«Каворкінг замест кароўніка». Эксперты высмеялі ідэю IT-вёскі, якую прапануе рэжым
Беларускія ўлады вырашылі адраджаць беларускі IT-сектар не толькі схаванай статыстыкай, але і стварэннем інавацыйнай IT-вёскі. Плануецца, што пад Жабінкай будзе пабудавана больш за 30 прыватных дамоў на 6 гектарах. Тым, хто пагодзіцца падымаць IT на вёсцы, абяцаюць падатковыя льготы, нагадвае «Е*рарадыё».
У сеціве гэта адразу выклікала хвалю жартаў. Выданне даведалася, што думаюць пра вёску новага пакалення айцішнікі і эканаміст.
«Калі будзе вёска, то павінны з’явіцца і IT-могілкі»
Не абышоў тэму блогер і айцішнік Міхаіл Цыганкоў, вядомы ў твітары як Спадар Джыпсінкоў:
— Многіх павесяліла навіна аб з'яўленні ў Беларусі IT-вёскі.
Але сапраўдная задума ўладаў раскрываецца, калі падумаць, што калі будзе першая
IT-вёска, то павінны з'явіцца і першыя
IT-могілкі.
З іншага боку, Джыпсінкоў расказвае, што, можа, і сам
калісьці паехаў бы ў вёску:
— Айцішнікі могуць адрознівацца. Вось проста зараз не паехаў
бы. А, умоўна кажучы, калі б мне было далёка за 35 год, горад ужо надакучыў,
хацелася б цішыні і была магчымасць працаваць з дому, то чаму не? Мэтавая
аўдыторыя пры стварэнні правільных умоў і выгады пражывання ў такога праекта
магла б з'явіцца. Але гэта ў вакууме. У кантэксце сённяшняй Беларусі — гэта ўсё фантастыка.
Наўрад ці ўлады спрабуюць такім чынам уратаваць IT, з якога
працягваюць бегчы людзі, лічыць суразмоўца.
— Хутчэй за ўсё, усё прасцей. Людзі ў міністэрствах
працуюць, атрымліваюць заробак, трэба рабіць нейкія праекты. Ну, вось вам тады
праект нібыта для развіцця ІТ, стыльны, модны, моладзевы. І гучыць добра, і на
прэзентацыях і ў загалоўках глядзецца будзе нядрэнна.
Сённяшнія праблемы беларускага ІТ — далёка не ў адсутнасці
вёсак з ільготным падаткаабкладаннем, а ў той частцы жыцця дзяржавы, дзе «часам
не да законаў». А там, дзе часам не да законаў, туды інвестар і заказчык не
ідзе. Вось пакуль гэтая фундаментальная праблема не вырашыцца, то карыснымі
будуць толькі ІТ-могілкі, а не ІТ-вёскі, — адзначыў Джыпсінкоў.
«Так не працуе нават у ідэальных умовах»
ІТ-прадпрымальнік, адзін са стваральнікаў платформы «Н*вая Беларусь» Яраслаў Ліхачэўскі кажа, што таксама калісьці мог бы паехаць жыць у вёску:
— Не ведаю, наколькі трэба, каб яна была IT-вёскай. Але,
мабыць, не цяпер яшчэ.
Калі казаць пра цяперашнюю ініцыятыву ўладаў, то выглядае
ўсё досыць сумна, кажа суразмоўца:
— Якая можа быць інвестыцыйная прывабнасць у краіне, дзе не
працуюць законы? Я як прадпрымальнік, інвестар не магу ўкладаць свае грошы
туды, дзе яны не абароненыя. Таму, напэўна, не вёскамі трэба змагацца за
інвестыцыйную прывабнасць.
Суразмоўца не разумее, навошта ўвогуле нейкая вёска, калі
часта работнікі IT эфектыўна працуюць у адной камандзе, але знаходзяцца ў
розных краінах свету:
— Замест кароўніка пабудуюць каворкінг, ці што? Смузі там будуць рабіць? Я не вельмі разумею, у чым тут задумка.
Да таго ж, чаму высокакваліфікаваны спецыяліст з высокім заробкам павінен абраць вёску пад Жабінкай?
— Калі там ёсць доступ да якаснай медыцыны, адукацыі для дзяцей, інфраструктура, калі да найбліжэйшага аэрапорта недалёка, з якога можна паляцець у любую кропку свету, — тады, напэўна, такая вёска можа быць прывабнай. Ці гэта тая самая вёска пад Жабінкай? Нешта ў мяне ёсць пытанні, — разважае прадпрымальнік. — Увогуле няма нічога кепскага ў тым, што дзяржава ці мясцовыя ўлады спрабуюць ствараць умовы для прыцягнення да той ці іншай індустрыі людзей. Але ў Беларусі гэта робіцца дзіўна.
— У Нідэрландах, дзе я цяпер жыву, на ўсходзе краіны, што
далёка, па мерках Нідэрландаў, ад буйных гарадоў, мясцовыя ўлады стварылі парк,
дзе развіваюцца медыцынскія тэхналогіі, — працягвае суразмоўца. —
Але яны зрабілі гэта не проста таму, што захацелі ці там
была вёска. А таму што там другая па памеры ўніверсітэцкая клініка і вельмі
буйны тэхналагічны завод, які робіць паўправаднікі. І там натуральна можна
развіваць гэта, таму што там ёсць і тэхналогіі, і навуковая экспертыза, і
інвестыцыі.
Гэта і ёсць нармальная здаровая сітуацыя. А проста зрабіць
вёску, ніжэйшыя падаткі і спадзявацца на тое, што туды паедуць
высокакваліфікаваныя спецыялісты — дык нават у ідэальных умовах такога не
адбываецца. А тым больш у тых палітычных і эканамічных умовах, якія ёсць сёння
ў Беларусі.
«Пацёмкінскія вёскі, толькі з прыпіскай IT»
Эканаміст Яраслаў Раманчук кажа пра новы праект уладаў таксама з жартамі, бо не лічыць яго сур’ёзным:
— Трэба вельмі пільна сачыць за тымі планамі, якія маюць
вертыкалі раёнаў, абласцей, і за тым, што ім кажа Лукашэнка. У нас павінна быць
рэгіянальная палітыка? Павінна. Вось у Лідзе грыбы будуць вырошчваць, у нейкім
яшчэ раёне — рэчы лёгкай прамысловасці рабіць.
А вось Жабінка вырашыла скрыжаваць і вожыка, і вужа, каб атрымалася дроту некалькі метраў. Што Лукашэнку падабаецца? IT. Трэба, каб IT было не толькі ў ПВТ, а яшчэ ў рэгіёнах. Падабаецца падымаць вёску — добра. Трэба падымаць. А яшчэ каб было імпартазамяшчэнне. І трэба, каб выраўноўвалася якасць жыцця ў Мінску і рэгіёнах.
— Трыццаць будынкаў для IT! Мы мадэрнізуем пацёмкінскую вёску і дадаём IT. І будзем паказваць усім замежнікам, як у нас добра і ў IT. Калі не пойдуць праграмы — трэба будзе проста падаіць карову. А калі потым карова не будзе даіцца, можна будзе зарабіць проста на кантрабандзе на мяжы з Польшчай. Вось і ўсё. Дыверсіфікацыя рызыкаў, — рэзюмуе Раманчук.