У РФ прыпыняюць крымінальныя справы — так вязняў СІЗА спакушаюць ваяваць

У расійскіх СІЗА пачалі клікаць ваяваць людзей, што знаходзяцца пад следствам, — справы супраць іх прыпыняюць.

zona.jpg

На вайну ў Расіі цяпер вярбуюць не толькі зняволеных, але вязняў у СІЗА, якія знаходзяцца пад папярэднім або судовым следствам. Пра гэта распавялі двое расійскіх праваабаронцаў, якія займаюцца дапамогай арыштантам — Вольга Раманава і Уладзімір Асечкін, паведамляе «Настоящее время».

"Пачалі вербаваць у СІЗА. Не асуджаных — падазраваных і абвінавачаных. Крымінальныя справы пры гэтым прыпыняюць", — піша Вольга Раманава. Яна ўдакладніла, што такая інфармацыя ў яе ёсць пра падмаскоўныя СІЗА, у Каломне і Серпухаве, але, на яе думку, "пачалося ўсюды".

Заснавальнік праекта "Гулагу.нет" Уладзімір Асечкінсказаў, што інфармацыя аб такой практыцы ў СІЗА паступае на іх гарачую лінію. Ён удакладніў, што сёння вядома пра вярбоўку ў СІЗА Масквы, Маскоўскай вобласці, Пецярбурга, Разані, Цверы і Бранска.

Пра першыя выпадкі вярбоўкі ЧВК Вагнера зняволеных стала вядома ў пачатку ліпеня. Пасля гэтага вязні ўсё часцей сталі перадаваць журналістам звесткі, што ў калоніі прыязджае сам уладальнік вайсковага фарміравання Яўген Прыгожын. Падчас такіх візітаў “кухар Пуціна” агітуе ехаць на вайну ў абмен на зняцце судзімасці, вялікі па расійскіх мерках заробак у некалькі сотняў тысяч рублёў і пяцімільённую выплату сям'і ў выпадку гібелі падчас баявых дзеянняў.

Жонка аднаго з арыштантаў змагла спыніць вярбоўку ў калоніі, дзе сядзіць яе муж. Яна напісала скаргі адразу ў некалькі ведамстваў: "Я ўказала там Адміністрацыю прэзідэнта, тэрытарыяльны орган УФСН, рэгіянальную пракуратуру, грамадскую назіральную камісію і апарат Упаўнаважанага па правах чалавека. Таксама асобна напісала ў Савет па правах чалавека пры прэзідэнце". Праз нейкі час наведала калонію праверка, а мабілізацыйныя мерапрыемствы былі згорнутыя.

Крыніцы расследальніцкага медыя "Важныя гісторыі" распавялі, што да сярэдзіны жніўня з больш чым 200 зняволеных, набраных у двух калоніях, жывымі засталіся толькі двое — адзін знаходзіцца ў коме, а другі застаўся без ног.

Афіцыйнай статыстыкі адпраўкі зняволеных у зону баявых дзеянняў няма. Такая практыка супярэчыць расійскаму заканадаўству.