Турцыя не пусціла расійскія ваенныя караблі ў Чорнае мора. Яны вяртаюцца ва Уладзівасток

Караблі расійскага Ціхаакіянскага флоту з пачатку лютага чакалі ад турэцкіх уладаў дазволу перасекчы Басфор, каб увайсці ў Чорнае мора, але Анкара так і не дазволіла ім гэтага зрабіць.

czaxos5yywrpa2fslnj1l2k2mdcvmtywms8wmc8zmzy3nze1otviotiuanbnp19fawq9nzi5mjg_.jpg


Караблі, у прыватнасці ракетны крэйсер Ціхаакіянскага флоту «Вараг» і вялікі супрацьлодкавы карабель «Адмірал Трыбуц», былі заўважаныя шыпспотарамі ў нядзелю, 6 лістапада, у сінгапурскім праліве на шляху да месца свайго базавання ва Уладзівастоку, піша ВВС.

«Бачыце літары “Z” і “V” на трубах? Гэта, як у старым анекдоце: “Не спатрэбілася”. І ўсё з-за Турцыі з яе пралівамі. А чакалі 9 месяцаў. Стаміліся, рамантавацца не было дзе, экіпажы здзічэлі», — напісаў кіраўнік маніторынгавай групы Інстытута чарнаморскіх стратэгічных даследаванняў Андрэй Кліменка.

Па яго звестках, «Вараг» і «Адмірал Трыбуц» стаялі ў Міжземным моры з 2 лютага і рыхтаваліся да перакідкі ў Чорнае мора, каб атакаваць украінскую тэрыторыю.

Шыпспотынг — гэта новая забаўка, назіранне за караблямі. Ад ship — карабель, to spot — «убачыць, апазнаць, засекчы». Гэта калі людзі назіраюць за караблямі, фатаграфуюць іх, выкладваюць на сайты з указаннем, дзе і калі заўважылі судна, як яно называецца.