Аляксандр Класкоўскі: Лукашэнку не хочацца апынацца на адной роўніцы з кіраўнікамі «ДНР» і «ЛНР»

Чаму павелічэнне залежнасці беларускіх улад ад Крамля — вялікі выклік і для правіцеля, і для апазіцыі.

1ak1.jpg

Самаабвешчаная «Луганская народная рэспубліка» ўжо выбудоўвае ўзаемаадносіны з Беларуссю — прынамсі, аб гэтым заявіў у інтэрв’ю ТАСС «міністр замежных спраў рэгіёна» Уладзіслаў Дэйнега.

— Беларусь зараз рыхтуе прапановы па канкрэтных кроках па ўзаемадзеянні на ўзроўні грамадзянскай супольнасці, перш за ўсё. Ёсць ініцыятыўныя групы, якія прыязджалі сюды, пазнаёміліся з абстаноўкай, бачаць свой удзел у лёсе нашых грамадзян. Наогул, яны гатовы, цяпер проста справа за канкрэтнымі прапановамі, — сказаў ён.

Таксама Дэйнега пералічвае расійскія рэгіёны і іншыя краіны, з якімі «ЛНР» знаходзіцца ў цеснай сувязі: Абхазія, Паўднёвая Асеція, Паўночная Карэя.

Атрымліваецца, Беларусь паставілі на адзін узровень з Абхазіяй і Асеціяй — наўрад ці афіцыйнаму Мінску даспадобы падобныя параўнанні. Аб тым, ці будуць (і ці могуць) беларускія ўлады рэагаваць на гэтыя эскапады альбо працягнуць практыку «прызнання без прызнання», «Филин» пагутарыў з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Класкоўскім.

Думаю, што вялікія беларускія начальнікі, чытаючы такія заявы, крывяцца, але нічога не могуць зрабіць, бо трапілі ў залежнасць ад Расіі, як шчупак у нерат, таму мусяць рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні, цацкацца з гэтымі марыянетачнымі ўтварэннямі, сфарміраванымі менавіта Крамлём (бо зразумела, што няма ў прыродзе ніякага асобнага «данецкага» ці «луганскага» народа).

Тыя вылузваюцца са скуры, каб як мага гучней заявіць пра сябе на міжнароднай арэне, стварыць ілюзію свайго прызнання. Таму натуральна, што ў адносінах з Беларуссю мы цяпер бачым болей актыўнасці менавіта з таго боку.

А беларускія высокія чыноўнікі лічаць за лепшае маўчаць. Нават калі таго ж Лукашэнку прыціскаюць, як гэта было ў інтэрв’ю AFP, дык ён круціцца, як вуж на патэльні, і займаецца сваёй звычайнай дэмагогіяй, маўляў, дэ-факта мы з імі супрацоўнічаем, цэглу і цэмент дадзім, колькі хочуць, а фармальнае прызнанне нікому сёння не патрэбна.

Тое выказванне адлюстроўвае сённяшнюю змушаную двухсэнсоўную пазіцыю Лукашэнкі: яму не хочацца апынацца на адной роўніцы з кіраўнікамі марыянетачных утварэнняў, але пайсці ўразрэз з лініяй Крамля і выказаць сваё сапраўднае, напэўна, грэблівае стаўленне беларускае кіраўніцтва таксама не можа.

Аляксандр Класкоўскі прыводзіць сімптаматычны прыклад: падчас ліпеньскага візіту «кіраўніка ДНР» Дзяніса Пушыліна ў Брэсцкую вобласць з ім сустракаліся трэцяразрадныя мясцовыя чыноўнікі, а Лукашэнка, які звычайна ахвотна прымае ўсіх расійскіх губернатараў, Пушыліна не прыняў, і дзяржаўная прэса пастаралася гэты візіт не заўважыць.

— Канешне, гэтыя рэчы не даспадобы беларускаму кіраўніцтву. А галоўнае, што ў пэўных расійскіх колах даўно ўжо мусіруецца праект пашырэння так званай Саюзнай дзяржавы — дзіўнага ўтварэння, якому няма аналагаў у гісторыі і якое з’яўляецца шырмай для Крамля, каб пакрысе ажыццяўляць экспансію і закабаленне Беларусі, — зазначае палітычны аглядальнік.

У свой час Лукашэнка спрытна скарыстаўся фармальнай роўнасцю правоў і нават стаў кіраўніком гэтай Саюзнай дзяржавы — старшынёй Найвышэйшай дзяржаўнай рады. І хоць зразумела, што Крэмль там вядзе рэй, у нейкія моманты, калі Масква спрабавала навязаць адзіную валюту ці іншыя нявыгадныя для Лукашэнкі ўмовы, ён згадваў пра роўнасць правоў, роўныя ўмовы гаспадарання (а значыць, давайце нам газ па тарыфах Смаленскай вобласці) і адбіваўся ад экспансіянісцкіх прапаноў.

Але цяпер гаворка ідзе аб тым, каб пашырыць Саюзную дзяржаву і ўключыць у яе Абхазію, Паўднёвую Асецію, так званыя «Л/ДНР», магчыма, Прыднястроўе — усе гэтыя нарывы на целе былога СССР, на абсягах якога Крэмль хоча аднавіць сваё панаванне. І калі гэты праект раптам рэалізуецца, Лукашэнку абштопаюць па поўнай праграме: ён апынецца на адной роўніцы з правадырамі зусім ужо карыкатурных, марыянетачных утварэнняў.

Гэта, па-першае, было б ударам па ягоным іміджы эксклюзіўнага партнёра, ён стане не галоўным саюзнікам, а адным з. А па-другое, гэта ўдар і матэрыяльнага плана: эканамічны «пірог» трэба дзяліць на большую колькасць ратоў — і беларускі рэжым атрымае меншую дапамогу. Словам, як ні паглядзі, Лукашэнку гэта абсалютна недарэчы, і гэта таксама адна з прычын, чаму ён так стрымана ставіцца да ініцыятыў дзеячаў з «Л/ДНР».

Зрэшты, з памкненнямі не выглядаць марыянеткай Масквы беларускі правіцель спазніўся, зазначае суразмоўца: пасля падзей 2020-га года, калі Крэмль падтрымаў Лукашэнку, чыё крэсла хіснулася з-за масавых пратэстаў у Беларусі, і асабліва пасля 24 лютага 2022 года, калі напад на Украіну ішоў у тым ліку з беларускай тэрыторыі, залежнасць афіцыйнага Мінска ад Крамля стала амаль што фатальнай.

Яшчэ адзін момант, на які эксперт звяртае ўвагу: нават дзеячы «ЛНР» канстатуюць, што гаворка пакуль ідзе пра развіццё супрацоўніцтва на ўзроўні грамадзянскай супольнасці (напрыклад, у Данбас «з гуманітарнай місіяй» ездзілі праўладны спартсмен Аляксей Талай і дэпутат Алег Гайдукевіч, у сталіцу «ЛНР» прывёз беларускія кнігі кіраўнік таварыства «Веды» Вадзім Гігін).

— Можна зрабіць выснову, што беларускія ўлады высоўваюць наперад цалкам бутафорскія «грамадскія структуры», спадзеючыся такім чынам зацягнуць працэс і адкараскацца ад кантактаў на афіцыйным, дзяржаўным узроўні, — зазначае Аляксандр Класкоўскі.

Ці ёсць верагоднасць, што Крэмль, які плануе правесці «рэферэндумы» на захопленых тэрыторыях і паказаць, хто ў доме гаспадар, усё ж такі дацісне неўзабаве і беларускі рэжым? Тут вельмі цяжка рабіць прагноз, мяркуе аналітык, бо сам сюжэт вайны з Украінай пайшоў у іншым рэчышчы, чым планавала Масква:

— Думаю, што Пуціну падсоўваюць розныя варыянты далейшых дзеянняў. Праект пашырэння Саюзнай дзяржавы — толькі адзін з веера, прычым неабавязкова Пуцін за яго схопіцца. Ён разумее і адчувае ўпартасць Лукашэнкі, ламаць яго праз калена пакуль што не хоча — гэта адлюстроўваецца ў пытанні аб уводзе/няўводзе беларускіх войскаў ва Украіну. Напэўна, нейкія спробы з боку Крамля падштурхнуць Лукашэнку да такога кроку былі, але мы бачым, што беларускія салдаты дасюль там не ваююць, і хутчэй за ўсё Пуцін не бачыць патрэбы змушаць да падобных дзеянняў занадта грубым спосабам.

У найбліжэйшай перспектыве паніжэнне статусу Лукашэнкі за кошт пашырэння Саюзнай дзяржавы не абавязковае, хоць і імавернае. Адзінае, пра што можна казаць — залежнасць ад Крамля сёння ўзмацнілася, як ніколі.

Раней беларускі правіцель мог сабе дазволіць і пярэчыць Пуціну публічна, і гнеўныя прамовы агучваць, калі ішлі «нафтавыя» і «газавыя» войны. Нагадаю, апошняя з іх была не так даўно, у пачатку 2020 года, калі Крэмль за адмову падпісваць дарожныя карты паглыблення інтэграцыі перакрыў Беларусі нафту. Лукашэнка казаў пра імперыю, якая «хоча ўзяць за горла», у Мінск нават прылятаў тагачасны дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа, і амерыканцы абяцалі «замясціць» расійскую нафту.

Але потым грымнуў жнівень 2020-га, Лукашэнка адразу кінуўся прасіць дапамогі ў Пуціна, і пасля гэтага ўсё рэзка змянілася: і ён сам, і ўся Беларусь трапілі ў імперскую пастку.

Дарэчы, гэта вялікі выклік і для штабоў палітычнай апазіцыі. Цяпер у апанентаў рэжыму ўваходзяць у моду больш радыкальныя сцэнарыі яго скідання, гавораць пра ваенны шлях. Але нават калі ўявіць сабе, што перамагае вызваленчае паўстанне ці нават у Мінск заходзяць шэрагі вызваленчай беларускай арміі (хоць стварыць яе за мяжой, на мой погляд, утапічная задача), то відавочна, што Пуцін не будзе проста так на гэта глядзець. І калі ўбачыць, што яго стратэгічны плацдарм аказваецца ў руках «пятай калоны Захаду», то натуральна, адразу ж сюды будуць накіраваны расійскія войскі, якія пастараюцца патапіць у крыві новае беларускае паўстанне.

Таму апанентам улады трэба разглядаць гэтыя стратэгічныя пытанні ў адной звязцы: барацьба супраць рэжыму Лукашэнкі аўтаматычна ёсць і барацьбой супраць расійскай імперыі, якая сёлета паказала свае іклы без усялякай маскіроўкі. Пакуль што выразнага адказу на гэты выклік няма.