«У дзяржаўных праграм няма мэты, ёсць толькі шлях. І тэлевізар»

Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» з вялікай цікавасцю назірае за планамі стварэння ІТ-вёскі ў Жабінкаўскім раёне. І справядліва разважае, што гэтую вёску будуюць зусім не дзеля айцішнікаў.

Фота з klubmama.ru

Фота з klubmama.ru


Я гляджу тут некаторыя сумняваюцца ў перспектывах развіцця айчыннай IT-галіны. А асабліва яхідна сумняваюцца ў перспектывах IT-вёскі ў Жабінкаўскім раёне. Так я табе скажу, што гэтыя сумневы адбываюцца выключна з-за недахопу правільнага дзяржаўнага мыслення.

Людзі, у якіх адсутнічае правільнае дзяржаўнае мысленне, наіўна думаюць, што IT-вёску ў Жабінкаўскім раёне задумалі будаваць дзеля айцішнікаў. Распаўсюджаны падман. Бо яе насамрэч не дзеля гэтага робяць, а дзеля выканання адказных дзяржаўных праграм. Таму што на вышэйшым дзяржаўным узроўні пастаўлена задача, каб у кожным раёне была ўласная інвестыцыйная праграма.

А будаўніцтва IT-вёскі, між іншым, адпавядае самым высокім крытэрам дзяржаўнага мыслення. Гэта табе не еўрапелеты. IT-вёска — гэта стыльна, модна, маладзёжна. Адпавядае самым актуальным трэндам дзяржаўнага развіцця. Трэба толькі знайсці чалавека, які пагодзіцца выявіць з сябе незалежнага інвестара, і можна разлічваць на прыстойнае бюджэтнае фінансаванне. І ўсяму Жабінкаўскаму раёну будзе ад гэтага бюджэтнага фінансавання добра.

Галоўнае ж хараство ў тым, што IT-вёску можна будаваць доўга. Калі вельмі пастарацца, то вельмі доўга. І ўвесь гэты час атрымліваць бюджэтнае фінансаванне, зрэдку скардзячыся на аб'ектыўныя цяжкасці, якія прыводзяць да зацягвання тэрмінаў будаўніцтва. Упэўнены, што ў адрозненне ад тых, якія яхіднічаюць, Жабінкаўскае начальства ўмее правільна скардзіцца на аб'ектыўныя цяжкасці.

А калі вёску раптам усё ж дабудуюць (ну, у жыцці ўсякае ж бывае), то яе засяленне айцішнікамі будзе праблемай ужо не Жабінкаўскага начальства. Ну на самай справе, ты што? З усёй павагай, але адкуль жа ў Жабінкаўскім раёне столькі айцішнікаў, каб засяліць імі цэлую вёску?


Засяленне IT-вёскі людзьмі, падобнымі на айцішнікаў будзе ўжо задачай мінімум абласнога ўзроўню дзяржаўнага мыслення. І на яе рашэнне, дарэчы, можна будзе атрымаць асобнае бюджэтнае фінансаванне.

Так што дарма некаторыя думаюць, што ў Жабінкаўскім раёне дурное начальства. Начальства ў Жабінкаўскім раёне разумнейшае за тых, якія так думаюць. Таму што тыя, хто так думае ў сваіх Інтэрнэтах, не здолеюць атрымаць бюджэтнага фінансавання нават на IT-хлеў.

Вось гэта называецца — дзяржаўнае мысленне. Таму што ў дзяржаўным мысленні галоўнае-маштаб і абмежаваная крэатыўнасць у рамках зацверджанай генеральнай лініі. Так што з перспектывамі развіцця IT-галіны ўсё будзе не горш, чым з IT-вёскай у Жабінкаўскім раёне. Таму што ў дзяржаўных праграм няма мэты, а ёсць толькі шлях. І тэлевізар, каб расказаць пра паслядоўна-паступальны рух па гэтым шляху.