424-ты дзень вайны. Пуцін не дазваляе расійскім войскам перайсці ў абарону

У вайны няма выходных. Расійскія войскі працягваюць спробы ўзяць Бахмут, па-ранейшаму абстрэльваюць грамадзянскае насельніцтва. Абаронцы Украіны тым не менш не толькі стрымліваюць атакі, але і адбіваюць некаторыя тэрыторыі.

Фота з pedfire.com

Фота з pedfire.com


Бахмут і Мар’інка

Войскі РФ асноўныя намаганні засяродзілі на вядзенні наступальных дзеянняў на Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. Сілы абароны адбілі 58 нападаў на названых участках фронту, паведаміў Генеральны штаб Украіны ў ранішняй зводцы 23 красавіка.

На Валынскім і Палескім напрамках аператыўная абстаноўка без істотных змен.

Усяго за мінулыя суткі войскі РФ нанеслі восем ракетных і 37 авіяцыйных удараў, а таксама здзейснілі каля 45 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах.

«Ёсць загінулыя і параненыя сярод грамадзянскага насельніцтва, разбураныя і пашкоджаныя прыватныя жылыя дамы і іншая грамадзянская інфраструктура. Верагоднасць далейшых ракетных і авіяцыйных удараў па ўсёй тэрыторыі Украіны застаецца высокай», — падкрэслілі ў Генштабе.

Самыя жорсткія баі працягваюцца за Бахмут і Мар'інку.

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што дэсантна-штурмавыя атрады «Вагнера» захапілі тры кварталы на захадзе Бахмута. Расійскія блогеры сцвярджалі, што расійскія войскі прасунуліся ў паўднёвым і цэнтральным Бахмуце, а таксама бліжэй да школы алімпійскага рэзерву ў заходнім Бахмуце.

Тым не менш амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) зазначае, што яшчэ не назіраў візуальнага пацвярджэння далейшага прасоўвання расійцаў па горадзе.

Геалакацыйныя кадры паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся да трасы O0506 на паўночны захад ад Хромавага (непасрэдна на захад ад Бахмута). Расійскія блогеры сцвярджалі, што баевікі «Вагнера» вядуць штурм дарогі ў гэтым раёне, але расійскія войскі паводле стану на 22 красавіка не ачапілі Бахмут.


Абстрэлы Украіны

За мінулыя суткі акупанты здзейснілі 70 артылерыйскіх абстрэлаў, 4 атакі з РСЗА і 4 з ужываннем БПЛА па населеных пунктах у Запарожскай вобласці. Раненні атрымаў адзін чалавек.

У ноч на 23 красавіка войскі РФ нанеслі ракетныя ўдары па Харкаве і Харкаўскай вобласці, зафіксаваныя пашкоджанні. У Харкаве адна з ракет трапіла ў зямлю. Яшчэ адна ракета, верагодна, разарвалася ў паветры над тэрыторыяй агародніннай фабрыкі. Пашкоджаныя цяпліцы, працоўныя цэхі.

Акрамя таго, вораг атакаваў сяло Катляры ў Харкаўскім раёне. «Разбураныя два і пашкоджаныя дзесяць прыватных дамоў, адзін гараж і чатыры аўтамабілі. Адбыліся пажары. Абышлося без пацярпелых», — паведаміў кіраўнік рэгіёну Алег Сінегубаў.

За мінулыя суткі армія РФ 54 разы абстраляла Херсонскую вобласць, паведаміў 23 красавіка кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін. Вораг выпусціў па жылых кварталах гарадоў і вёсак рэгіёну 236 снарадаў з цяжкай артылерыі, БПЛА і авіяцыі. Херсон трапіў пад абстрэлы два разы. «Праз расійскую агрэсію адзін чалавек загінуў, двое атрымалі раненні», — сказаў ён.

На працягу 22 красавіка расійскія акупанты здзейснілі абстрэлы 5 памежных грамад Сумскай вобласці, зафіксавана 64 «прылёты» з мінамётаў і артылерыі.

Інфаграфіка: Генштаб УСУ

Інфаграфіка: Генштаб УСУ


Украіна вызваляе тэрыторыі

Эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) у свежай справаздачы не выключаюць, што Узброеным сілам Украіны ўдалося зайсці на левы бераг Дняпра ў Херсонскай вобласці.

Яны вывучылі геалакацыйныя кадры, якія далі расійскія «ваенкоры» і блогеры 22 красавіка. Паводле гэтых здымкаў, УСУ занялі пазіцыі на ўсходнім беразе Дняпра на поўнач ад Алешак, якія знаходзяцца прыкладна 7 км на паўднёвы захад ад Херсона, і змаглі прасунуцца да паўночнай ускраіны населенага пункта на трасе Е97, а таксама на захад ад Дачы — 10 км на поўдзень.

Акрамя таго, як сцвярджае яшчэ адзін расійскі «ваенкор», украінскія вайскоўцы ўзялі пад кантроль некаторыя выспы на паўднёвы захад ад Херсона.


Расійцы хочуць сысці ў абарону

У справаздачы інстытута адзначаецца, што міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу і начальнік Генштаба генерал арміі Валерый Герасімаў, верагодна, усведамляюць пагрозу ўкраінскага контрнаступлення, але па патрабаванні Пуціна працягваюць адпраўляць кантрактнікаў для ўзмацнення бессэнсоўных наступальных аперацый.

Крыніцы ў Крамлі раней паведамлялі, што Пуцін аддае перавагу лаяльнасці над кампетэнтнасцю, і гэта перашкаджае Шайгу і Герасімаву засяродзіцца на стварэнні аптымальных умоў для эфектыўнай абароны — ім даводзіцца марнаваць элітныя падраздзяленні ва ўпартых баях на знясіленне дзеля нязначнай выгады.

У той жа час паведамляецца, што напярэдадні патэнцыйнага ўкраінскага наступу расійскае ваеннае камандаванне вымушана ўзмацняць пазіцыі ў Крыме за кошт адпраўкі туды прызыўнікоў.

ISW раней адзначаў, што ў траўні 2022 года Шайгу і Герасімаў не змаглі пераканаць Пуціна абвясціць мабілізацыю, нягледзячы на тое, што Расія на той момант вельмі мела ў ёй патрэбу для аднаўлення сіл.

Магчыма, расійскае вайсковае камандаванне часткова наладзіла нацягнутыя стасункі з кіраўніком ПВК «Вагнер» Яўгенам Прыгожыным, каб праз расійскую інфармацыйную прастору пераканаць Пуціна спыніць наступальныя аперацыі, мяркуюць у ISW.

Брытанская выведка, наадварот, адзначае растучую канкурэнцыю паміж Міністэрствам абароны РФ і ПВК «Вагнер», якія спаборнічаюць за мужчын прызыўнога ўзросту.

У Брытанскай выведцы заўважылі, што Мінабароны РФ нядаўна запусціла новую рэкламную кампанію па прызыву добраахвотнікаў. Рэклама з'явілася ў сацсетках, на білбордах і тэлебачанні. «Новая рэклама звяртаецца да мужчынскага гонару патэнцыйных навабранцаў, звяртаючыся да “сапраўдных мужчын”, а таксама падкрэсліваючы фінансавыя перавагі далучэння», — гаворыцца ў паведамленні.

Пры гэтым расійцаў прызыўнога ўзросту таксама актыўна вярбуюць «вагнераўцы», паколькі ім абмежавалі доступ да расійскіх турмаў.

Брытанская выведка сумняваецца, што Мінабароны РФ удасца набраць 400 тысяч добраахвотнікаў. «Улады (Расіі) амаль напэўна імкнуцца адкласці любую новую, адкрытую абавязковую мабілізацыю як мага даўжэй, каб мінімізаваць унутраныя іншадумствы», — кажуць выведнікі.

Паводле ВВС; РБК-Украіна; Карэспандэнт; Украінская праўда