Чаму беларусы павінны дапамагаць украінцам?

Тое, што Украіна ваюе і за нас, за Беларусь — гэта не зусім лозунг і не зусім метафара. Асабліва калі паглядзець на тое, як свет падчас вайны пачаў знаёміцца з Украінай, яе гісторыяй і трагічным шляхам, які прывёў да цяперашняга стану, піша ў блогу на Св*бодзе Алесь Чайчыц.

Фота з Twitter

Фота з Twitter


Чытаю, як у вядомым часопісе New Yorker апавядаецца пра досвед русіфікацыі, такі знаёмы для кожнага беларуса: «Украінскую мову я вучу гэтак жа сама, як мае дзяды і бабулі вучылі расійскую».

На першых паліцах кнігарняў у многіх еўрапейскіх гарадах — кнігі аб гісторыі Украіны. Еўрапейскія тэлеканалы здымаюць дакументальныя фільмы пра Украіну. Паўсюль чытаюцца лекцыі пра Украіну і яе гісторыю — такую лекцыю можна было наведаць нават у зусім маленькім нямецкім мястэчку, дзе я цяпер жыву.

Беларусы біліся за тое, каб з імі лічыліся ў свеце, на працягу апошніх трыццаці гадоў (а можа, і ста — гледзячы як лічыць) — і ўсё марна. Ніхто не хацеў нас заўважаць і паглыбляцца ў нашы праблемы.

Цяпер мы прынамсі атрымалі пункт, ад якога можна адштурхнуцца, калі расказваеш пра Беларусь іншаземцам. Чым больш зразумелай свету робіцца Украіна, тым больш зразумелай яму робіцца і Беларусь.

Бо Беларусь — гэта як Украіна, толькі нашмат трагічней.

Беларусь стала першай з краінаў — суседак Расіі ахвярай бальшавікоў у 1918 годзе: раней за Украіну, Польшчу і краіны Балтыі.

Беларусь раней за Украіну стала ахвярай і расійскага імперыялізму ў 90-я, калі ельцынскі ўрад паспрыяў дзяржаўнаму перавароту, які Лукашэнка ажыццявіў у 1995–1996 гадах, у выніку якога Беларусь ужо тады ператварылася ў адну вялікую «ДНР». Беларусь з 90-х гадоў знаходзіцца пад уладай прарасійскага аўтарытарнага рэжыму, які абслугоўвае расійскія інтарэсы і ў якасці сваёй ідэалогіі кіруецца чымсьці блізкім да расійскага імперскага нацыяналізму.

Беларусь, як і Украіна, з’яўляецца аб’ектам расійскай каланізацыі і агрэсіі на працягу стагоддзяў. Але, у адрозненне ад Украіны, у выпадку з Беларуссю расійскі імперыялізм праз больш жорсткія рэпрэсіі і праз меншы памер краіны амаль што дасягнуў сваёй канчатковай мэты.

Беларуская мова знаходзіцца пад пагрозай знікнення, воля да супраціву ў беларускага грамадства задушаная. Ёсць дастатковая колькасць лаяльных Расіі русіфікаваных манкуртаў з ліку беларусаў, якія робяць непатрэбнай акупацыю Беларусі расійскімі войскамі і здольныя самі забяспечваць фактычны расійскі кантроль над усёй Беларуссю, а не толькі над асобнымі рэгіёнамі, як ва Украіне.

Беларусь — гэта вельмі мяккая форма таго, што было б ва Украіне ў выпадку, калі б Пуцін раптам перамог.

Лепшая зразумеласць Беларусі свету па аналогіі з Украінай — гэта, здавалася б, дробязь, але з такіх дробязяў цягам апошняга стагоддзя крок за крокам і выпакутоўвалася беларуская незалежнасць. І гэта хіба яшчэ адна важная прычына, чаму мы павінны дапамагаць Украіне бараніць яе незалежнасць.

Украіна для Беларусі служыць своеасаблівым таранам у свеце. Перамога Украіны — непазбежная перамога — будзе перамогай і Беларусі. Хоць і не канчатковай.