Ігар Тышкевіч: Ці магчымая «вялікая здзелка» — спыненне агню? Без аплявухі Расіі на фронце наўрад ці
У Львове сёння сустрэча Антоніа Гутэрыша, Таіпа Рэджэпа Эрдагана і Уладзіміра Зяленскага. Пра тое, чаго чакаць ад гэтай сустрэчы, разважае ў сваім тэлеграм-канале Ігар Тышкевіч.
СМІ кажуць пра магчымае абмеркаванне пытанняў пачатку перамоваў наконт завяршэння (прыпынення) вайны.
Магчыма. Але тэмы (як і вынікі) ляжаць у досыць шырокім дыяпазоне.
Мінімальна паспяховым для РФ варыянтам з'яўляецца выхад на паслядоўнасць «малых кампрамісаў». Услед за збожжавымі дамоўленасцямі падпісанне, напрыклад, паліўнай здзелкі альбо метала-руднай і гэтак далей.
Крэмль свядома дробніць пытанне блакавання ўкраінскіх партоў, дэманструючы гатоўнасць «дамаўляцца ў малым», але патрабуючы вялікіх саступак «на палях». Нагадаю, што пасля збожжавых пагадненняў у дачыненні да РФ былі прыпыненыя амерыканскія санкцыі па угнаеннях, збожжы і яшчэ дзясятку таварных груп. ЕС аслабіў санкцыі па пастаўках тавараў для абслугоўвання самалётаў (дарэчы, у тым ліку выкрадзеных у еўрапейскіх лізінгавых кампаній).
Пуцін разлічвае, што паслядоўнасць такіх «малых» крокаў дазволіць палепшыць становішча і выйсці на вялікія перамовы ў якасці «адэкватнага і дамоваздольнага» ўдзельніка.
Для Гутэрыша гэты варыянт ледзь ці не ідэальны — шмат добрых здзелак нібыта пад гарантыі ААН, якія на самай справе гарантыямі не з'яўляюцца (можна ўспомніць сітуацыю з Азоўсталлю). Такі сабе Будапешцкі мемарандум у скарбонку палітыка, які мае статус, але не мае рэальных рычагоў уплыву на сітуацыю.
Эрдаган пераследуе свае мэты. Для яго Тэма №1 — узмацненне пазіцый Турцыі. І фармат малых здзелак таксама пасуе пры адной умове: Турцыя — пасярэднік і гарант. Роля гэтай краіны ўзрастае. У тым ліку вага ў перамовах па канфліктных з РФ тэмах (Сірыя, Цэнтральная Азія, Каўказ, Чарнаморскі басейн і ўплыў на рэгіён). Але Эрдагану (і гэта важна разумець) неабходная роля пасярэдніка і эфект ад рэалізацыі дамоўленасцяў, а не аб'ёмы саступак Расіі — тут ужо цікавасць Пуціна і часткова (праз уклад РФ у бюджэт ААН) Гутэрыша.
Да «невялікіх здзелках», дарэчы, можна аднесці і пытанні Запарожскай АЭС. Дзе інтарэсы бакоў прыкладна такія ж. Хіба што для РФ важна, каб ЗАЭС пачала працаваць «на Крым» і была падрыхтаваная да адключэння ад украінскай энергасістэмы. Тады ў ацяпляльны сезон ЗАЭС + Кахоўская ГЭС можна спрабаваць нанесці і ўдар па ўкраінскай энергетыцы (напрыклад, за восень пашкодзіўшы ракетнымі ўдарамі яшчэ шэраг украінскіх ТЭС).
Ці магчымая «вялікая здзелка» — размовы аб спыненні агню? Размовы як такія або згода на сустрэчу РФ — Украіна ў перспектыве 2-3 месяцаў магчымыя.
Хуткая рэалізацыя (сустрэча Пуціна і Зяленскі на працягу максімум месяца і дамоўленасці) наўрад ці. Дакладней, без аплявухі Расіі на фронце наўрад ці.
Прычына простая. Дамоўленасці аб спыненні агню «як ёсць» раўназначныя палітычнаму крызісу ўнутры Украіны (што выгадна Пуціну), паслабленню вайсковай падтрымкі Украіны (таксама ў ліку прыярытэтаў РФ) і часу для РФ на аднаўленне баяздольнасці. І, паколькі Расія не атрымлівае ў выніку такога «перамір'я» таго, што хоча, а Украіна будзе некалькі аслабленая (і, магчыма, звязаная дадатковымі ўмовамі), чарговая фаза вайны паўторыцца досыць хутка.
Для ўкраінскага боку адзіны магчымы варыянт пачатку прадметных размоў — ваенна-палітычная параза Крамля. Не разгром, а як мінімум параза, якую ў Маскве вымушаныя будуць прызнаць. У такім выпадку ёсць верагоднасць пачатку ўнутрыпалітычнага крызісу (не абавязкова руйнавання ўлады, дастаткова маленькай вайны груп у асяроддзі Пуціна).
На гэтым фоне РФ на пэўны час сканцэнтруецца на ўнутраных праблемах. І гэта — шанец для Украіны зрабіць рывок не ў аднаўленні краіны, а ў трансфармацыі. Таму што вайна паўторыцца (калі гаворка ідзе пра кампрамісны варыянт) і проста «адноўленая па ўзоры 2021 года» Украіна новага раўнда можа не вытрымаць. Украіна, якая стала больш моцнай, эфектыўнай, рацыянальнай у палітыцы, альбо становіцца занадта страшнай мэтай для РФ (тады раўнд адмяняецца), альбо даціскае і атрымлівае сваё (як дыпламатычна, так і ваенна).
Як пісаў НЧ, яшчэ ў пачатку жніўня падчас візіту ў Сочы Эрдаган прапанаваў кіраўніку Крамля Уладзіміру Пуціну правесці асабістую сустрэчу з Зяленскім. Расійскі публіцыст і палітык Піянткоўскі казаў пра тую сустрэчу, што Пуцін верыць, нібы Эрдаган дапаможа яму дамовіцца аб перамір'і з Украінай, а той карыстаецца яго безвыходным становішчам. Пуцін папросіць паспрыяць перамір’ю. Эрдаган жа запросіць аграмадную цану за сваю дапамогу.
Агенцтва Reuters абвінаваціла Эрдагана ў тым, што ён выкарыстоўвае тэму перамоў паміж Украінай і Расіяй у рамках сваёй перадвыбарнай кампаніі. У 2023 годзе Турцыю чакаюць чарговыя прэзідэнцкія выбары.