«Штодзень ад перамогі да перамогі». Беларуская армія і непераможная абараназдольнасць

Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» ў звыклай іранічнай манеры разважае пра штодзённыя перамогі беларускай арміі.

_szkola___adukacyja___ruiny___stanoviszcza___belarus___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__13_.jpg

— А ты ведала, што беларуская армія ўжо які дзень ідзе ад перамогі да перамогі? А я ведаў. Таму што, калі ты раптам думала, што галоўныя ваенныя падзеі праходзяць цяпер ва Украіне, то дарэмна. Міжнародныя вайсковыя гульні Армі-2022. Вось дзе правяраецца сапраўдная баявая моц і непераадольная абараназдольнасць. І беларуская армія перамагае то тут, то там.

Першае месца ў конкурсе «Інструментальны дуэт», золата сярод жаночых каманд у конкурсе армейскіх сувязістаў «Упэўнены прыём», трэцяе, але ад гэтага не менш ганаровае, месца ў спаборніцтвах «Ваеннае ралі». А наперадзе яшчэ «Сталёвая магістраль», і «Дарожны патруль», і нават «Танкавы біятлон». Абсалютна ж зразумела, што з такой арміяй не страшнае ніякае НАТА. Таму што ні адна армія НАТА ні ў адным конкурсе не перамагла. Яны ў іх нават не ўдзельнічалі. Слабакі.

Украінская армія, дарэчы, таксама не ўдзельнічала. Прынамсі, у вочных спаборніцтвах. Дык яны вырашылі прыняць удзел завочна. Напрыклад, у конкурсе «Схаваная пагроза», чарговы этап якога прайшоў учора на расійскай ваеннай базе ў Крыме. І так паспяхова ўчора паспаборнічалі, што снарады перасталі выбухаць толькі сёння. Ну а што? Расійскай арміі для канкурсантаў ніякіх баз не шкада. Усё роўна гэтыя базы то перагрэюцца на сонцы, то вырашаць там пакурыць, прычым з вялікай шкодай для абараназдольнасці.

Але вось учора расійскае Мінабароны вырашыла перапыніць чараду няшчасных выпадкаў са сваімі боепрыпасамі і прызналася, што гэтым разам здарэнне адбылося з-за ўкраінскіх дыверсантаў. Вядома, каб перайсці ад стадыі неасцярожна кінутага недакурка да стадыі дыверсантаў спатрэбіўся не адзін ваенны склад.

Іншая справа, калі ў саюзнікаў — экстрэмізм, які яны прыдумалі сабе самі. У такіх выпадках экстрэмістаў паспяваюць выкрыць раней, чым яны задумаюць свой акт экстрэмізму. Вельмі зручна. А калі дыверсанты і экстрэмісты сапраўдныя, то ў іх існаванні лепш не прызнавацца. Таму што выдуманых дыверсантаў дастаткова перамагчы ў тэлевізары. А сапраўдных яшчэ паспрабуй знайсці. А што расійскія, што беларускія ўлады вельмі добра сябе адчуваюць у імітаванай тэлевізарам рэальнасці, але значна горш, калі гэтая рэальнасць сутыкаецца з рэальным светам.

Таму што калі імітаваная рэальнасць сутыкаецца з рэальным светам, то высвятляюцца ўсялякія непрыемныя падрабязнасці. То выкрыецца, што 20 працэнтаў беларускіх складнікаў у айчынным матацыкле — гэта на самой справе французскі дызайн, то поспехам у малочнай жывёлагадоўлі дасць крыўдную поўху кардонная ўпакоўка.

А горш за ўсё імітацыя рэальнасці спраўляецца, калі справа даходзіць да вайны. Таму што для перамогі над сапраўдным, а не ўмоўным праціўнікам мала абвясціць аб перамозе ў тэлевізары. Сапраўдны праціўнік можа гэтую перамогу і аспрэчыць. Хоць бы тымі ж складскімі інцыдэнтамі. Так што лепш, вядома, і далей змагацца з выдуманымі дыверсантамі. А калі нешта дзесьці сапраўды выбухнула, дык лепш абвясціць, што гэта быў перагрэў матора ў выглядзе некантралюемага самазагарання.