Расійскія салдаты збеглі з палігона пад Баранавічамі
З палігона «Абуз-Лясноўскі» пад Баранавічамі збеглі некалькі салдат расійскай арміі. Гэта пацвердзілі тэлеграм-каналу, які адсочвае вайсковую актыўнасць у Беларусі, калегі ўцекачоў.

Паводле інфармацыі канала, учора пасля поўдня мясцовыя жыхары бачылі 3-4 мужчын, якія беглі з боку палігона. Пры сабе ў іх быў аўтамат Калашнікава.
Калегі ўцекачоў пацвердзілі каналу, што 30 лістапада каля 15 гадзін трое салдат збеглі з палігона. Аднаго з іх завуць Максім, ён 1996 ці 1997 года нараджэння.
Паведамляецца, што ўчора каля 17:30 аднаго з салдат бачылі пад Баранавічамі за 20 кіламетраў ад палігона.
У Баранавічах з раніцы заўважана «ваенная камендатура» — салдаты з чырвона-зялёнымі нашыўкамі.
Як паведамлялася раней, у Беларусі расійскія вайскоўцы праходзяць курс інтэнсіўнай баявой падрыхтоўкі. Згодна беларускаму Мінабароны, у краіну заехала каля 9000 мабілізаваных у час нядаўняй расійскай «частковай мабілізацыі».