Тышкевіч: «Адзін мой сусед выйшаў папаліць — яго застрэлілі, другі выносіў смецце — яго застрэлілі»

Што цешыла? Пасля першай начоўкі з'язджалі восем машын з расіянамі — вярнуліся ўжо пяць. На наступную ноч вярнулася чатыры, — расказаў Ігар Тышкевіч.

ihar_tyszkevicz.jpg

Беларускі аналітык з Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч нядаўна змог выехаць з пасёлку Ворзеля, які знаходзіцца каля Ірпеня. У пасёлак ўвайшлі расейскія акупанты.

— У Беларусі распаўсюджана тэза ў афіцыйных каналах, якую яны паўтараюць за расіянамі, што тыя не ваююць з мірным насельніцтвам. Я прывяду прыклад майго жылога комплексу, — дзеліцца Ігар асабістымі жудаснымі назіраннямі. — На момант увахода рускіх на тэрыторыю нашага комплексу ў сваіх кватэрах засталіся каля 40 чалавек. Чатырох яны забілі. Ні адзін з іх не быў ахвярай выпадковага стрэлу або выпадковага выбуху. Усе былі застрэленыя.

Адзін выйшаў папаліць — яго застрэлілі. Адзін выносіў смецце — яго застрэлілі. Адзін сядзеў дома, акупанты ехалі і палічылі, што ў вокнах ёсць нейкі рух, і проста расстралялі вокны. Аднаго пасля вывелі з падвала і расстралялі.

Вось так — чатыры чалавекі, дзесяць адсоткаў. Калі гэта так званая "дэнацыфікацыя", то чым яна адрозніваецца ад нацызму, які дэманстравала гітлераўская Нямеччына?

Вось што Ігар расказвае на сваім канале пра асабістае сутыкненне з расіянамі, якія правяралі жыхароў яго дома, а таксама заставаліся начаваць у іх і суседніх дамах.

— З тых, хто к нам заходзіў, чачэнцаў не было. Хутчэй, гэта выхадцы з еўрапейскай часткі Расіі. Па стане — розныя. Першыя, якія ўварваліся, гэта рэальна тыя, у каго прапаганда з усіх вушэй. Мяне вырашылі не расстрэльваць, маўляў, што я, беларус, доўга жыву ў гэтым пекле, маючы на ўвазе Украіну.

Я ім адказаў на гэта: хлопцы, да таго, як вы прыехалі, гэты рэгіён мала быў падобны на пекла. У выніку ледзь не нарваўся…

Калі гэтыя сышлі, потым прыходзіў нейкі кіроўца БМП або БТР, увесь цёмны, спачатку я думаў, што гэта негр. Аказалася, што гэта сажа, і яны толькі выйшлі з-пад абстрэлу.

Потым яны пакідалі сваю тэхніку і прыходзілі начаваць да жыхароў, кожны раз выбіраючы новую кватэру. Таму што яны марадзёрылі, прычым капітальна. Не грэбавалі нават жаночымі рэчамі. Тэхніку, якую не маглі панесці, разбівалі. Здзекаваліся з людзей.

Што цешыла? Пасля першай начоўкі з'язджалі восем машын — вярнуліся ўжо пяць. На наступную ноч вярнулася чатыры, — расказаў Ігар.

Асабіста да яго ў кватэру начаваць акупанты не прыходзілі, верагодна, з-за жывёл, лічыць беларус. У яго тры ката. Разам з імі Ігар змог уратавацца, з’ехаўшы з суседам на цалкам прастрэленай машыне.