Азбука паліталогіі: «Паварот на Усход» як рымейк ардынскіх часоў

«Мы выходзім на прастор, а яны сыходзяць з гістарычнай сцэны раз і назаўсёды». Прыхільнікам гэтага геапалітычнага адкрыцця важна разумець, хто тут «мы», а хто «яны».

Peter Brookes. The Times

Peter Brookes. The Times


Гэта ёсць наш апошні і рашучы бой. Прабачце, наш — гэта чый? Вадзім Ялфімаў, палітолаг, кандыдат гістарычных навук, упэўнены, што гаворку варта весці пра калектыўны Захад. І агрэсіўныя планы гэты пакуль яшчэ суб'ект сусветнай палітыкі мае ў дачыненні да Беларусі, Расіі і Кітая.
З чаго б гэта раптам? Для двоечнікаў у пытаннях геапалітыкі прывяду цытату: «Калектыўны Захад разумеў, што Беларусь, Расія і Кітай выходзяць на лідзіруючыя пазіцыі, у той час як ЗША і еўрапейскія дзяржавы адыходзяць на другі план. У гэтых умовах заходнія дзяржавы вырашылі развязаць санкцыйную барацьбу».
Усведамленне гэтага да цяпер ужо былых «партнёраў» прыйшло не адразу. Чаго-чаго, а дурняў у межах калектыўнага Захаду хапае. Артыст размоўнага жанру Міхаіл Задорнаў тройчы меў рацыю. Але нават да дурняў дайшло, што, «як толькі Беларусь і Расія пачалі развіваць сваю інтэграцыю пасля 2020 года і да нас сталі далучацца азіяцкія краіны», далейшае прамаруджванне стала падобным да смерці.
А куды падзецца, калі «мы выходзім на прастор, а яны сыходзяць з гістарычнай сцэны раз і назаўсёды»? Тут бы сама час узрадавацца, аднак нешта перашкаджае — і гэта «нешта» ёсць веданне асноў айчыннай гісторыі. Я не кажу пра беларускае мінулае ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, якое на працягу стагоддзяў было часткаю таго самага калектыўнага Захаду. Але і «наша Расія» — якая незразумела з якога бадуну, нібы адна маленькая птушачка, раптам вырашыла паляцець наўпрост на сонца, — усяму, што мела і мае, абавязаная калектыўнаму Захаду.
Каб не расцякацца думкай па дрэве, працытую журналіста Паўла Пранікава: «Пачалося з прыезду каманды італьянцаў з Соф'яй Палеалог (і затым будаўніцтва Маскоўскага Крамля і стварэння артылерыі). З сярэдзіны XVII стагоддзя першыя заводы (порах, металы) у Расіі засноўваюць галандцы. Ну і далей па накатанай.
СССР меў вельмі шчыльныя тэхналагічныя сувязі з Захадам (фактычна ўся перадавая савецкая прамысловасць была пабудаваная пры ўдзеле Захаду, у тым ліку выкарыстоўваючы нямецкія рэпарацыі і іх інжынерныя сілы пасля ВАВ)».
На думку журналіста, тое, што сёння горда называюць «паваротам на Усход», ёсць рымейк ардынскіх часоў, «калі ў Русі была мінімальная тэхналагічная сувязь з Захадам».
Нездарма ў крамлёўскай метадычцы, апублікаванай «Медузай», расійскім СМІ рэкамендуецца параўноўваць Уладзіміра Пуціна з Аляксандрам Неўскім. Гэты гістарычны персанаж па выніках шырокамаштабнага апытання расіян 28 снежня 2008 года быў абраны «Імем Расіі». І заслужана! Абаронца Паўночна-Заходняй Русі ад лацінян адначасова дарагі расіянам у якасці архітэктара руска-ардынскага альянсу.

Без вайны якое ж развіццё?

Спадзяюся, чытачы не пакрыўдзяцца на маю спробу апраўдаць святога князя Аляксандра Неўскага, вызначанага рашэннем Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў 2016 годзе на ролю нябеснага апекуна Сухапутных войскаў Расійскай Федэрацыі. Тых самых войскаў, якія з 24 лютага вызваляюць «не чужую нам Украіну» ад нацыстаў.
У чым тут праблема? Праблема ў выкарыстанні сучасных крытэраў пры ацэнцы палітыкаў мінулага, і наогул самой мінуўшчыны ў цэлым. У часы князя (1221–1263) уцаркоўленымі — гэта значыць тымі, хто рэгулярна ўдзельнічае ў набажэнствах і ў царкоўным жыцці і хто імкнецца жыць па-хрысціянску і падтрымліваць сацыяльныя стасункі ў межах сваёй царкоўнай абшчыны, — былі практычна ўсе, у той час як у нашы дні ў Беларусі і Расіі такіх людзей не больш за 3 працэнты.
Натуральна, што патрабаванне лацінян змяніць праваслаўную веру на каталіцкую нашы продкі ўспрынялі як экзістэнцыйную пагрозу. Арда ж на веру не замахвалася. Больш за тое, у праваслаўнай царкве яна бачыла адну з умоваў свайго панавання і таму вызваліла царкву ад сплаты даніны.
Што ж да даніны, то ў тыя часы яе плацілі ўсе і заўсёды. Каму — пытанне другаснае. Дастаткова адзначыць, што пераход у каталіцтва аўтаматычна азначаў сплату папскай дзесяціны.
Аднак тое, што было натуральным у глыбокім Сярэднявеччы, выглядае недарэчным у нашы дні. Зноў звернемся да крамлёўскай метадычкі. Згодна з яе аўтарам, «сёння прадстаўнікі ўсіх народаў Расіі зноў з'ядналіся ў супрацьстаянні з бязбожнікамі дзеля абароны традыцыйных каштоўнасцяў і права сваіх дзяцей жыць у адпаведнасці з імі».
Адсюль вынікае нечаканая, але разам з тым рашучая выснова: «Як і хрышчэнне Русі, вайна ва Украіне закладвае дзяржаўныя асновы краіны — а таксама асновы развіцця Расіі на стагоддзі наперад».
Без вайны якое ж развіццё? Такое прызнанне дарагога вартае. А каб ніхто не сумняваўся, аўтары запэўніваюць, што гэта адбываецца дзякуючы «згуртаванню грамадства» вакол войска і «стратэгічнага курсу прэзідэнта». «Расія зноў стала здольнай да выканання сваёй місіі — абараняць прыгнечаных», — адзначаецца ў тэксце.

Усе беды ад калектыўнага Захаду

Такая вось місія! Згуртаванне вакол арміі — адна з абавязковых умоў яе дасягнення. Маглі б згуртавацца вакол Акадэміі навук, але пра што гэта я?
Згуртаванне вакол арміі без наяўнасці ворага — занятак, які можа мець мноства разбуральных наступстваў. Прыгадаем гарбачоўскую перабудову з яе «новым мысленнем». Перакваліфікацыя ЗША з ворага ў партнёра дэмаралізавала войска, што падкінула ладную вязанку галля ў вогнішча, на якім сінім полымем згарэў СССР.Аўтары дапаможніка пра гэта памятаюць: усе беды — ад калектыўнага Захаду, які ўпэўнены ва ўласнай выключнасці.
Дазволю сабе яшчэ адну цытату: «Канфлікт ва Украіне быў справакаваны рукамі заходніх краін, якія перадавалі Украіне ўзбраенне. Украіна павінна была стаць плацдармам для нападу на Расію. Стратэгічная мэта калектыўнага Захаду на працягу некалькі стагоддзяў у дачыненні да Расіі не мяняецца — гэта стрымліванне, паслабленне, расчляненне і поўнае знішчэнні Расіі».
Адна з мэтаў «спецаперацыі» — «барацьба з бязбожнікамі». Белым і пухнатым воінам святла, воінам-вызваліцелям аўтары метадычкі супрацьпастаўляюць «гвалтаўнікоў, разбойнікаў і забойцаў», свабодных ад якіх-небудзь маральных абавязкаў.
За намі праўда. А ў чым яна, брат? Кандыдат гістарычных навук (глядзі пачатак артыкула) яе даходліва растлумачыў: «Мы выходзім на прастор, а яны сыходзяць з гістарычнай сцэны раз і назаўсёды».
І запярэчыць тут цяжка. «На прастор, на шырокі прастор». Класік як у ваду глядзеў.