Ахвяр абстрэлу інтэрната ў Харкаве стала больш — загінулі ўжо 12 чалавек
Працягваецца разбор завалаў у Харкаве. На месцы здарэння працуюць каля 80 ратавальнікаў і цяжкая інжынерная тэхніка.

Фота: ДСНС
Колькасць загінулых у выніку расійскага ракетнага ўдару па будынку інтэрната ў Салтоўскім раёне Харкава павялічылася да 12 чалавек, 20 — параненыя, паведамляюць ратавальнікі.
«Падчас выратавальнай аперацыі ўдалося выратаваць 4 чалавекі. Усе яны атрымалі розныя траўмы... На жаль, па стане на 15:00 вядома пра 12 загінулых. Усе яны з'яўляюцца цывільнымі», — гаворыцца ў паведамленні ратавальнікаў.
Многія з загінулых — людзі сталага веку і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Падкрэсліваецца, што ні аднаго ваеннага аб'екта побач з разбураным будынкам няма.
На месцы здарэння працягваюць працаваць каля 80 чалавек ратавальнікаў і 18 адзінак пажарна-выратавальнай тэхнікі, у тым ліку цяжкая інжынерная тэхніка.

Нагадаем, як пісаў НЧ, позна вечарам 17 жніўня расійскія войскі ўдарылі ракетай «Іскандэр» па жылым доме ў Салтоўскім раёне Харкава. У выніку выбуху ўзніклі маштабныя разбурэнні і здарыўся пажар на плошчы 600 квадратных метраў. Агонь удалося патушыць толькі сёння раніцай.
