Расія не спыніцца: яна хоча пазбавіць суверэнітэту краіны Цэнтральнай Еўропы

Расія — гэта экзістэнцыйная пагроза. Намеснік міністра замежных спраў Літвы Явіта Нелюпшэнэ лічыць, што Захад доўгі час адмаўляўся ўспрымаць рэальнасць таго, кім з'яўляецца Расія. І менавіта гэта не дазволіла прадухіліць цяперашняе развіццё падзей — таму што рускае грамадства і цяпер падтрымлівае знешнюю агрэсію.

Фота Аляксандр Лібертад.

Фота Аляксандр Лібертад.


Пра гэта Явіта Нелюпшэнэ заявіла падчас выступу на ўкраінскім цэнтральнаеўрапейскім форуме ў Львове, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Паводле слоў намесніцы міністра замежных спраў, гісторыя даказала правільнасць папярэджанняў з боку Літвы, якія партнёры раней ігнаравалі: «Мы мелі рацыю, калі папярэджвалі Захад наконт Расіі. Мы дзесяцігоддзямі папярэджвалі Захад, што Расія — гэта не партнёр, не канкурэнт і нават не праціўнік. Расія — гэта экзістэнцыйная пагроза».
Літоўская дыпламатка адзначыла, што расійская агрэсія не абмяжоўваецца Украінай. Як раней дзяржавы Захаду павінны былі (але не змаглі) пачуць довады, што Расія можа напасці на суседзяў, такіх, як Украіна, так і цяпер яны павінны ўсвядоміць, што агрэсія Расіі патэнцыйна распаўсюджваецца на ўсю Цэнтральную Еўропу.
«Расія не ўспрымае незалежнасць цэнтральнаеўрапейскіх дзяржаў», — падкрэсліла яна.
Агрэсіўная палітыка Расіі не абмяжоўваецца імкненнямі выключна Пуціна, а гэта робіць праблему больш складанай для пераадолення, адзначыла Явіта Нелюпшэнэ. «Там не адзін чалавек кажа, што распад СССР з'яўляецца самай вялікай геапалітычнай трагедыяй. Гэта агульнае мысленне грамадства, — патлумачыла яна. — Мы дапусцілі памылку, калі дазволілі Расіі пазбегнуць дэсаветызацыі».
Па словах дыпламата, цяпер усё больш людзей разумеюць пагрозу. Бо, на яе думку, яшчэ паўтара года таму ў Еўропе быў кансэнсус адносна таго, што ўзровень пагрозы расійскай агрэсіі «не занадта высокі», аднак неўзабаве Расія вырашыла распачаць поўнамаштабную агрэсію ва Украіне.


Варта згадаць, што і прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер усклаў на прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна асабістую адказнасць за развязванне найбуйнейшай вайны ў Еўропе з часоў Другой сусветнай і разбурэнне еўрапейскага парадку бяспекі.