Разрыў дыпламатычных адносін — гэта практычна абвяшчэнне вайны. Ці пойдзе на гэта Кіеў?
Ашыйнік (не) цісне? Экс-дыпламат Павел Мацукевіч у сваім тэлеграм-канале «Пульс Леніна-19» аналізуе беларуска-ўкраінскія адносіны пасля адклікання пасла для кансультацый у Кіеў.
У прычынах і наступствах нядаўняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком «ДНР» Дзянісам Пушыліным для беларуска-ўкраінскіх адносін разбіраецца Павел Мацукевіч на «Пульсе Леніна-19».
Сустрэча пачалася з сяброўскіх абдымкаў Лукашэнкі і данецкага госця, як старых знаёмых, пасля якіх першы прапанаваў другому дапамогу ў аднаўленні захопленых Расіяй тэрыторый. Украіна расцаніла яе як спробу легітымізацыі расійскай акупацыйнай адміністрацыі ў Данецку і ў знак пратэсту адклікала свайго пасла з Мінска ў Кіеў для кансультацый.
Адкліканне пасла для кансультацый — не канец свету ў адносінах паміж краінамі. Гэта — распаўсюджаная форма выказвання дыпламатычнага пратэсту. Такое ў гісторыі беларуска-ўкраінскіх адносін ужо бывала. У прыватнасці, у сакавіку 2014 года пасля выказванняў Лукашэнкі пра Крым або ў жніўні 2020-га — пасля таго, як Беларусь перадала Расіі, а не Украіне затрыманых у Мінску вагнераўцаў.
Адкліканы пасол Украіны, вядома, можа і не вярнуцца назад, калі, напрыклад, будзе прынята рашэнне аб паніжэнні ўзроўню дыпламатычнага прадстаўніцтва Украіны ў Беларусі або і зусім аб закрыцці дыпмісіі. У любым выпадку, пакуль здаецца малаверагодным, што справа дойдзе да разрыву дыпламатычных адносін. У Кіеве выдатна разумеюць, у якой сітуацыі апынуўся Лукашэнка і з чаго раптам абдымае данецкага сепаратыста ў сваім кабінеце.
Акрамя гэтага, у нашых канфліктных рэаліях разрыў дыпламатычных адносін — гэта практычна прадмова да абвяшчэння вайны, а ў гэтым ні Кіеў, ні Мінск, як уяўляецца, не зацікаўленыя. Беларускія войскі пакуль усё яшчэ не ўдзельнічаюць у агрэсіі Расіі супраць Украіны. Больш за тое, наколькі можна меркаваць, з кастрычніка 2022-га не было абстрэлаў Украіны з тэрыторыі Беларусі. У залежнасці ад палітычных пераваг можна бачыць у гэтым як недапрацоўку Крамля, так і заслугу Лукашэнкі, але факт застаецца фактам.
Акрамя гэтага, наяўнасць амбасады ў Беларусі дазваляе ўкраінскім уладам атрымліваць інфармацыю пра сітуацыю з месца падзей, а не з інтэрнэту. Гэта важны канал камунікацыі, які пры неабходнасці можа быць задзейнічаны абодвума бакамі, незацікаўленымі ў тым, каб спальваць апошнія масты. У адрозненне ад Крамля, у якога для гэтага ёсць матывы.
Афіцыйны Кіеў, па ідэі, зацікаўлены як мінімум у захаванні статус-кво, калі беларускія войскі застаюцца ў сваіх казармах і не перасякаюць украінскую мяжу для падтрымання крамлёўскай «спецаперацыі». І паколькі дагэтуль рэалізуемы Украінай фармат стасункаў з афіцыйным Мінскам гэта забяспечваў, то ёсць падставы для яго захавання, нягледзячы на з'яўленне Пушыліна ў кабінеце Лукашэнкі.
Сам візіт Пушыліна ў Мінск можна разглядаць як адзін з няяўных вынікаў пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, які прайшоў у Маскве 6 красавіка.
Справа ў тым, што пасяджэнню папярэднічала не толькі шматгадзінная сустрэча Лукашэнкі з Пуціным сам-насам напярэдадні вечарам, але і персанальныя сустрэчы Пуціна з кіраўнікамі акупаваных Расіяй тэрыторый. Паміж сустрэчамі з Лукашэнкам і Дзяржсаветам гаспадар Крамля прыняў у сябе ў кабінеце па чарзе кіраўнікоў «ДНР» і «ЛНР», а таксама Херсонскай і Запарожскай абласцей.
З гэтай чацвёркі да Мінска дабраўся толькі Пушылін са світай і, па яго ўласным прызнанні, узяў з сабой і дарадцаў, і міністраў. Аднак світа ў кабінет да Лукашэнкі не патрапіла, мабыць, не прайшоўшы пратакольны кастынг Палаца Незалежнасці.
У астатнім фармат шмат у чым дубляваў лютаўскую сустрэчу Лукашэнкі з лідарам непрызнанай Абхазіі. Што і нядзіўна: абедзве сустрэчы — гэта звёны аднаго ланцуга, выкаванага крамлёўскімі майстрамі, які па ўсіх прыкметах нагадвае аброжак. Пасля жніўня 2020 года ланцужок, на якім Масква трымала Мінск, сур'ёзна скараціўся — і Лукашэнка апынуўся ў тым паслухмяным становішчы, калі Крамлю ні ў чым не адмовіш.
Пры ўсім пры гэтым не падобна, што Лукашэнка неяк супраціўляецца і гэтак жа сама ўсё яшчэ не падобна, што ў Крамлі сапраўды ціснуць і нават прыспешваюць, выстаўляючы жорсткія патрабаванні. Інакш Лукашэнку давялося б прыняць таго ж прэзідэнта непрызнанай Абхазіі не як свайго падначаленага, а як вынікае з пратакола, фармалізаваўшы прызнанне праз усталяванне дыпламатычных адносін з іншай дзяржавай. Аднак гэтага пакуль не адбылося.
З украінскімі тэрыторыямі — іншая гісторыя, але і ў ёй ёсць варыянты фармалізацыі прызнання. Напрыклад, праз заяву аб прызнанні вынікаў праведзеных на акупаваных тэрыторыях рэферэндумаў, як гэта зрабілі некаторыя адыёзныя рэжымы тыпу паўночнакарэйскага або сірыйскага. У беларускім выпадку да гэтага таксама яшчэ не дайшло. Мабыць, Крэмль пакуль на гэтым не настойвае.
Як бачна, Масква дазваляе Лукашэнку вызначаць фармат свайго ўзаемадзеяння з сепаратыстамі самастойна. Той так і робіць — і не саромеецца пры гэтым шукаць і здабываць нават у такой сітуацыі выгаду.
У выпадку з «ДНР» Лукашэнка адкрыта спрабуе ўклініць Беларусь у распілоўванне расійскіх мільярдаў, што выдзяляюцца на аднаўленне акупаваных тэрыторый. У прынцыпе, не будзе вялікай шкоды, калі захопленыя Расіяй землі вернуцца ў склад Украіны адноўленымі Беларуссю за расійскія грошы.