Эрдаган едзе ва Украіну. Будзе размаўляць пра спыненне вайны з Расіяй
Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган на гэтым тыдні наведае Украіну і сустрэнецца з Уладзімірам Зяленскім.

Рэджэп Таіп Эрдаган. Фота: Getty Images
Візіт Эрдагана ва Украіну, пра які ўпершыню стала вядома ад прэс-сакратара генеральнага сакратара ААН Стэфана Дзюжарыка, запланаваны на чацвер, 18 жніўня, паведамляе ўкраінская служба РБК. Эрдаган прыедзе ў Львоў, дзе сустрэнецца не толькі з Зяленскім, але і з генеральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрышам.
У адміністрацыі Эрдагана распавялі, што разам з Зяленскім Эрдаган хоча пагаварыць пра ўсе аспекты адносін паміж Кіевам і Анкарой. А падчас трохбаковага саміту плануецца абмеркаванне вайны, якую Расія вядзе супраць Украіны.
«Падчас сустрэчы будуць абмяркоўвацца крокі, якія можна зрабіць для спыненне вайны дыпламатычным шляхам, а таксама спосабы ўзмацнення дзейнасці створанага механізму экспарту ўкраінскага збожжа на сусветныя рынкі», — распавялі ў адміністрацыі Эрдагана.

Яшчэ ў пачатку жніўня падчас візіту ў Сочы Эрдаган прапанаваў кіраўніку Крамля Уладзіміру Пуціну правесці асабістую сустрэчу з Зяленскім. Як пісаў НЧ, расійскі публіцыст і палітык Піянткоўскі казаў пра тую сустрэчу, што Пуцін верыць, нібы Эрдаган дапаможа яму дамовіцца аб перамір'і з Украінай, а той карыстаецца яго безвыходным становішчам. Пуцін папросіць паспрыяць перамір’ю. Эрдаган жа запросіць аграмадную цану за сваю дапамогу.
Агенцтва Reuters абвінаваціла Эрдагана ў тым, што ён выкарыстоўвае тэму перамоў паміж Украінай і Расіяй у рамках сваёй перадвыбарнай кампаніі. У 2023 годзе Турцыю чакаюць чарговыя прэзідэнцкія выбары.