаць у лісце ці пасылцы з Сафіі ў Менск).
Роўна як вясной 1939 урады Кубы, ЗША і Канады мелі поўнае, прычым законнае, права адмовіць у прыёме пасажыраў акіянскага лайнера «Сент-Луіс», які адышоў з порту Гамбургу з 937 пасажырамі, большасць з якіх былі яўрэямі.
«Сент-Луіс» быў вымушаны вярнуцца ў Еўропу. 254 чалавекі потым загінулі ў Халакосце.
Нагадаем, як пісаў НЧ, літоўскі законапраект прапануе прыпыніць прыём візавых хадайніцтваў ад грамадзян Расіі і Беларусі ў візавых установах Літвы за мяжой, за выключэннем выпадкаў, калі МЗС Літвы выступае пасярэднікам у падачы візавага хадайніцтва. Акрамя таго, у выпадку прыняцця закона будзе прыпынены прыём заяў грамадзян Расіі і Беларусі аб атрыманні грамадзянства Літвы. Аднак, як і раней, атрымаць ВНЖ або нацыянальную візу Літвы грамадзянам Беларусі і Расіі можна будзе толькі пры пасярэдніцтве МЗС Рэспублікі (гэта значыць, па прычыне пераследу).