Кітай адправіць войскі ў Расію — на вучэнні

Расія праводзіць чарговыя «вучэнні», у якіх будуць прымаць удзел КНР, Індыя, Беларусь, Таджыкістан, Манголія і іншыя краіны. Назва вучэнняў адпаведная — «Усход».

68820fc8_714021fa5f30f431dc5ce96d2dfe861e.jpg


У мінулым месяцы Масква абвясціла пра планы правесці вучэнні «Усход» з 30 жніўня да 5 верасня, нягледзячы на вайну ва Украіне. У той час быў заяўлены ўдзел некаторых замежных сіл, але без аніякай канкрэтыкі.
Міністэрства абароны Кітая заявіла, што ўдзел у вучэннях з'яўляецца часткай дзеючага двухбаковага штогадовага пагаднення аб супрацоўніцтве з Расіяй і што гэта «не звязана з бягучай міжнароднай і рэгіянальнай сітуацыяй».
«Мэтай вучэнняў з'яўляецца паглыбленне супрацоўніцтва з войскамі краін-удзельніц, падвышэнне ўзроўню стратэгічнага супрацоўніцтва паміж бакамі, якія ўдзельнічаюць у вучэннях, і ўмацаванне здольнасці рэагаваць на розныя пагрозы бяспецы», — гаворыцца ў заяве.
Год таму ў жніўні Расія і Кітай правялі сумесныя ваенныя вучэнні ў паўднёва-цэнтральнай частцы Кітая з удзелам больш чым 10 000 вайскоўцаў. У кастрычніку 2021 года сумесныя расійска-кітайскія ваенна-марскія вучэнні прайшлі ў Японскім моры. Праз некалькі дзён пасля іх расійскія і кітайскія ваенныя караблі правялі сваё першае сумеснае патруляванне ў заходняй частцы Ціхага акіяна. Яшчэ праз месяц, у лістападзе, паўднёвакарэйскія вайскоўцы заявілі, што паднялі ў паветра знішчальнікі пасля таго, як два кітайскія і сем расійскіх ваенных самалётаў уварваліся ў зону апазнавання іх СПА падчас таго, што Пекін назваў «рэгулярнымі трэніроўкамі».
Незадоўга да расійскага ўварвання ва Украіну 24 лютага Пекін і Масква абвясцілі аб партнёрстве «без абмежаванняў», хоць афіцыйныя асобы ЗША заяўляюць, што не бачылі, каб Кітай ухіляўся ад санкцый ЗША ў дачыненні да Расіі або пастаўляў ёй ваенную тэхніку.