Вайна ва Украіне і чаканне перамоў пра мір

У чацвер чакаецца сустрэча Зяленскага і Эрдагана ў Львове. Туды ж прыедзе генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш. 

photo_2022_08_16_12_21_57.jpg

МЗС Расіі заявіў, што Кіеў «не можа гарантаваць бяспечнага праезду МАГАТЭ на Запарожскую АЭС», а альтэрнатыўныя маршруты — «прадмет далейшых перамоў».

* * *

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш у чацвер, 18 жніўня, наведае Львоў, а ў пятніцу — Адэсу, пра гэта паведамілі ў яго офісе. Візіт будзе прысвечаны абмеркаванню «прадуктовага пагаднення», сітуацыі з Запарожскай АЭС і місіяй па СІЗА ў Аленеўцы. Таксама чакаецца, што генеральны сакратар ААН сустрэнецца з прэзідэнтамі Украіны і Турцыі.


Эрдаган увечары 16 жніўня таксама пацвердзіў, што наведае Львоў. Турэцкі кіраўнік падчас візіту ва Украіну мае намер абмеркаваць крокі для спынення вайны «дыпламатычным шляхам». Плануецца таксама абмеркаваць экспарт украінскага збожжа на сусветныя рынкі.

* * *

Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце пракаментаваў выбухі ў Крыме і заклікаў украінцаў трымацца далей ад расійскіх ваенных аб'ектаў: "Кожны дзень і кожную ноч мы бачым новыя паведамленні аб выбухах на тэрыторыі, якую часова занялі акупанты. І я цяпер прашу ўсіх нашых людзей у Крыме, у іншых рэгіёнах на поўдні Украіны, у акупаваных раёнах Данбаса і Харкаўшчыны быць вельмі ўважлівымі. Калі ласка, не набліжайцеся да ваенных аб'ектаў расійскай арміі і ўсіх тых месцаў, дзе яны захоўваюць боепрыпасы і тэхніку, дзе трымаюць свае штабы».

Зяленскі заявіў, што прычыны выбухаў на акупаванай тэрыторыі могуць быць «вельмі розныя»: у прыватнасці, калі цытаваць саміх акупантаў, «галавацяпства». «Але сэнс у іх усіх адзін: знішчэнне лагістыкі акупантаў, іх боепрыпасаў, ваеннай і іншай тэхнікі, камандных пунктаў — гэта ратуе жыцці нашых людзей. Чым менш у акупантаў будзе магчымасцей здзяйсняць зло і забіваць украінцаў, тым хутчэй мы зможам скончыць гэтую вайну вызваленнем нашай зямлі. І чарга ў гэтыя дні на выезд з Крыма ў Расію праз мост даказвае, што абсалютная большасць грамадзян дзяржавы-тэрарыста ўжо разумее або хаця б адчувае, што Крым — не месца для іх», — падкрэсліў Зяленскі.

Залужны паведаміў, што паразмаўляў па тэлефоне з начальнікам штаба абароны Узброеных Сіл Канады генералам Вейнам Дональдам Эйрам: «Сітуацыя на фронце напружаная, але цалкам кантраляваная. Неспакой выклікае размяшчэнне ракетных сістэм уздоўж дзяржаўнай мяжы з боку Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці на аэрадроме Зябраўка».

Па словах Залужнага, расійская армія працягвае наступаць па ўсёй лініі фронту, пры гэтым ажыццяўляе каля 700-800 абстрэлаў украінскіх пазіцый штодня і выкарыстоўвае ад 40 да 60 тысяч боепрыпасаў. Асноўныя намаганні засяроджвае на выцясненні ўкраінскіх войскаў з Данецкай вобласці. Найбольш напружаная сітуацыя цяпер на напрамку Аўдзееўка — Пяскі — Мар'інка.


Расіяне нанеслі ракетны ўдар па ваенным аэрадроме на Жытоміршчыне, пра гэта паведамляе ўкраінскае камандаванне Цэнтр. Паводле інфармацыі камандавання, сёння днём руская армія падняла самалёты з тэрыторыі Беларусі і, спрабуючы замаскіраваць авіяцыйную актыўнасць пад трэніровачныя палёты, нанесла ракетны ўдар дзвюма кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі x-59, як мяркуецца, са знішчальнікаў-бамбардзіроўшчыкаў Су-34. У выніку пашкоджана ўзлётна-пасадачная паласа і некалькі адзінак аўтамабільнай тэхнікі. Асабовы склад не пацярпеў.


З пачатку гэтых сутак украінскія ваенныя адбілі наступ расійскіх агрэсараў на Данбасе, паведамляе Генштаб УСУ ў вячэрняй зводцы. За 40 дзён, што прайшлі з захопу Лісічанска і населеных пунктаў вакол яго, расійская армія ні на адным з напрамкаў 1000-кіламетровага фронту не прасунулася нават на 10 кіламетраў.

* * *

МЗС Фінляндыі афіцыйна абвясціў, што з пачатку верасня скарачае ўдвая колькасць заяў, якія прымаюцца ад расіян, на шэнгенскія візы.