Украінская выведка: расійскія вайскоўцы ў Беларусі хварэюць праз антысанітарыю
На тэрыторыю Беларусі працягваюць паступаць падраздзяленні з РФ, якія пераважна складаюцца з так званых «часткова мабілізаваных» грамадзян. Іх галоўная задача — падрыхтоўка матэрыяльнай базы і месцаў для размяшчэння акупацыйных войскаў.

Між тым, самі мабілізаваныя вымушаныя жыць у непрыстасаваных умовах, пераважна ў палявых палатках без належных санітарных умоў, што прыводзіць да распаўсюджвання хвароб, пішуць Белнавіны са спасылкай на Галоўнае ўпраўленне выведкі Мінабароны Украіны.
«Цяпер сярод гэтых вайскоўцаў адзначаецца маштабная ўспышка розных захворванняў. У асноўным гэта захворванне дыхальных шляхоў (бранхіт, ангіна, пнеўманія, абвастрэнне астмы) і інфекцыі страўнікава-кішачнага тракту. У цяперашні час маштабы захворванняў такія, што беларускія медыкі не здольныя справіцца з імі. Акупанты вымушаныя ў тэрміновым парадку адпраўляць у Беларусь вайскоўцаў і мабілізаваных медыкаў з РФ», — кажуць у ГУР.
Адзначаецца, што найбліжэйшым часам чакаецца прыбыццё чарговай партыі медыцынскіх супрацоўнікаў на 230 агульнавайсковы палігон Заходняга аператыўнага камандавання (Абуз-Лясноўскі). Успышку захворванняў на ім таксама звязваюць з невыкананнем элементарных патрабаванняў для ваенных лагераў па забеспячэнні гігіены, якаснага харчавання і медыцынскага забеспячэння.

Таксама ў Беларусі расце напружанасць паміж ваеннымі дзвюх дзяржаў. Шматлікія канфліктныя сітуацыі звязаныя з грэблівым стаўленнем расійскіх вайскоўцаў да беларусаў. Ваенная міліцыя РБ не можа стрымліваць супрацьпраўныя паводзіны расійцаў.
«У прыватнасці, у дакладных запісках паказваецца на грэблівыя выказванні і паводзіны расійцаў адносна беларусаў. Колькасць прэцэдэнтаў хутка расце, што прыводзіць да некантралюемай эскалацыі напружання ў Беларусі», — гаворыцца ў паведамленні.