Зяленскі: Расіі патрэбна тэрыторыя Украіны, але без украінцаў

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўсе ўкраінцы для Расіі — аднолькавыя мішэні, і гэта не эксцэсы вайны, а свядомая палітыка.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Пра гэта ўкраінскі прэзідэнт сказаў падчас зносін са студэнтамі і СМІ Чылі.

Першачарговы матыў расійскай агрэсіі супраць украінцаў — выключна каланізатарскі, бо расійскае кіраўніцтва хоча панавання над украінскай зямлёй і яе рэсурсамі.

«І ў Маскве вельмі доўга гучала, што без захопу тэрыторыі Украіны яны не адновяць Расійскую Імперыю. Аднак усё ж гэта стала значна больш глыбокай барацьбой, чым любыя імперскія або геапалітычныя разлікі. Расія вядзе вайну літаральна супраць жыццяў нашых людзей, супраць самога права ўкраінцаў на жыццё», — сказаў Зяленскі.

Украінскі кіраўнік адзначыў, што гэтая вайна пачалася не 175 дзён таму, а яшчэ ў 2014 годзе, калі Расія акупавала паўвостраў Крым і распаліла супрацьстаянне на Данбасе, якое забрала тысячы жыццяў.

«Таму, калі мы гаворым пра вайну Расіі супраць Украіны, мы гаворым пра восем гадоў плюс 175 дзён. І калі мы гаворым пра ахвяраў гэтай вайны, пра ўкраінскія страты, мы пачынаем аповед не з лютага 2022 года. Мы пачынаем з 2014 года, калі ўкраінцаў пачалі забіваць проста за тое, што яны ўкраінцы. За ўкраінскі сцяг. За праўкраінскую пазіцыю. За абарону ўкраінскай тэрыторыі. Нават проста за падазрэнне, што чалавек падтрымлівае ўкраінскую дзяржаву», — адзначыў украінскі прэзідэнт.

Такім чынам, гэта пачалося яшчэ ў 2014 годзе, а 175 дзён таму набыло максімальны маштаб, на які здольнае расійскае войска, расійскія найміты з так званых вайсковых кампаній, якія дэ-факта з'яўляюцца часткай спецслужбаў дзяржавы-тэрарыста.

Зяленскі падкрэсліў: «Расія сапраўды імкнецца захапіць тэрыторыю Украіны. І гэтая тэрыторыя патрэбна ёй без украінцаў. Разбураны Марыупаль і яшчэ дзясяткі гарадоў і вёсак Украіны, масавыя забойствы ў Бучы і ў іншых гарадах на акупаванай тэрыторыі — гэта не выключэнне з агульнай расійскай стратэгіі, гэта яна і ёсць — расійская стратэгія ў дачыненні да Украіны і ўкраінцаў».

Зяленскі нагадаў, што на акупаванай тэрыторыі захопнікі знішчаюць помнікі і музеі, якія проста нагадваюць пра Украіну, знішчаюць кнігі і робяць усё, каб людзі былі вымушаныя адмовіцца ад нацыянальнай ідэнтычнасці і падпарадкаваліся гвалту і рабаванню або загінулі.

«Украіна ўжо страціла дзясяткі тысяч сваіх людзей у гэтай вайне. Зусім малых дзяцей — нават немаўлят, якіх забівалі расійскія ракеты, снарады і кулі. Падлеткаў. Мужчын і жанчын. Людзей сталага веку. Расія не разбірае, каго забіваць і з каго здзекавацца. Для яе ўсе — аднолькавыя мішэні. І гэта не эксцэсы вайны, гэта яе свядомая палітыка», — сказаў украінскі прэзідэнт.

Таму ва Украіны няма іншага выбару, акрамя як ваяваць за жыцця украінцаў, за тое, каб ва Украіне не забівалі за сіне-жоўтую стужку на заплечніку ў падлетка.

Паводле УНІАН, Zelenskiy_official