257-мы дзень вайны. Страты расійцаў ва Украіне перавысілі 75 тысяч чалавек — генштаб УСУ
За мінулыя суткі ў Лісічанску быў разбіты чачэнскі батальён «Ахмат», а расійскія ваенныя блогеры паведамляюць пра вялікія страты пад Паўлаўкай.
За мінулыя суткі сілы абароны Украіны адбілі атакі сем нападаў акупантаў на Данеччыне і адну на Луганшчыне. Войскі РФ спрабуюць утрымаць часова захопленыя тэрыторыі і вядуць наступальныя дзеянні на Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Новапаўлаўскім напрамках, паведаміў Генеральны штаб УСУ ў ранішняй зводцы 7 лістапада.
За мінулыя суткі праціўнік нанёс чатыры ракетныя і 24 авіяцыйныя ўдары, здзейсніў больш за 55 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. «Варожым ударам падвергліся раёны 30 населеных пунктаў Запарожскай, Данецкай, Луганскай, Мікалаеўскай, Сумскай і Херсонскай абласцей», — удакладнілі ў Генштабе.
Расійскія ваенныя карэспандэнты паведамляюць аб вялікай колькасці загінулых каля вёскі Паўлаўка ў Данецкай вобласці. Паводле звестак, якія не пацверджаныя афіцыйна, мноства расійскіх вайскоўцаў трапілі ў «агнявы мяшок», многія з іх былі забітыя або параненыя, перадае ВВС.
У Херсоне і яшчэ прыкладна 10 населеных пунктах вобласці адключылася электрычнасць. У абраным абласным савеце рэгіёну заявілі, што гэта адбылося з-за абстрэлу ліній электраперадач з боку расійскіх вайскоўцаў. Акупацыйныя ўлады горада назвалі тое, што адбылося «тэрактам», які нібыта здзейснілі УСУ.
Як паведамляецца ў ранішняй зводцы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW), расійскія войскі працягвалі займаць абарончыя пазіцыі на заходнім (правам) беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці.
Таксама ў ISW пацвярджаюць інфармацыю ўкраінскага Генштаба: расійскія войскі правялі наземныя атакі ў раёне Бахмута, Аўдзееўкі і Угледара, а сітуацыя каля Паўлаўкі на захадзе Данецкай вобласці застаецца цяжкай для расійскай арміі.
Расійскія акупацыйныя ўлады працягвалі спасылацца на пагрозу ўкраінскага ўдару па Кахоўскай ГЭС, каб апраўдаць гвалтоўнае перасяленне мірных жыхароў у Херсонскай вобласці, і працягвалі сілком вывозіць украінскіх дзяцей з акупаваных рэгіёнаў Украіны ў Расію пад выглядам забеспячэння «вакацый».
У ISW таксама адзначаюць, што высокапастаўленыя крамлёўскія чыноўнікі пачалі дээскалацыю сваёй рыторыкі адносна выкарыстання ядзернай зброі ва Украіне. На думку экспертаў, змена рыторыкі паказвае на тое, што высокапастаўленыя расійскія ваеначальнікі і крамлёўскія чыноўнікі, верагодна, у нейкай ступені ўсведамляюць велізарныя выдаткі пры нязначнай аператыўнай выгадзе для Расіі ў выпадку прымянення ядзернай зброі супраць Украіны ці краін NATO.
«Крэмль, па ўсёй верагоднасці, у прыватным парадку растлумачыў сваю ядзерную палітыку з мэтай дээскалацыі адносінаў са Злучанымі Штатамі і іх саюзнікамі. У прыватнасці, дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван кантактаваў з дарадцам Пуціна па знешняй палітыцы Юрыем Ушаковым і сакратаром Савета Бяспекі Мікалаем Патрушавым, спрабуючы знізіць рызыку прымянення ядзернай зброі. Амбасадар Расіі ў Вялікабрытаніі Андрэй Келін таксама адзначыў 26 кастрычніка, што міністр абароны Расіі Шайгу некалькі разоў тэлефанаваў сваім калегам — як паведамляецца, запэўніваючы іх, што Расія не зацікаўленая ў выкарыстанні ядзернай зброі ў вайне супраць Украіны», — гаворыцца ў справаздачы.
Таксама адыграць сваю ролю ў аказанні ціску на Крэмль мог Кітай. Сі Цзіньпін заявіў 4 лістапада, што «міжнародная супольнасць павінна... сумесна супрацьстаяць прымяненню або пагрозе прымянення ядзернай зброі, выступаць за тое, каб ядзерная зброя не ўжывалася і ядзерныя войны не вяліся, каб прадухіліць ядзерны крызіс у Еўразіі».
Паводле Карэспандэнт, ВВС, РБК-Украіна