Эксперт ISW: Пры ўварванні ва Украіну Узброеныя сілы Беларусі былі б цалкам знішчаныя

Аналітык Амерыканскага Інстытута вывучэньня вайны (ISW) Джордж Бэрас у інтэрв’ю Радыё Св*бода расказаў, ці зможа Расія скарыстаць у гэтай вайне беларускія войскі, ці варта чакаць ад Пуціна загаду на ядзерны ўдар і ці можа ён быць нанесены з беларускай тэрыторыі. Прыводзім найбольш цікавыя вытрымкі з інтэрв’ю.

Фота heywownews.com

Фота heywownews.com


Амерыканскі Інстытут вывучэньня вайны (Institute for the Study of War; ISW) — аналітычны цэнтар, які месьціцца ў Вашынгтоне, у лістападзе 2021 году апублікавалі звесткі пра падрыхтоўку Расіяй уварвання ва Украіну. З таго часу ISW аўтарытэтна публікуе штодзённыя аналітычныя справаздачы па вайне. І да яго высноў прыслухоўваюцца.


«Расейцы вялі маштабны наступ, але ён праваліўся»

— Калі мы глядзім на тое, што адбывалася на вайне ва Ўкраіне апошнія некалькі месяцаў, можа зьявіцца ўражаньне, што там патавая сытуацыя. Ці правільнае гэтае ўражаньне, або насамрэч там цяпер схаваныя падзеі, якія вызначаць будучыню гэтай вайны?

— Такой сытуацыі няма. Калі шчыра, мы ня згодныя з ацэнкай, што ў баявых дзеяньнях патавая сытуацыя. У апошнія некалькі месяцаў, пачынаючы зь лістапада, калі расейскія войскі выйшлі з Херсону, мы назіралі ня патавую сытуацыю, а пазыцыйныя баявыя дзеяньні, пазыцыйнае змаганьне.

Расейскія войскі працягвалі ваяваць, хаця ўмовы на пазыцыях былі непрыдатныя для манэўраў. Але мы пабачылі, што расейцы працягваюць вялікія наступальныя апэрацыі. Яны разьмясьцілі падразьдзяленьні шасьці дывізій, каб ваяваць у Луганскай вобласьці ўздоўж лініі Сватава — Крамянная. Гэтыя падразьдзяленьні працягваюць наступальныя апэрацыі ад студзеня па цяперашні час.

Цікава, што яны не дасягнулі нейкага значнага посьпеху, яны прасунуліся вельмі мала і павольна. Але гэта ня значыць, што склалася патавая сытуацыя. І, вядома ж, тое, як украінскія сілы здолелі сыстэматычна разбураць расейскія сілы і ў Луганскай вобласьці, а таксама ў Бахмуце і агулам у Данецкай вобласьці, стварае ўмовы для імавернай наступнай фазы баявых дзеяньняў — украінскага контранаступу гэтым летам.

Наперадзе ўсё яшчэ вырашальнае змаганьне. Змаганьне працягваецца, мы пакуль што ня ў патавай сытуацыі, і, шчыра кажучы, такой сытуацыі пакуль што не было.

— Фактычна вы кажаце, што расейцы паспрабавалі правесьці маштабны наступ, але ён праваліўся. Ці правільна я вас разумею?

— Правільна. Тут трэба ясна выказацца. Ня ўсе паведамленьні пра гэта былі яснымі, але расейцы праводзілі маштабны зімовы наступ. Ён пачаўся ці ў канцы сьнежня, ці на пачатку студзеня ў Луганскай вобласьці. Там мы пабачылі, што расейцы спрабуюць прасунуцца ад Крамянной і Сватава ў заходнім кірунку, каб зьменшыць ціск, створаны ўкраінскім наступам, які адбыўся ў верасьні 2022 году з харкаўскага кірунку.

Мы ведаем, што расейцы задзейнічалі там значныя вайсковыя падразьдзяленьні. Там былі падразьдзяленьні 1-й гвардзейскай танкавай арміі, 4-й гвардзейскай танкавай дывізіі, 47-й танкавай дывізіі. Вядома ж, там былі і падразьдзяленьні расейскіх паветрана-дэсантных войскаў — 76-я дэсантна-штурмавая дывізія — а таксама значныя падразьдзяленьні 3-й мотастралковай дывізіі.

Усё гэта значыць, што расейцы задзейнічалі значную колькасьць сваіх войскаў для баявых дзеяньняў у гэтым рэгіёне. Але практычна ніхто не паведамляў пра гэта як пра значны наступ, бо расейцы там мала і павольна прасунуліся. Мы самі спазьніліся — вызначылі, што гэта наступ, толькі ў лютым.

Мы зразумелі, што калі наступ ідзе няўдала, гэта ня значыць, што яны не праводзяць наступу.

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг на выставе разбітай расійскай тэхнікі ў Кіеве. Фота з dailysabah.com

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг на выставе разбітай расійскай тэхнікі ў Кіеве. Фота з dailysabah.com


«Паміж патрэбамі і пастаўкамі зброі — разрыў у шмат месяцаў»

— Ці бачыце вы дастаткова заходняй падтрымкі ўкраінцаў вайсковай тэхнікай для таго, каб контранаступ быў пасьпяховым?

— Цяжка рабіць тут канкрэтныя прадказаньні. Добра, што Захад зрабіў тыя пастаўкі, якія ўжо адбыліся. Але па шчырасьці, мне хацелася б большага. Я лічу, што заходнія сталіцы могуць зрабіць больш.

Праблема з тым, як Захад дасылае вайсковае абсталяваньне Ўкраіне, у тым, што цыклі плянаваньня паставак зброі не адпавядаюць рэальнасьці на полі бою. На жаль, калі вывучаеш сытуацыю на фронце ва Ўкраіне, робіцца вельмі ясна, дзе ўкраінцам не хапае зброі і дзе ім трэба палепшыць сытуацыю.

І вось украінцы робяць запыт на канкрэтную збройную сыстэму, каб закрыць гэтыя прабелы ў баявых сілах і сродках. У заходніх сталіцах пачынаюцца дэбаты на шмат месяцаў. Пасьля таго, як нарэшце ёсьць пагадненьне пра пастаўкі, трэба рабіць навучаньне і лягістычнае забесьпячэньне, каб перадаць гэта ўкраінцам.

Таму паміж часам, калі зьяўляецца патрэба ў зброі, і часам, калі яе ўжо можна выкарыстоўваць, — велізарны разрыў у шмат месяцаў.

Гэта, напрыклад, добра відаць з сыстэмамі HIMARS, якія мы паслалі. Для ўкраінцаў на фронце была неабходнасьць наносіць удары па расейскіх тылах далей за далёкасьць украінскай палявой артылерыі (а гэта прыблізна 25 кілямэтраў). Гэта было відавочна ад самага пачатку вайны. Але з прычынаў палітычных дэбатаў у заходніх сталіцах і, на маю думку, праз залішнюю стрыманасьць, мы спачатку вырашылі, што гэта непрымальна, што Злучаныя Штаты ня могуць даслаць HIMARS Украіне. «Мы прышлём вам іншыя рэчы, але не прышлём HIMARS».

Як толькі мы даслалі ўкраінцам сыстэмы HIMARS, пачынаючы з чэрвеня, украінцы іх выдатна скарысталі. Яны амаль неадкладна пачалі ўдары па двух мастах цераз Дняпро каля Херсону, і гэта разбурыла ключавыя лініі забесьпячэньня тых 30 тысяч расейскіх вайскоўцаў, якія былі на правым беразе Дняпра на Херсоншчыне.

З дапамогай гэтых сыстэмаў зброі ўкраінцы здолелі зрабіць расейскія пазыцыі ў Херсоне немагчымымі для абароны і прымусілі расейцаў урэшце адступіць. Але бяз гэтай канкрэтнай збройнай сыстэмы такое было б немагчыма.

Сумная рэчаіснасьць у тым, што было шмат фазаў дэбатаў пра тое, якую зброю заходнія сталіцы дадуць Ўкраіне. Калі вярнуцца на сапраўдны пачатак гэтай вайны, у 2014 год, калі адбылося пачатковае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, заходнія сталіцы надзвычай неахвотна давалі ўкраінцам любую зброю.

І кожны раз мы месяцамі вялі дэбаты вакол гэтых збройных сыстэм і ўрэшце пагаджаліся прыслаць іх. Апошнім прадметам дэбатаў былі танкі. Многія заходнія краіны паслалі Ўкраіне танкі, і дзевяць новых украінскіх брыгадаў маюць заходнія танкі. Але вы заўважыце, што амэрыканцы абяцалі прыслаць танкі Abrahams было абяцаньне на батальён, 31 такі танк. Пры гэтым ніводная з украінскіх брыгадаў ня мае гэтых танкаў Abrahams. Проста таму, што Вашынгтон занадта позна прыняў рашэньне паслаць танкі.

Таму я выбачаюся за доўгі адказ, але ці маюць украінцы дастаткова заходняй падтрымкі, каб контранаступ быў пасьпяховым? Гэта залежыць ад таго, якія мэты ўкраінцы будуць ставіць. І я тут ня буду рабіць здагадак, чаго ўкраінцы захочуць дасягнуць у ваенным пляне.

Украінцы маюць добрыя новыя сілы. Расейцы маюць уразьлівыя пазыцыі, і я бачу магчымасьць для значнага апэрацыйнага посьпеху ўкраінцаў. Але ў той жа час я быў бы нават больш упэўнены ў такім посьпеху, калі б Злучаныя Штаты і іншыя заходнія саюзьнікі па-сапраўднаму прыклалі намаганьні, каб забясьпечыць і ўзброіць украінцаў для вырашальнай перамогі.

На жаль, рэальнасьць такая, што мы гэтага не зрабілі.

Фота apostrophe.ua

Фота apostrophe.ua


«Узброеныя сілы Беларусі былі б цалкам зьнішчаныя»

— Што тычыцца другога пытаньня (ці скарыстае Пуцін беларускія Ўзброеныя сілы ўнутры Ўкраіны)... Вельмі верагодна, што не. Прычына ў тым, што Ўзброеныя сілы Беларусі не даюць Расеі дастаткова баявых магчымасьцяў і для расейскага наступу яны ня будуць мець вялікага значэньня.

Калі крытычна паглядзець на тыя часткі беларускіх Узброеных сілаў, якія маюць значэньне, дык пабачым, што ў сухапутных сілах Беларусі ёсьць шэсьць манэўраных баявых брыгад, дзьве зь якіх — паветрана-дэсантныя брыгады. Калі ўспрымаць гэтыя сілы максымальна сур'ёзна і выдзеліць з гэтых шасьці брыгад баявыя кампанэнты, дапусьцім, што ў кожнай брыгадзе можна стварыць па дзьве батальённа-тактычныя групы.

Такім чынам, калі ўзяць усе баявыя сілы беларускага войска, атрымаем 12 батальённа-тактычных групаў. Гэта даволі малая колькасьць, і яе недастаткова, каб перамагаць украінскія брыгады. Гэтага недастаткова, каб зрабіць значны ўплыў на апэрацыйныя магчымасьці расейцаў. І пры гэтым Узброеныя сілы Беларусі былі б цалкам зьнішчаныя.

Мы таксама ведаем, што беларускія падразьдзяленьні ня надта баяздольныя. У іх ніколі не было баявога досьведу, і мы ацэньваем іхную баяздольнасьць ніжэй, чым у расейскіх войскаў. Расейскія войскі мелі баявы досьвед пасьля ўварваньня ва Ўкраіну ад 2014 году, у Сырыі ад 2015 году, у Чачэніі ў 1990-я і гэтак далей. У беларусаў такога досьведу не было.

Але таксама, што найбольш важна, Лукашэнка, паводле нашых ацэнак, захоўвае некаторую ступень кантролю за тым, як выкарыстоўваюцца беларускія войскі. Лукашэнку патрэбны войскі ў Беларусі. Яму патрэбныя гэтыя брыгады, каб абараняць свой рэжым. Бо гэта ключавая частка сілавікоў — вэртыкалі ўлады, пабудаванай ягоным рэжымам.

Мы ведаем, што падчас пратэстаў у жніўні 2020 году Лукашэнка скарыстаў элемэнты 120-й мэханізаванай брыгады, якая месьціцца ў Менску, каб задушыць пратэсты. Гэта ключавая частка стабільнасьці рэжыму. І Лукашэнка ведае, што калі ён дашле гэтыя шэсьць брыгадаў на змаганьне і зьнішчэньне ва Ўкраіне, як здарылася з мноствам расейскіх брыгадаў, ягоная здольнасьць кантраляваць сытуацыю ў Беларусі будзе ў значнай ступені разбураная. І ягоная здольнасьць супрацьстаяць ціску Расеі ў тым, што тычыцца вайсковай інтэграцыі праз «саюзную дзяржаву», таксама будзе разбураная. Таму Лукашэнку трэба захоўваць гэтыя сілы ў Беларусі.


«Расея выкарыстоўвае Беларусь як гіганцкі палігон»

— Вы адказалі на пытаньне пра Ўзброеныя сілы Беларусі. Але ці лічыце вы, што Расея мае рэсурсы і намер пачаць новы наземны напад на тэрыторыю Ўкраіны з поўначы з тэрыторыі Беларусі сваімі ўласнымі сіламі?

— Наземны напад — вельмі верагодна, што не. Расейцы відавочна паспрабавалі гэта зрабіць летась у лютым, і ў іх не атрымалася. У выніку расейскія войскі страцілі вялізную колькасьць баявых сілаў і сродкаў. І яны проста ня маюць рэсурсаў спрабаваць гэта зноў. Яны недастаткова моцныя, каб гэта зрабіць.

Мы таксама ведаем, што цяпер расейскія сілы ў Беларусі ня маюць камандных структураў і сыстэмы забесьпячэньня, неабходных, каб падтрымаць баявыя апэрацыі.

У сакавіку мы рабілі са спадарожніка Maxar здымкі асноўнага беларускага палігону — 230-га агульнавайсковага палігону Обуз-Лясноўскі непадалёк ад Баранавічаў. І мы пабачылі, што прысутнасьць расейскіх войскаў на палігоне зьменшылася. Значная частка зь іх — намёты, танкі, палявы шпіталь — перадысьлякаваліся зь Беларусі назад у Расею.

І гэта лягічна. Расея выкарыстоўвае Беларусь як гіганцкі палігон. Як вы ведаеце, праз «саюзную дзяржаву» і праз вайсковае супрацоўніцтва Беларусь і Расея маюць агульную ваенную дактрыну. Ад 2020 году яны праводзілі сумесныя вучэньні вельмі інтэнсіўна. У іх вельмі шчыльнае ўзаемадзеяньне — можна ўзяць беларускую дэсантную роту і расейскую дэсантную роту і абʼяднаць іх у адзін батальён пад расейскім камандаваньнем. І яны ведаюць, як дзейнічаць разам.

Таму Расея цяпер напоўніцу выкарыстоўвае навучальны патэнцыял для падрыхтоўкі вясновых прызыўнікоў, новых мабілізаваных, а таксама новых кантрактнікаў. І мы ведаем, што расейцы выкарыстоўваюць беларускіх інструктараў, якія валодаюць ваеннай дактрынай, тактыкай і асноўнымі апэрацыйнымі працэдурамі. І яны карыстаюцца такім самым абсталяваньнем, тымі самымі БМП ды іншай тэхнікай.

Новых расейскіх прызыўнікоў пасылаюць у Беларусь і вучаць там на палігонах. Мы бачым гэта ўжо некаторы час. Яны трэнуюцца там, а потым вяртаюцца ў Расею, а адтуль едуць ва Ўкраіну.

Для наступу на Ўкраіну зь Беларусі таксама ёсьць геаграфічныя перашкоды, бо ёсьць прыпяцкія балоты. Гэта вельмі стрымлівае манэўры мэханізаваных падразьдзяленьняў, танкаў, цяжкага абсталяваньня. Ёсьць толькі некалькі дарог, па якіх можна рабіць такія перамяшчэньні.

Расейцы паспрабавалі гэта зрабіць летась у лютым — асноўныя перамяшчэньні на поўдзень былі з Гомельскай вобласьці ў Кіеўскую вобласьць праз Чарнобыльскую зону адсяленьня, і для іх гэта ня скончылася добра.


«Расейцам даводзіцца эканоміць»

— У першыя месяцы вайны расейцы рэгулярна абстрэльвалі тэрыторыю Ўкраіны ракетамі з тэрыторыі Беларусі. У апошнія месяцы гэтага не адбываецца. Ці лічыце вы, што гэта проста ваенныя разьлікі, ці тут таксама ёсьць нейкія палітычныя фактары? Бо былі чуткі, што Ўкраіна дала сыгнал Лукашэнку, што будуць удары ў адказ, калі будуць працягвацца ўдары зь беларускай тэрыторыі.

— Тут я ня ўпэўнены. Я думаю, што галоўны фактар зьвязаны з агульнай расейскай паветранай кампаніяй. Нейкі час расейскай групоўкай ва Ўкраіне камандаваў генэрал Суравікін — камандуючы Паветрана-касьмічнымі сіламі. І ён кіраваў зімовай кампаніяй абстрэлаў супраць украінскай цывільнай інфраструктуры.

Ён інтэнсіўна выкарыстоўваў расейскія кіраваныя боепрыпасы, бесьпілётныя апараты, крылатыя ракеты і гэтак далей — і пры гэтым не дасягнуў значных апэрацыйных вынікаў. Мы ведаем, што дзякуючы санкцыям і абмежаваньням прамысловага базісу ў Расеі расейцы цяпер маюць менш боепрыпасаў, якімі можна весьці абстрэлы.

Ім цяпер даводзіцца эканоміць. І часткай гэтай эканоміі можа быць тое, што яны не вядуць абстрэлаў зь беларускай тэрыторыі. Я ня ведаю, наколькі зьмяншэньне зафіксаваных абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі выклікана фактарам нейкіх палітычных сыгналаў ці пагрозаў, ці расейцы проста эканомяць, бо ў іх цяпер абмежаваньні з пастаўкамі.


«Пуцін разбурыў перамоўныя пазыцыі Лукашэнкі»

— Наколькі сурʼёзным фактарам вы лічыце нядаўнюю заяву расейскага прэзыдэнта Пуціна, што Расея разьмесьціць у Беларусі сваю ядзерную зброю?

— Я думаю, што гэта насамрэч ня вельмі значна ў сэнсе ядзернага стрымліваньня ці зьмены ў разьмяшчэньні ядзернай зброі на ўсходнім флянгу NATO. Бо няма цэляў, якія маглі б быць пад ударам расейскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, але пры гэтым не былі б пад ударам той зброі, якая ўжо разьмешчаная на асноўнай тэрыторыі Расеі і ў Калінінградзкай вобласьці.

Таму з ваеннага гледзішча гэта ня нейкая стратэгічная тэрыторыя, якая дае ім доступ да новых цэляў. У гэтай канкрэтнай заяве больш цікава тое, што яна, на жаль, паказвае, наколькі расейцы сыстэматычна атакуюць беларускі сувэрэнітэт.

Мы ведаем, што ў першапачатковым варыянце беларускай Канстытуцыі адзначаецца, што Беларусь — бязьядзерная дзяржава, якая імкнецца да нэўтралітэту. Мы ведаем, што Лукашэнка зрабіў зьмены ў Канстытуцыю. І мы таксама ведаем, што за апошняе дзесяцігодзьдзе пазыцыі Лукашэнкі наконт расейскай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі радыкальна зьмяніліся.

Да 2020 году ў Беларусі было толькі два расейскія вайсковыя абʼекты. Гэта былі радыёлякацыйныя станцыі раньняга апавяшчэньня, але не баявыя злучэньні. Аднак, пачынаючы з восені 2020 году, расейцы амаль увесь час трымаюць у Беларусі баявыя падразьдзяленьні, якія мяняюцца амаль кожны месяц пад выглядам супольных вучэньняў.

І, вядома ж, крыху пазьней расейцы абвясьцілі пра намер стварыць «супольны навучальны цэнтар супрацьпаветранай абароны» на Горадзеншчыне, дзе расейцы разьмяшчаюць сыстэмы С-300, і я падазраю, што таксама і С-400. І гэты «навучальны цэнтар» — фактычна сталая расейская вайсковая база.

Можна знайсьці інтэрвію Лукашэнкі за 2015 год БелТА, ТАСС, газэце «Известия», дзе ён ясна казаў, што «нам ня трэба расейскія сілы ўнутры Беларусі, нам ня трэба даваць ім доступ да нашых аэрадромаў і авіяцыйных базаў».

І ў апошнія 3 гады вельмі сумна тое, як Пуцін разбурыў перамоўныя пазыцыі Лукашэнкі і прымусіў таго да саступак у сфэры інтэграцыі ў «саюзную дзяржаву», а таксама да фактычнага апэрацыйнага падпарадкаваньня расейскім Узброеным сілам.

Перамяшчэньне расейскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусь робіць дадатковы ўнёсак у гэта, хоць і не мяняе рэальнай сытуацыі зь ядзернай бясьпекай.

— Некаторыя экспэрты выказваліся наконт заяваў Пуціна скептычна, кажучы, што няма спадарожнікавых здымкаў, якія б паказвалі, што ў Беларусі сапраўды будуюць сховішчы для ядзернай зброі. Вы падзяляеце такі скептыцызм? Ці можа гэта быць проста пагрозамі з боку Пуціна?

— Гэта магчыма. Пуцін абвясьціў пра намер разьмясьціць зброю, але, наколькі я разумею, пакуль што гэтага не зрабіў. Я таксама бачыў меркаваньні пра адсутнасьць спадарожнікавых здымкаў, якія б паказвалі, што ў Беларусі сапраўды будуюць сховішчы для ядзернай зброі. Я гэта прымаю.

Гэта можа быць проста пагрозай, але таксама ён можа разьмясьціць такую зброю. І для яго гэта будзе пасьлядоўным крокам, калі ўлічыць узровень вайсковай інтэграцыі і ўсё большую вайсковую расейскую прысутнасьць у Беларусі.

Магчыма, што зброю не разьмесьцяць да ліпеня, як раней заяўляў Пуцін. Але гэта могуць зрабіць пазьней. І Пуцін можа скарыстаць гэта як сыгнал Захаду, як частку расейскай інфармацыйнай эскаляцыі. Мэтай будзе зьменшыць заходнюю падтрымку Ўкраіны.


«Было шмат выпадкаў, калі Пуціну давялося зьмірыцца са стратамі»

— Маё апошняе пытаньне тэарэтычнае, але яно ўсё адно палохае — некаторыя экспэрты казалі, што Расея можа скарыстаць тактычную ядзерную зброю, калі расейскае кіраўніцтва пабачыць, што відавочна прайграе ва Ўкраіне. Ці вы бачыце гэта як рэалістычны сцэнар? А таксама ці памяняе нешта ў разьліках, калі Расея скарыстае тактычную ядзерную зброю супраць Украіны з тэрыторыі Беларусі?

— Мы ня можам цалкам выключаць магчымасьці, што Расея скарыстае ва Ўкраіне тактычную ядзерную зброю. Пры гэтым мы вельмі сурʼёзна абдумвалі гэта пытаньне і мы лічым, што гэта вельмі малаімаверна. Мы лічым гэта малаімаверным, бо Пуцін не разважае ў апакаліптычных катэгорыях. І, на нашую думку, лёгіка ўзаемна гарантаванага зьнішчэньня застаецца ў сіле.

Пуцін разумее, што ЗША і Захад вызначылі ясныя прынцыпы і «чырвоныя лініі», а таксама тое, да чаго прывядзе выкарыстаньне Расеяй ядзернай зброі ва Ўкраіне. А гэта б значыла поўную паразу звычайных Узброеных сіл Расеі.

Мы таксама ведаем, што Пуціна можна прымусіць зьмірыцца са стратамі. Я лічу, што гэта памылковае ўяўленьне, што калі Пуцін прайграе і ня будзе мець магчымасьці «захаваць твар», ён адкажа ядзернай зброяй.

Было шмат выпадкаў, калі Пуціну давялося зьмірыцца са стратамі. І кожны раз ён не ішоў на эскаляцыю. Ён прымаў страты і зьміраўся зь імі. Расейскае Міністэрства абароны знайшло спосаб патлумачыць, чаму не атрымалася ўзяць Кіеў, калі ім давялося адступіць у сакавіку і красавіку 2022 году. Суравікін і Міністэрства абароны здолелі патлумачыць, чаму ім давялося адступіць з Херсону ў лістападзе.

Расейскія Ўзброеныя сілы ня мелі падрыхтаванага адказу, чаму яны атрымалі паразу на Харкаўшчыне. І я вельмі ясна памятаю дзіўны пэрыяд з трох дзён, калі Скабеева на расейскай дзяржаўнай тэлевізіі і расейскія дзяржаўныя мэдыя агулам ня мелі яснай вэрсіі, як рэагаваць на падзеі на Харкаўшчыне. А потым Скабеева выйшла і сказала (можна знайсьці відэа): «Так, мы атрымалі ваенную паразу, і нам трэба вынесьці з гэтага правільныя ўрокі».

І гэтыя выпадкі паказваюць, што так, украінцы могуць перамагаць расейскія войскі, і не, гэта ня значыць, што Пуцін скарыстае ядзерную зброю. Бо на стратэгічным узроўні вайны расейцы ўжо атрымалі правал. Яны ўжо не захопяць Кіеў. Гэта ўжо не пытаньне для абмеркаваньня, ці захопяць расейцы Кіеў, ці здолеюць яны захапіць усю Ўкраіну. Цяпер пытаньні для дэбатаў — гэта канкрэтныя апэрацыі і тактыка: як расейцам захаваць тую тэрыторыю, якую яны ўжо захапілі і як украінцам вызваліць сваю тэрыторыю ад расейскіх войскаў, якія ўжо атрымалі паразу.

Выкарыстаньне Пуціным тактычнай ядзернай зброі не дапаможа яму дасягнуць сваіх ваенных мэтаў. Ён ня здолее скарыстацца гэтым, каб захапіць больш тэрыторыі. Расейцы папросту ня маюць патэнцыялу для наступу. І Пуцін ведае, што калі ён такое зробіць, дык гэта напэўна прывядзе да зьнішчэньня расейскіх Узброеных сілаў.

Пуцін не разважае ў апакаліптычных катэгорыях. Ён усё яшчэ абмежаваны рацыянальнымі рамкамі.

— Ці мяняе нешта ў гэтых разьліках гіпатэтычнае выкарыстаньне ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі, ці яны застаюцца такімі ж?

— Я думаю, што ў асноўным яны застаюцца такімі ж. Калі б расейцы нанесьлі ўдар тактычнай ядзернай зброяй па Ўкраіне з тэрыторыі Беларусі, я падазраю, што магчымы заходні адказ у форме ракетных удараў, каб зьнішчыць расейскія сілы, таксама быў бы па расейскіх сілах і па расейскіх базах у Беларусі. Гэта толькі здагадкі, але я падазраю, што гэта была б адзіная розьніца.

Друкуецца ў скароце і з захаваннем правапісу арыгіналу.