Дзяцей з Украіны незаконна вязуць у Беларусь на загад Лукашэнкі?

Апазіцыйны палітык Павел Латушка збірае дасье Лукашэнкі для Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе. На яго думку, дзяцей з акупаваных украінскіх рэгіёнаў незаконна перавозяць не толькі ў Расію, але і ў Беларусь.

Эвакуацыя з Данецка. Фота ТАСС

Эвакуацыя з Данецка. Фота ТАСС


Старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушкаабвінавачвае Лукашэнку ў незаконным перамяшчэнні на тэрыторыю Беларусі ўкраінскіх дзяцей. Беларускія ўлады, у сваю чаргу, заяўляюць, што дзеці прыязджаюць у краіну па добрай волі — на «адпачынак» і «аздараўленне». У сітуацыі разбіралася DW.


«Рашэнні былі прынятыя па ўказанні Пуціна і Лукашэнкі»

Павел Латушка сцвярджае, што знаходжанне ў Беларусі дзяцей з акупаваных украінскіх рэгіёнаў парушае нормы міжнароднага права, у прыватнасці, палажэнні Жэнеўскай канвенцыі 1949 года. Са слоў палітыка,«дзеці не могуць быць вывезеныя за межы дзяржавы, падвергнутай агрэсіі». «А тут мы бачым, як пры падтрымцы Лукашэнкі дзяцей вывозяць з тэрыторыі Украіны, перамяшчаюць на тэрыторыю РБ і РФ», — кажа Латушка.

Ён таксама перакананы, што Беларусь, якая прадастаўляе сваю тэрыторыю для ажыццяўлення расійскай агрэсіі ў дачыненні да Украіны, не можа лічыцца «нейтральнай дзяржавай». Адзіны варыянт, пры якім магчыма знаходжанне ўкраінскіх дзяцей у Беларусі, — калі б было дасягнутае адпаведнае пагадненне пры ўдзеле Украіны, чаго, кажа палітык, зроблена не было.

Са слоў Латушкі, у рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі былі зацверджаныя спецыяльныя праекты, «накіраваныя на перамяшчэнне, дэпартацыю, вываз украінскіх дзяцей ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў на тэрыторыю РБ». «Гэтыя пастановы былі прынятыя на загад Пуціна і Лукашэнкі», — падкрэслівае суразмоўца. Фінансавую падтрымку ажыццяўляе дзяржаўная кампанія «Беларуськалій», якую ўзначальвае Іван Галаваты.

«Грошы атрымлівае Фонд Аляксея Талая, які выязджаў на тэрыторыю Украіны і займаўся арганізацыяй вывазу ўкраінскіх дзяцей», — распавядае суразмоўца. Таксама, паводле яго слоў, дзяцей у РБ прывозілі святары Беларускай Праваслаўнай Царквы. Палітык збірае матэрыялы, якія будуць перададзеныя «генеральнаму пракурору Украіны і пракурору Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе»: «Менавіта ён (пракурор МКС Карым Хан. — Рэд.) мае права даць ацэнку ўсім гэтым матэрыялам і прыняць пастанову аб працэсуальных дзеяннях у дачыненні як да Лукашэнкі, так і асоб, якія ўдзельнічаюць у гэтым працэсе», — заявіў Латушка.


Саюзная дзяржава і фонд Аляксея Талая

Пастанова Саўміна Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі аб дапамозе дзецям Данбаса прынятая 16 верасня 2022 года. Тады гаворка ішла аб прыездзе ў Беларусь 1050 украінскіх дзяцей.

Дзяржасакратар СД Дзмітрый Мезенцаў, наведваючы 25 кастрычніка дзіцячы аздараўленчы лагер «Дубрава» (лагер у Мінскай вобласці, належыць «Беларуськалію»), дзе знаходзіліся ўкраінскія дзеці, заявіў, што на праект «выдзелены дзясяткі мільёнаў рублёў», і што гэтую працу працягнуць. «Мы з радасцю аплацілі пераезд хлопцаў праз Растоў сюды ў Беларусь», — заявіў Мезенцаў. Ён таксама дадаў, што дзецям будуць дапамагаць «забыць складаныя старонкі, адбыцца і фармаваць мару», каб яны сталі «надзейнымі грамадзянамі сваёй краіны».

DW прасіла кіраўніка дабрачыннага фонду Аляксея Талая патлумачыць сваю ролю ў арганізацыі прыезду і знаходжання ў Беларусі ўкраінскіх дзяцей, але адказу так і не атрымала.

Аляксей Талай — член Нацыянальнай паралімпійскай зборнай па плаванні, прадпрымальнік і матывацыйны спікер, пастаянны ўдзельнік мерапрыемстваў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Каментуючы ў сваім Telegram-канале абвінавачанні з боку Латушкі, ён напісаў, што «ніякая Гаага не перашкодзіць нам займацца дабрачыннасцю, працягваць дапамагаць дзецям Данбаса», і што «ўсе ўцекачы-здраднікі павінны пазбаўляцца грамадзянства і ўсіх прэферэнцый».


«Забіраюць патэнцыйную працоўную сілу»

У красавіку-траўні фонд плануе прывезці ў РБ больш за 1000 украінскіх дзяцей. Больш за 300 з іх знаходзіліся ў санаторыі «Дубрава» з 4 па 20 красавіка. Да іх прыязджаў сам Аляксей Талай, падчас сустрэчы ён раздаў дзецям стужачкі колераў расійскага і беларускага сцягоў. Таксама «Дубраву» наведалі праўладны палітолаг Аляксандр Шпакоўскі, першы сакратар Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Аляксандр Лук'янаў, удзельнікі Салігорскага ваенна-патрыятычнага клуба «Крыніца». Знаходжанне ўкраінскіх дзяцей у Беларусі актыўна асвятляюць дзяржаўныя СМІ.

«Прапагандысты кажуць, дзяцей прывезлі ў Беларусь, яны знаходзяцца ў месцах адпачынку. Але ці можам мы сабе ўявіць сітуацыю, калі шасцігадовае дзіця самастойна прымае рашэнне пакінуць тэрыторыю дзяржавы, у дадзеным выпадку Украіны? Не, гэта немагчыма», — разважае Латушка. Па словах палітыка, адна справа, калі «выязджаюць сем'і» або «ёсць рашэнне ўпаўнаважаных органаў» (Украіны. — Рэд.), іншае, калі такіх такіх рашэнняў няма.

На думку Латушкі, «усё гэта выразна прапісана ў нормах міжнароднага права як ваенныя злачынствы», мэта якіх «выхаванне ў дзяцей антыўкраінскіх настрояў».

«Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюзаў гарнякоў і хімікаў Беларусі (Дзмітрый Швайба. — Рэд.) сцвярджае: мы будзем займацца пытаннямі іх (дзяцей з Украіны. — Рэд.) адукацыі, прапануем вучыцца ў прафесійных вучылішчах, пасля — працу. Яны забіраюць патэнцыйную працоўную сілу на тэрыторыю Беларусі», — кажа палітык.


ЮНІСЕФ «глыбока занепакоены»

Экс-упаўнаважаны Прэзідэнта Украіны па правах дзяцей, дырэктар Фонду «Ратуем Украіну» Мікалай Кулеба заявіў, што ва ўкраінскага боку няма адпаведным чынам задакументаваных фактаў аб перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, але такое расследаванне неабходна. Калі факты збяруць, ён лічыць вельмі верагоднай выдачу ордэра на арышт Аляксандра Лукашэнкі і іншых датычных. Нягледзячы на тое, што ў выпадку Беларусі, дзеці, хутчэй за ўсё, з'ездзілі і вярнуліся, але і гэта было ваенным злачынствам у дачыненні да гэтых дзяцей і іх сем'яў.

Сітуацыю са знаходжаннем у Беларусі дзяцей з акупаваных рэгіёнаў Украіны DW папрасіла пракаментаваць у ЮНІСЕФ. Са слоў рэгіянальнага дарадцы ў пытаннях абароны дзяцей ЮНІСЕФ у краінах Еўропы і Усходняй Азіі Аарона Грынберга, арганізацыя дасведчаная аб паведамленнях аб тым, што «некаторыя ўкраінскія дзеці былі перамешчаныя з Расійскай Федэрацыі ў Беларусь на кароткія перыяды часу».

«Мы па-ранейшаму глыбока занепакоеныя паведамленнямі аб эвакуацыі дзяцей, якія адбываюцца без належных гарантый, паспешным вяртанні дзяцей з месцаў перасялення, якія не ўлічваюць найлепшыя інтарэсы дзяцей», — заявілі ў ЮНІСЕФ.

Таксама там занепакоеныя паскоранымі працэдурамі змены або выдачы грамадзянства, «якія не патрэбныя для абароны дзяцей і не павінны адбывацца падчас надзвычайнай сітуацыі».

«Мы па-ранейшаму можам і гатовыя супрацоўнічаць з усімі дзяржавамі ў пошуку шляхоў уз'яднання сем'яў і заклікаем да сістэматычнай ідэнтыфікацыі, адсочвання і ўз'яднання сем'яў гэтых дзяцей, калі гэта адпавядае іх найлепшым інтарэсам», — адзначылі ў арганізацыі.